Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Птушыны грып – рызыка для Эўропы


Кастусь Бандарук, Прага Паводле мэдычных экспэртаў, небясьпека пандэміі птушынага грыпу для чалавека рэальная, у выпадку мутацыі штаму H5N1, які можа зрабіць яго заразным для чалавека. На сёньня ніводная краіна ня ў стане засьцерагчыся ад гэтай хваробы, а яе наступствы сярод людзей могуць быць жахлівыя.

У мінулыя выхадныя ў горадзе Вітовэр Фарэ на выспе Ругія быў знойдзены здохлы кот. Аналізы паказалі, што ён памёр ад птушынага грыпу. Гэта першы ў Эўропе выпадак захворваньня млекакормячага ад хворай птушкі ў Эўропе. Два гады таму выпадкі птушынага грыпу былі зафіксаваныя ў Азіі – сярод тыграў ў Віетнаме і Таіляндзе.

Нагадаем, ад птушынага грыпу ўжо памерлі 80 чалавек ў Азіі і Турэччыне.

У аўторак таксама Швэцыя паведаміла, што ў раёне Оскарсгам былі выяўленыя “агрэсіўныя формы птушынага грыпу ў дзікіх птушак”. У Фінляндыі, дзе дагэтуль не было ніводнага выпадку гэтай хваробы ўведзены абавязак трымаць свойскую птушку ў закрытых памяшканьнях. Упершыню на тэрыторыі Эўразьвязу сярод свойскіх птушак вірус быў выяўлены ў Францыі, якая зьяўляецца найбуйнейшым экспартэрам свойскай птушкі. Каля 30 краінаў сьвету ўжо ўвялі забарону на імпарт свойскай птушкі з Францыі.

Забарону на імпарт птушынага мяса лёгка ўвесьці, але ж немагчыма затрымаць на мяжы пералётных птушак. Але зьявілася і аптымістычная інфармацыя. На думку арнітолягаў, галоўнай прычынай пашырэньня птушынага грыпу зьяўляюцца не пералётныя птушкі, але гандаль птушыным мясам. Аб гэтым сьведчыць хаця б той факт, што краіны, якія забаранілі імпарт птушынага мяса зь небясьпечных рэгіёнаў сьвету дагэтуль пасьпяхова пазьбягаюць хваробы. Дагэтуль не было выпадку захворваньняў на шляху паміж Сыбіру, Эўропай і Афрыкай. Нігерыя, дзе былі выяўленыя шматлікія выпадкі птушынага грыпу зьяўляецца буйным імпартэрам свойскай птушкі з Кітаю.

На думку экспэртаў, асабліва небясьпечны для людзей можа быць птушыны грып ў сьвіней, бо гэтыя жывёлы падатлівыя і на птушыны, і на чалавечыя штамы вірусу грыпу. У выніку, у сьвіней можа зьявіцца мутацыя віруса накшталт сумнавядомай “гішпанкі” з пачатку мінулага стагодзьдзя, якая забрала жыцьці мільёнаў эўрапейцаў.
XS
SM
MD
LG