Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па колькасьці жанчын у парлямэнце Беларусь наверсе сьпісу ААН


Радыё Свабода Напярэдадні двухтыднёвай сэсіі ААН, якая распачне сваю працу заўтра, 1 сакавіка, Камісія ААН па статусу жанчын азнаёміла з дадзенымі апошніх глябальных гендэрных дасьледаваньняў па пытаньні прадстаўніцтва жанчын ў заканадаўчай уладзе.

Дадзеныя дасьледаваньняў часам выглядаюць парадаксальнымі. Першую пазыцыю сярод краінаў з высокім прадстаўніцтвам жанчын у парлямэнце займае Руанда. Тут жанчынам належаць 39 дэпутацкіх месцаў з 80, альбо амаль 40 працэнтаў.

Што да Вялікай Брытаніі, то яна знаходзіцца на 50 месцы. У ніжняй палаце брытанскага парлямэнту сярод 646 дэпутатаў 127 жанчын, альбо 19,7 адсоткаў. Беларусь, паводле дасьледаваньняў, займае 21-ю пазыцыю. Непадалёк ад яе знаходзяцца такія краіны як Аўганістан, Ірак...

Як канстатуе Міжнародны міжпарлямэнцкі саюз (IPU), летась у васьмі краінах сьвету ўвогуле назіралася істотнае скарачэньне жаночага прадстаўніцтва ў заканадаўчай уладзе. Самая горшая сытуацыя ў Кіргізстане, дзе прапорцыя жанчын ў парлямэнце зьнізілася зь дзесяці працэнтаў да нуля.

Генэральны сакратар IPU Андэрс Джонсан тлумачыць сытуацыю:

(Джонсан: ) "У Кіргізстане былі жанчыны ў парлямэнце, калі гэта быў двухпалатны парлямэнт. Потым адбыўся пераход да аднапалатнага парлямэнту. Тымі, хто мусіў заступіць свае месцы, хто пацярпеў няўдачу, сталі жанчыны".

Паводле генэральнага сакратара Міжнароднага міжпарлямэнцкага саюзу, тым часам у большасьці краін сьвету колькасьць жанчын-палітыкаў працягвае расьці. Напрыканцы мінулага году звыш за 16 працэнтаў дэпутатаў усіх парлямэнтаў сьвету былі жанчыны, у той час як у 2000 годзе жаночае прадстаўніцтва складала 11 адсоткаў.

Колькасьць парлямэнтаў з 30 % прадстаўніцтвам жанчын за апошнія дзесяць год павялічылася ў чатыры разы. 30 % жанчын у парлямэнце ёсьць той крытычнай масай, якая неабходная для ўздзеяньня на працу законадаўчай улады, лічаць прадстаўнікі Міжнароднага парлямэнцкага саюзу.

Сярод краін, дзе жанчыны стаяць на чале ў парлямэнтах – Альбанія, Эстонія, Грузія, Грэцыя, Вугоршчына і Латвія.

***

Сярод 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў цяперашняга (трэцяга) скліканьня 33 жанчыны. Гэта значна больш, чым у Палаце другога скліканьня — (тады было 14 жанчын-дэпутатак) і першага — 5. У Вярхоўным Савеце 13-га скліканьня было 9 жанчын.

Доля жанчын сярод дэпутацкага корпусу Беларусі значна павялічылася пасьля таго, як за два месяцы да парлямэнцкіх выбараў 2004 году Аляксандар Лукашэнка выказаў пажаданьне, каб у парлямэнце было 30—40% жанчын. І ў выніку ў Палату было абрана каля 30% жанчын.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG