Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці могуць дасягнуць адзінства апазыцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 24 лютага) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: кіраўнік штабу кандыдата ў прэзыдэнты Казуліна Мечыслаў Грыб і намесьнік кіраўніка штабу кандыдата ў прэзыдэнты Мілінкевіча Аляксандар Дабравольскі.

(Валер Карбалевіч: ) “Існаваньне двух кандыдатаў Аляксандра Мілінкевіча і Аляксандра Казуліна, якія пазыцыянуюць сябе як апанэнты Лукашэнкі, выклікае шмат пытаньняў у актывістаў дэмакратычных партыяў, апазыцыйнага электарату. Існуе правіла, пацьверджанае досьведам пераможных кампаніяў у іншых краінах, што аўтарытарныя рэжымы могуць быць зрынуты толькі на падставе адзінства апазыцыйных сілаў. Грамадзтва хоча бачыць альтэрнатыву ў выглядзе моцнай адзінай арганізацыі, адзінага кандыдата, адзінага сцэнару. Тады яно, магчыма, сасьпее, каб абараняць свой выбар.

Цяпер на фінішы прэзыдэнцкай кампаніі такога адзінства няма. Апазыцыя ідзе дзьвюма калёнамі. Ці мае ваш штаб стратэгію перамогі падчас гэтай кампаніі? Ці, магчыма, задача перамогі ўвогуле ня ставіцца?”

(Мечыслаў Грыб: ) “У нашага штабу і нашага кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна ёсьць стратэгія перамогі. Бяз мэты дасягнуць перамогі ісьці на выбары было б бессэнсоўна. На меркаваньне нашага штабу, шмат залежыць ад таго, якія гэта будуць выбары. Калі гэтыя выбары будуць сумленнымі, справядлівымі — гэта адна справа. А калі выбары будуць сфальсыфікаваныя — тады іншая справа.

Калі будзе першы варыянт (што наўрад ці магчыма), то, я лічу, нам лепш ісьці дзьвюма калёнамі ад апазыцыі: і Казуліну, і Мілінкевічу. Гэта было б лепш. Бо ўсякае аб’яднаньне двух лідэраў не азначае аб’яднаньня іх камандаў на 100%. Досьвед выбараў 2001 году паказаў, што пасьля выбару адзіным кандыдатам Ганчарыка каманда Домаша далучылася да яго толькі на 50% ці 30%, ці яшчэ менш. І дэмакратычныя сілы на гэтым не здабылі, а страцілі. Гэта тычыцца таксама і выбаршчыкаў.

Таму, калі б выбары былі дэмакратычнымі, то лепш было б ісьці дзьвюма калёнамі і выцягнуць выбары на другі тур. А пасьля аб’яднаць намаганьні на карысьць фаварыта сярод апазыцыйных кандыдатаў. Але ў нас найбольш верагодны варыянт, калі ня будзе свабодных і дэмакратычных выбараў. А будзе тое, што адбывалася на выбарах 2001 году, на рэфэрэндуме і выбарах 2004 году. І ў такім разе таксама аб’яднаньне, здаецца, на гэтым этапе не зусім патрэбна.

Але мы заўсёды адкрытыя для перамоваў, сумесных дзеяньняў. Можна ісьці і дзьвюма камандамі, але знайсьці цэлы шэраг пытаньняў, над якімі можна працаваць разам. У нас адна мэта, адны задачы, і мы можам іх вырашаць сумесна”.

(Карбалевіч: ) “Відавочна, што ў Беларусі цяпер будзе рэалізаваны другі сцэнар, пра які вы апавядалі, то бок, выбары ня будуць свабоднымі і дэмакратычнымі. Але ці правільна я зразумеў вашу думку, што ў сёньняшніх умовах перамога над Лукашэнкам не магчымая, таму, у прынцыпе, ня так важна, адзін ці два кандыдаты ідуць ад апазыцыі?”

(Грыб: ) “Я так не сказаў. Перамога заўсёды магчымая. Сытуацыя заўсёды можа зьмяніцца ў любы час”.

(Аляксандар Дабравольскі: ) “Відавочна, што стратэгія ўлады вельмі простая: абвясьціць вынік і падушыць усіх тых, то з гэтым ня згодны. У такіх варунках нашто нам разважаць пра варыянты, пры якіх Лукашэнка займае трэцяе месца? Такіх варыянтаў ня будзе. Ня будзе другога туру. І разважаньні наконт таго, што адзінства не патрэбнае, няправільныя. Выбары ня будуць ні свабоднымі, ні справядлівымі. Гэта ўжо відавочна, прадстаўнікі апазыцыі ня ўключаны ў выбарчыя камісіі. Мы павінны рыхтавацца да вельмі жорсткага сцэнару.

Стратэгія штабу Мілінкевіча даволі простая, зразумелая і лягічная. Найперш, трэба прапанаваць грамадзтву альтэрнатыву, каб стварыць матывацыю падтрымкі. Альтэрнатыва складаецца з трох частак: вобраз будучага Беларусі, аб’яднаньне дэмакратычных сілаў, адзіны кандыдат. Калі будзе некалькі альтэрнатываў — проста няма пра што гаварыць. Альтэрнатыва павінна быць адзінай. Гэта першая частка стратэгіі. Другая частка — мабілізаваць людзей дзеля ўдзелу ў выбарах і абароны свайго выбару. Трэцяя частка — сама абарона таго выбару, які зроблены падчас галасаваньня.

І вось цяпер мы маем праблему. Ёсьць два кандыдаты, няма адной альтэрнатывы. І цяпер змагацца апазыцыйным кандыдатам паміж сабой, крытыкаваць адзін аднаго — гэта значыць, дапамагаць Лукашэнку”.

(Грыб: ) “Па вялікім рахунку, я ня супраць аб’яднаньня, вылучэньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі. Мы гатовыя весьці перамовы. Але я не згодзен з спадаром Дабравольскім, што менавіта мы павінны вырашыць усе гэтыя пытаньні за нашых выбаршчыкаў. Хто такія мы? Нейкая кучка людзей, якая ўзяла на сябе гэтую місію. А чаму людзі не павінны самі выбіраць? Няма ніякіх пытаньняў наконт таго, каб ісьці разам, паралельна, але ў адным кірунку і не нападаць адзін на другога. І мы гатовыя да гэтых перамоваў”.

(Карбалевіч: ) “Але публічная крытыка на адрас іншага апазыцыйнага кандыдата гучыць з вуснаў Аляксандра Казуліна. Але хачу засяродзіць увагу на прынцыповай розьніцы падыходаў штабоў двух кандыдатаў. Пазыцыя спадара Дабравольскага: два кандыдаты — гэта дрэнна, павінен быць адзін кандыдат. А пазыцыя спадара Грыба такая: два кандыдата — гэта нядрэнна”.

(Грыб: ) “Такая наша пазыцыя па гэтай праблеме”.

(Дабравольскі: ) “Здаецца, мы зь Мечыславам Іванавічам жывем у розных краінах. Разважаць пра другі тур, пра двух кандыдатаў, якія ідуць паралельна, не чапляючы адзін другога, можна ў іншай краіне, а не ў Беларусі. Мы павінны вельмі паважліва ставіцца да выбаршчыкаў. А яны цяпер задаюць вельмі простае пытаньне: “Вы самі там не разабраліся, і хочаце перакласьці гэтую праблему выбару на нас?” У такіх краінах, як Беларусь, дзе пануе аўтарытарны лідэр, трэба прапанаваць грамадзтву адзіную і ясную альтэрнатыву. Калі грамадзтву прад’яўлены дзьве альтэрнатывы, то гэта расфакусуе ўвагу насельніцва, аслабляе жаданьне падтрымаць новае. Бо гэта новае ў двух варыянтах. І трэба разабрацца, які лепшы. А разабрацца цяжка, бо незалежныя мэдыі ня могуць дапамагчы, іх вельмі мала. І людзі, якія займаюцца палітыкай, нясуць адказнасьць і маюць абавязак дапамагчы людзям вырашыць гэтае пытаньне.

Ёсьць супадзеньне пазыцыяў абодвух кандыдатаў па большасьці пытаньняў. Яны павінны дамовіцца, каб разам дапамагчы людзям абараніць іх права выбару. Таму магчымы сумесны “Майдан”. Але ж гэта праблема, якую трэба сумесна вырашаць”.

(Карбалевіч: ) “Спадар Грыб, пытаньне да вас. Калі ідуць два кандыдаты, то галасы пратэстнага электарату падзеляцца. І фаварытам кампаніі ў такім сцэнары будзе Лукашэнка. Напрыклад, Лукашэнка набірае каля 50%, адзін апазыцыйны кандыдат 30%, другі — 20%. І тады паўторыцца сытуацыя, якая была пасьля выбараў 2001 году ці рэфэрэндуму 2004 году. Практычныя беларусы разважаюць прагматычна: навошта выходзіць на плошчу, калі няма перамогі, якую можна было б бараніць? Кандыдаты, што занялі другое ці трэцяе месца, нікога ня змогуць мабілізаваць. Што вы можаце адказаць?”

(Грыб: ) “Па-першае, мы заяўлялі і заяўляем, што праводзім выбарчую кампанію ў рамках беларускага заканадаўства. І выходзіць за яго рамкі не плянуем на сёньняшні дзень. Як далей будуць разьвівацца падзеі, сказаць цяжка. Па другое, калі людзі палічаць магчымым выйсьці на вуліцу, каб абараняць кандыдата, які возьме другое, трэцяе месца на выбарах, то гэта рашэньне людзей. Але я не лічу, што нейкая арганізацыя мае права пазбаўляць выбаршчыкаў права вырашаць пытаньні выбару. Людзі разьбяруцца, зразумеюць, каго і як падтрымаць”.

(Карбалевіч: ) “Хацеў бы заўважыць, па-першае, што мітынгі, дэманстрацыі, шэсьці гарантаваны Канстытуцыяй Беларусі. Па-другое, з вамі можна было б цалкам пагадзіцца, калі б мы жылі ў дэмакратычнай краіне. Спадар Дабравольскі, большасьць пытаньняў наконт адзінства апазыцыі адрасавана камандзе Казуліна. Але вось пытаньне да вас. Уявім сытуацыю, што Цэнтравыбаркам здымае Мілінкевіча з кампаніі, адмяняе ягоную рэгістрацыю. Ці стане ў такой сытуацыі апазыцыйная кааліцыя падтрымліваць Казуліна?”

(Дабравольскі: ) “Пытаньне аб сумесных дзеяньнях у розных варыянтах павінна быць тэмаю дамоўленасьцей паміж кандыдатамі і палітычнымі сіламі, якія іх падтрымліваюць. Цяпер такіх дамоўленасьцяў, на жаль, няма. Былі спробы такіх перамоваў, якія, на жаль, суправаджаліся камэнтарамі ў прэсе. Я не магу цяпер узяць на сябе адказнасьць выказаць пазыцыю штабу па гэтым пытаньні.

Але задача цяпер ня ў тым, якія тактычныя хады цяпер трэба рабіць, а ў тым, як абараніць права людзей на выбар. І тут ёсьць магчымасьць дамовіцца. А паводзіны людзей вельмі моцна будуць залежаць ад таго, як будуць паводзіць сябе палітыкі, якія павінны несьці адказнасьць за тое, што яны робяць. Думаю, дамоўленасьць пра сумесныя дзеяньні яшчэ магчымая”.

(Грыб: ) “Хацеў бы зьвярнуць увагу, што пастаўлена канкрэтнае пытаньне: ці падтрымае каманда Мілінкевіча кандыдатуру Казуліна, калі Мілінкевіча здымуць з выбарчай кампаніі. І спадар Дабравольскі ня даў адказу на гэтае пытаньне. Мы даўно з гэтым сутыкаемся і адказу не атрымліваем. Мы распачалі перамовы і паставілі гэтае пытаньне. Мы заявілі ясна і зразумела, што калі не зарэгіструюць Казуліна, то мы далучаемся да каманды Мілінкевіча. І мы хацелі пачуць ад другога боку ясны адказ на аналягічнае пытаньне: калі не зарэгіструюць Мілінкевіча, то ці далучыцца іхная каманда да Казуліна? Пытаньне зразумелае, мы да вас далучаемся — а як вы да нас? Але яны нават ня сталі гэтага разглядаць. І ўвогуле аб’явілі, што на гэтым перамовы спыняюць. Чаму няма адказу на гэтае пытаньне? Што за гэтым стаіць? Што аб’яднаньне магчымае толькі вакол Мілінкевіча? А чаму не вакол Казуліна?”

(Дабравольскі: ) “Я адказаў на гэтае пытаньне, што праблема павінна быць вырашана на падставе дамовы паміж кандыдатамі. Такой дамоўленасьці пакуль няма. Але такая пастаноўка пытаньня, як ставіце вы, фактычна зыходзіць зь няправільнай стратэгіі. Гэта азначае, што фактычна аддаяце права выбару паміж апазыцыйнымі кандыдатамі Ярмошынай і Лукашэнку. А штаб Мілінкевіча прапаноўваў зрабіць такі выбар самім. Зьняць могуць любога кандыдата ў любы час без усялякіх падставаў. І на пытаньне, што рабіць у такім выпадку, адказваю: трэба пратэставаць, каго б не зьнялі! А гуляць зноў у іншую гульню, якую даўно заплянаваў Лукашэнка, гэта пройгрыш”.

(Грыб: ) “Але мы яшчэ раз усё ж такі ставім пытаньне: а калі гэта здарыцца, то ваша каманда прыйдзе да Казуліна ці не?”

(Дабравольскі: ) “Гэта праблема даверу паміж кандыдатамі і палітычнымі сіламі. Але гэта адзін з варыянтаў. А мы прапануем вырашыць больш шырокае пытаньне, каб быў адзін кандыдат”.

(Карбалевіч: ) “З дыскусіі вынікае, што ў той рэальнасьці, якая склалася цяпер, пытаньне аб выхадзе на фінішы кампаніі на аднаго кандыдата наўпрост здымаецца з парадку дня. Вырашыць яго не атрымліваецца. Тады можа паставіць на парадак дня іншыя пытаньні. Калі не ўдаецца падпісаць дамовы аб аб’яднаньні, то можа паспрабаваць заключыць “пакт аб ненападзе” адзін на аднаго, дамовіцца пра сумеснае назіраньне, супрацоўніцтва ў рэгіёнах у ходзе агітацыйнай кампаніі і іншае?”

(Грыб: ) “Па-першае, лепш было б, каб кандыдаты ў прэзыдэнты Мілінкевіч і Казулін вялі перамовы самі. Яны хутчэй бы дамовіліся, чым пры ўмовах, калі гэтым займаюцца, штабы, палітсаветы і іншыя арганізацыі. Па-другое, мы вылучылі цэлы шэраг прапановаў, каб кандыдаты і каманды лагодна ставіліся да партнэраў, не нападалі адзін на аднаго, сумесна арганізоўвалі назіраньне. І мы дасягнулі паразуменьня ва ўсіх гэтых пытаньнях. І наша каманда была гатовая іх прытрымлівацца. Але потым да нас дайшлі зьвесткі, што на палітрадзе каманда Мілінкевіча прыняла рашэньне, што перамовы спыняюцца. Мы і сёньня адкрыты да перамоваў. Але калі мы працягваем руку, а ад нас адварочваюцца, то што мы можам зрабіць?”

(Дабраволскі: ) “Хачу пагадзіцца з спадаром Грыбам, што было б напэўна лепш, каб кандыдаты паспрабавалі дамовіцца паміж сабой. Хацеў бы заўважыць, што назіраньне цяпер не зьяўляецца вельмі важнай праблемай. Бо назіральнікаў паставяць за 8—10 мэтраў і яны нічога ня ўбачаць. Галоўная праблема цяпер — як абараніць права людзей на выбар. І гэтую праблему, найперш, трэба вырашаць разам.

Наконт ненападу. Спадар Грыб кажа: мы працягваем руку. Але ў прэс-рэлізах Казуліна заяўляецца, што Мілінкевіч хоча праліць кроў у краіне. Альбо, выступаючы па тэлевізіі, Казулін кажа, што старая апазыцыя такая, што ня хочацца і гаварыць. То бок, ён напляваў ня толькі на Мілінкевіча, але і на Грыба, Нісьцюка, Караля, якія даўно ў апазыцыі, на тых шматлікіх апазыцыянэраў, якія зьбіралі яму подпісы. А вось Мілінкевіч нічога дрэннага пра Казуліна не гаворыць. Руку трэба працягваць на справе, а не на словах”.

(Грыб: ) “Дамаўляцца можна і трэба. Патрэбна ісьці разам. У нас няма чаго дзяліць, у нас адна краіна”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, пытаньне аб выхадзе на адзінага кандыдата, па сутнасьці, здымаецца з парадку дня, бо яно ў цяперашніх варунках ня мае рашэньня. І як бы гэта ні матывавалася, такая сытуацыя рэзка зьніжае і так ня вельмі вялікія шанцы апазыцыю на перамогу. Але не здымаецца магчымасьць дасягненьня адзінства ў іншых пытаньнях”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG