Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Зьняволеньне” хатняй птушкі будуць кантраляваць вясковыя старасты


Ігар Карней, Менск Сёньня міжведамасны савет НДІ заалёгіі Нацыянальнай акадэміі навук прадставіў мапу маршрутаў міграцыі птушак, якія ляцяць у Беларусь з краінаў, дзе зафіксаваны птушыны грып. Паведамляецца, што ў месцах найбольш шматлікіх гнездаваньняў ля буйных рэкаў і азёраў ужо створаныя станцыі назіраньня за паводзінамі “падазронай” птушкі, якія будуць фіксаваць усе выпадкі гібелі. А дзеля пазьбяганьня кантактаў дзікай птушкі з хатняй ад 1 сакавіка забаронена так званае “выгульнае вырошчваньне” — іншымі словамі, да лета куры, гусі, качкі ды індыкі павінны заставацца ў куратніках пад “хатнім арыштам”.

На загад Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня ад 1 сакавіка забароненае выгульнае вырошчваньне хатняй птушкі. Перадусім, такая забарона тычыцца населеных пунктаў, якія знаходзяцца ў трохкілямэтровай зоне ад рэкаў і азёраў, дзе найбольшая небясьпека кантакту зь пералётнымі птушкамі. Паводле спэцыялістаў згаданага ведамства, у Беларусі больш за 10 тысяч паселішчаў, якія месьцяцца непасрэдна ля вадаёмаў, і 630 тысяч прыватных падворкаў, якія будуць пад асаблівым кантролем. У кіраўніка вэтэрынарнага ўпраўленьня міністэрства Міхаіла Бушылы запытваю: ці надоўга расьцягнецца “хатні арышт” для птушак?

(Бушыла: ) “На пэрыяд веснавога лёту. Бо ў траўні птушка яшчэ ляціць”.

(Карэспандэнт: ) “Але фактычна гэта тычыцца гаспадароў, якія жывуць ля вадаёмаў?”

(Бушыла: ) “Проста гэта найбольш крытычная група — птушка ля вадаёмаў патэнцыйна больш кантактная. А тая, што далей ад вадаёмаў — адпаведна, меней рызыкоўныя, бо небясьпеку сёньня найбольшую ўяўляюць вадаплаўныя птушкі”.

(Карэспандэнт: ) “А будуць хадзіць нейкія камісіі па гэтых падворках, правяраць выкананьне загаду?”

(Бушыла: ) “Яны ўжо прайшлі, перагаварылі з кожным чалавекам. Але ёсьць старасты вёсак, ёсьць сельскія саветы, ёсьць нашыя спэцыялісты-вэтэрынары, якія будуць весьці назіраньне”.

НДІ заалёгіі Нацыянальнай акадэміі навук ня мае дакладных зьвестак, якая колькасьць птушкі мігруе празь Беларусь. Там тлумачаць, што, па-першае, дагэтуль не было такой неабходнасьці; па-другое, птушка мігруе пераважна ноччу, што істотна ўскладняе працу арнітолягаў. Толькі прыблізна вядома, што на гнездаваньне непасрэдна ў Беларусь ці празь яе тэрыторыю ляціць каля сотні відаў вадаплаўнай і каляводнай птушкі — чайкі, гусі, качкі, буслы, чаплі, журавы, лебедзі і г.д. Адпаведна, усе яны аўтаматычна лічацца патэнцыйнымі пераносчыкамі небясьпечнага захворваньня. Дзеля адсочваньня выпадкаў гібелі птушкі створаныя шэсьць станцыяў назіраньня — на Нёмане, Дняпры, Сожы, Прыпяці, Заходняй Дзьвіне і на возеры Нарач.

Апроч таго, беларускія арнітолягі падрыхтавалі дакумэнт наконт забароны веснавога паляваньня на птушак — мяркуецца, што сёлета будзе забаронена паляваньне на ўсю вадаплаўную птушку. І хоць на тэрыторыі краіны гняздуе каля 20% пералётных птушкаў, а 80% ляцяць “транзытам”, гіпатэтычна кожная на сваіх крылах можа занесьці птушыны грып.

Як паведамілі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчаваньня, ніводнае лябараторнае дасьледаваньне на наяўнасьць антыцелаў у сываратцы крыві хатніх і дзікіх птушак у Беларусі не зафіксавана. Там удакладнілі, што такія дасьледаваньні праводзяцца штодня. Паводле Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, на сёньняшні дзень у сьвеце афіцыйна пацьверджаныя 173 выпадкі захворваньня чалавека на птушыны грып, 93 хворыя памерлі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG