Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску зноў затрымлівалі агітатараў за Мілінкевіча


Радыё Свабода, Віцебск Каля будынка гарвыканкаму міліцыянты затрымалі намесьніцу старшыні абласной арганізацыі АГП Алену Залесскую і Тамару Маркушаву – прадстаўніцу тае ж партыі.

Абедзьве спадарыні не пасьпелі нават узяць у рукі друкаваныя матэрыялы, якія меркавалі раздаваць мінакам, -- яны толькі назіралі, як іхныя сябры па партыі дастаюць з машыны агітацыйны стэнд з партрэтам кандыдата ў прэзыдэнты. Але супрацоўнік міліцыі, які дзяжурыў каля ўваходу ў гарвыканкам, ня стаў чакаць разьвіцьця далейшых падзеяў ды выклікаў міліцэйскі нарад.

У Кастрычніцкім райаддзеле спадарыня Залесская дала пісьмовыя тлумачэньні пра тое, што будынак гарвыканкаму ўваходзіць у пералік месцаў, дзе дазволеная агітацыя, і што дзеяньні сябраў ініцыятыўнае групы законныя. Аднак намесьнік начальніка РАУСу Аляксандар Шаховіч зазначыў, што ў дадзеным выпадку гаворка можа весьціся толькі пра разьмяшчэньне агітацыйных матэрыялаў на дошцы аб”яў, а не пра распаўсюд улётак сярод мінакоў. Таму Алену Залесскую міліцыянты папярэдзілі, а на Тамару Маркушаву, якую затрымліваюць ужо другі раз, склалі пратакол за незаконную агітацыю.

Міліцыянты папярэдзілі таксама Арцёма Хадыку, Міхаіла Рухмана і Яўгена Родзіка, якія раздавалі ўлёткі з партрэтам Аляксандра Мілінкевіча каля Летняга амфітэатру.

З пракуратуры Кастрычніцкага раёну, куды паскардзіліся затрыманыя, ім паведамілі, што супрацоўнікі праваахоўных ворганаў маюць прэтэнзіі да вырабу друкаваных матэрыялаў. Сябры ініцыятыўнай групы з гэтым ня згодныя: яны гавораць, што ўсе ўлёткі і плякаты маюць адпаведныя выходныя дадзеныя. Іншая справа, што ў горадзе ня вызначаныя месцы для вулічнай агітацыі, а таму міліцыянты ў любы момант могуць затрымаць агітатараў і нават канфіскаваць агітацыйныя стэнды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG