Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шчукіна выкрасьлілі са сьпісаў выбарцаў


Радыё Свабода, Віцебск Вядомы праваабаронца і журналіст Валеры Шчукін напісаў скаргу ў Цэнтарвыбаркам на дзеяньні старшыні віцебскай ўчастковай камісіі № 52 спадарыні Шубінай, якая аддала загад выдаліць ягонае прозьвішча з выбарчых сьпісаў.

Менавіта на гэтым участку Валеры Шчукін галасаваў на парлямэнцкіх выбарах у 2004 годзе, і тут жа выконваў функцыі назіральніка. Тым самым часам праваабаронцы распаўсюджваў у Першамайскім раёне Віцебску ўлёткі з заклікам не хадзіць на датэрміновае галасаваньне, і атрымаў за гэта пакараньне – 10 сутак арышту.

На думку спадара Шчукіна, менавіта ягоная грамадзкая актыўнасьць у часе мінулых выбараў сталася падставай для таго, каб выкрасьліць яго са сьпісу віцебскіх выбарцаў. Як патлумачыла старшыня ўчастковай выбарчай камісіі, Валеры Шчукін ня мае віцебскай прапіскі і нічым ня можа пацьвердзіць факт свайго часовага пражываньня ў межах выбарчага ўчастку і абласнога цэнтру ўвогуле.

У скарзе на адрас Цэнтарвыбаркаму спадар Шчукін просіць патлумачыць, які дакумэнт ёсьць доказам таго, што ён часова жыве ў Віцебску: можа, гэта рахунак зь мясцовае рэстарацыі або квіток на “Славянскі базар”? Хаця ў такіх месцах Валеры Шчукін, паводле ягоных словаў, не бывае, і падкрэсьлівае, што нярэдка начуе проста на віцебскім вакзале, бо мясцовыя ўлады фактычна зрабілі яго “бамжом”: у 2003 годзе яго прымусова выпісалі з інтэрнату ў Полацку, дзе ён балятаваўся ў Гарсавет, і з тае пары ён ня мае аніякае прапіскі.

Тым ня менш, на ўдзел ў прэзыдэнцкіх выбарах мае права кожны грамадзянін Беларусі ад 18-гадовага ўзросту, апрача зьняволеных злачынцаў, і Валеры Шчукін зьвярнуўся ў ЦВК, каб абараніць свае законнае права на выбар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG