Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст "Зубра" сьцьвярджае, што быў зьбіты міліцыянтамі


Радыё Свабода З страсеньнем мозгу патрапіў у шпіталь актывіст маладзёвага руху “Зубр” Арцём Говін з Белаазёрску. Напярэдадні юнак быў затрыманы за напісаньне лёзунгу “Мы хочам новага!”

Як сьцьвярджае сам Арцём Говін, яго зьбілі два супрацоўнікі гарадзкой міліцыі. Гэта адбылося ўчора, 26 лютага, пасьля таго, як Арцёма затрымалі з балёнчыкам фарбы, калі ён маляваў на сьцяне лёзунг “Мы хочам новага!”. Праз дзьве гадзіны пасьля затрыманьня хлопца адпусьцілі дамоў, а сёньня раніцай яму стала дрэнна і хуткая дапамога адвезла яго ў шпіталь. Зараз Арцём Говін ляжыць у хірургічным аддзяленьні Белаазёрскага гарадзкога шпіталя з дыягназам страсеньне мозгу. Пакуль лекары забараняюць яму карыстацца мабільным тэлефонам, але актывістка маладзёвага руху Ірына Тоўсьцік пасьпела пагутарыць з хлопцам. Вось што распавяла Ірына Тоўсьцік.

(Тоўсьцік: ) “Ён адчувае сябе дрэнна, яго ванітуе, увесь час баліць галава. Нягледзячы на гэта, да яго прыходзілі сьледчыя і супрацоўнікі апэратыўнай управы, спрабавалі браць паказаньні. Зьбіраюцца заводзіць крымінальную справу, але не ўдакладнілі, за што дакладна. Пагражалі, што альбо за хуліганства, альбо за нанясеньне шкоды праз графіці. Арцём паказаньні даваць адмаўляецца, бо ў яго вельмі дрэнны стан”.

Паводле Ірыны Тоўсьцік, зараз сябры Арцёма Говіна шукаюць праваабаронцу альбо адваката, які будзе дапамагаць юнаку бараніцца ад абвінавачваньняў. Таксама Арцём Говін плянуе зьвярнуцца ў пракуратуру з заявай аб завядзеньні крымінальнай справы супраць міліцыянтаў, якія яго зьбівалі.

У Белаазёрскай міліцыі адмовіліся камэнтаваць зьвесткі пра тое, што два супрацоўніка міліцыі зьбілі Арцёма Говіна.

Арцёму Говіну толькі 17 гадоў, ён навучэнец адной са школаў Белаазёрску. Паводле зьвестак, у маладзёвым руху “Зубр” Арцём не навічок – яго ўжо затрымлівала міліцыя.

Дарэчы, у “Зубры” паведамілі, што з верасьня 2005 года зафіксавана 370 выпадкаў ціску на актывістаў гэтай незарэгістраванай арганізацыі. Пад ціскам там разумеюць затрыманьні, арышты, выклікі на гутаркі ў КДБ, а таксама спробы завэрбаваць сяброў арганізацыі дзеля супрацоўніцтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG