Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Б.Хамайда: "Байкот – гэта маральная перамога"


Радыё Свабода, Віцебск Віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда заклікае байкатаваць выбары. З плякатам “Байкот – гэта маральная перамога” ён выйшаў сёньня ў цэнтар Віцебску, да дому №28 па вуліцы Леніна.

Паводле Барыса Хамайды, які пяць год таму выйшаў з Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ, ні прапанаванае Зянонам Пазьняком “народнае галасаваньне”, ні выбары з удзелам альтэрнатыўных кандыдатаў ня зьменяць 19-га сакавіка сыстэму ўлады на Беларусі.

(Хамайда: ) “Я асабіста лічу, што гэта ня выбары – гэта выбарчы фарс, які адбываецца пасьля рэфэрэндуму 1996-га году. Менавіта тады зьнікла апошняя магчымасьць прыйсьці да ўлады парлямэнцкім шляхам. Таму – толькі байкот! Нельга садзіцца гуляць за адзін стол з шулерамі! Назіральнікаў не дапускаюць, сродкі масавае інфармацыі зачыненыя. Якія ў нашых умовах могуць быць выбары? Гэта толькі спэктакль, у якім фінал загадзя вядомы!”

Побач са спадаром Хамайдам стаіць кіраўнік віцебскай суполкі КХП БНФ Уладзімер Плешчанка. Ён раздае ўлёткі і тлумачыць мінакам сэнс “народнага галасаваньня”. На думку Барыса Хамайды, беларусы пакуль ня здатныя да такога кшталту грамадзкіх учынкаў, таму ён і прапануе байкатаваць выбары.

А вось што мяркуюць на гэты конт самі віцебскія мінакі.

(Спадар: ) “Я думаю, гэтая думка пра байкот правільная. І гэта разумеюць нават тыя, хто ідзе на выбары, у тым ліку і самі прэтэндэнты. Але і яны да гэтага прыйдуць, бо ў кожным выпадку, ідзі на выбары або не хадзі, усё адно іх выйграе той, хто і цяпер пры ўладзе – Лукашэнка”.

(Дзяўчына: ) “На мой погляд, байкот – гэта даволі цяжка. На 100 працэнтаў я ведаю, што гэта ня пройдзе: людзей жа пагоняць на выбары. Іх пагоняць, і яны пойдуць. Можа, лепей было б, каб яны вынесьлі адтуль бюлетэні, дый усё!”

(Хлопец: ) “Байкот можна было б лічыць карыснай справай, каб у нас не было адзінага кандыдата – Аляксандра Мілінкевіча. Бо ў прынцыпе байкот – гэта адмаўленьне ад дзеяньня. Гэта так проста: стаіш і агітуеш за байкот”.

Там ня менш, агітацыя за байкот выбараў таксама выклікала прэтэнзіі ў віцебскіх міліцыянтаў. Барыса Хамайду зь ягоным плякатам ужо былі забіралі ў пастарунак, дзе сказалі, што яго ініцыятыва таксама ёсьць арганізацыяй несанкцыянаванага пікету. Таму на апазыцыянэра склалі пратакол ды паабяцалі даслаць позву ў суд.

За заклік да байкатаваньня выбараў спадара Хамайду ўжо былі забіралі ў пастарунак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG