Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлады перайшлі да жорсткіх рэпрэсіяў супраць грамадзянскіх актывістаў?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 24 лютага) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: cтаршыня незарэгістраванага праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Беляцкі і кіраўнік аналітычнай службы кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

(Валер Карбалевіч: ) “Затрыманьні чатырох актывістаў — Эніры Браніцкай, Міколы Астрэйкі, Цімафея Дранчука і Аляксея Шалайкі — рабілі людзі ў масках з ужываньнем зброі. Адначасова адбыліся ператрусы ў іх кватэрах, а таксама ў кватэрах актывістаў Полацку, Наваполацку, Магілёва, Быхава. Прычым, затрыманьне адбылося на падставе артыкулу Крымінальнага кодэксу аб паклёпе на прэзыдэнта. А потым крымінальную справу завялі па іншым артыкуле, які прадугледжвае пакараньне за кіраваньне незарэгістраванай арганізацыяй і шкоду правам людзей. Гэта першы прыклад ужываньня тых паправак у Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы, якія былі прынятыя ў канцы мінулага году. Як бы вы пракамэнтавалі прававы бок гэтай справы?”

(Алесь Бяляцкі: ) “Цяжка казаць пра нейкі прававы бок гэтай справы, бо ўлады тасуюць артыкулы Крымінальнага кодэксу так, як ім выгадней. Галоўная задача — нэўтралізацыя грамадзкіх актывістаў. А потым пад гэтую задачу падбіраюцца адпаведныя артыкулы. Затрыманьні праходзілі па адным артыкуле. Потым артыкул быў перакваліфікаваны на зусім іншы. Частка 2 артыкулу 193, па якой хочуць прыцягнуць гэтых актывістаў, прадугледжвае зьняволеньне да шасьці месяцаў ці пазбаўленьня волі да трох гадоў, а таксама дазваляе ўтрымліваць затрыманых у сьледчым ізалятары. Такім чынам яны выключаюцца з выбарчага працэсу.

Ініцыятыва “Партнэрства” займалася назіраньнем за выбарамі і рэфэрэндумам 2004 году. Цяжка сказаць, якім чынам арганізацыя грамадзкага назіраньня за працэсам выбараў магла парушыць правы і абавязкі беларускіх грамадзянаў. Ня ведаю, якім чынам суд будзе выходзіць з гэтай сытуацыі. Бо іхная дзейнасьць абсалютна не падпадае пад частку 2 гэтага артыкулу. Але мы ведаем, што нягледзячы на такія прыцягнутыя крымінальныя артыкулы, нашы суды знаходзяць выйсьце і асуджаюць людзей нават зь вельмі ўмоўнай правіны”.

(Аляксандар Класкоўскі: ) “Усё адбываецца паводле законаў спэктаклю. Кожны глядач ведае, што калі на сцэне вісіць стрэльба, то яна рана ці позна стрэліць. Так і тут. Я маю на ўвазе прынятыя пасьпешліва ў сьнежні папраўкі ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы, якія журналісты назвалі “антырэвалюцыйнымі”. Тады адразу было выказана меркаваньне, што яны будуць ужывацца, каб зьменшыць апазыцыйны патэнцыял перад выбарамі. І вось мы бачым, што гэтыя палітызаваныя навэлі крымінальнага заканадаўства пачалі практычна ўжывацца.

Адметна, што памянялі артыкулы, якія інкрымінуюць затрыманым актывістам. Іх абвінавачваюць у дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі, якая робіць замах на правы, абавязкі, асобу грамадзянаў. Гэта зручней для прапаганды. Таму што выглядае, што абараняюць не кіраўніка дзяржавы, а, нібыта, грамадзтва ад гэтых, як яны кажуць, “адмарозкаў”. Вырашаецца звышзадача нэўтралізаваць патэнцыйна небясьпечных для рэжыму людзей на самы крытычны пэрыяд”.

(Бяляцкі: ) “Мы часта былі сьведкамі сытуацыі, калі артыкулы перакваліфікоўваліся падчас сьледзтва некалькі разоў. Існуе верагоднасьць, што празь месяц-два ўжо пасьля выбараў гэты артыкул будзе зьменены на іншы”.

(Карбалевіч: ) “Ужо прайшлі затрыманьні актывістаў “Маладога фронту”, “Зубра”. Але вось такая паказная жорсткасьць пры затрыманьні з зброяй, у масках, зробленая ў дачыненьні да гэтых чатырох актывістаў — прычым, гэта кіраўнікі і актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”, якія не пісалі графіці, не раздавалі ўлётак, увогуле ніяк ня ўдзельнічалі ў перадвыбарчай агітацыі, а ладзілі назіраньне за выбарчай кампаніяй. Чаму рэпрэсіі скіравалі менавіта супраць іх?”

(Бяляцкі: ) “Затрыманьне гэтых чатырох актывістаў зьяўляецца толькі часткай хвалі рэпрэсіяў, якая абрынулася на розныя моладзевыя арганізацыі, партыі, рухі. У цяперашняй сытуацыі назіраньне ўяўляецца ўладам вельмі небясьпечным. Бо назіральнікі могуць зрабіць высновы па выбарчым працэсе, могуць сказаць зусім ня тое, што будуць казаць улады пасьля заканчэньня выбараў. Я нагадаю, што яшчэ ў 2001 годзе Лукашэнка называў назіральнікаў ледзь не тэрарыстамі, у кожнага зь якіх, як ён казаў, ляжыць зброя пад ложкам. І вось гэтая небясьпека праўды прымушае ўлады ісьці на такія неадэкватныя і жорсткія крокі”.

(Класкоўскі: ) “Ініцыятыва “Партнэрства” ўжо нейкім чынам сябе зарэкамэндавала, паказала сябе ў дзеяньні ў вачох уладаў і міжнароднай грамадзкасьці. Падчас рэфэрэндуму 2004 году пад эгідай “Партнэрства” працавалі больш як 3,5 тысячы назіральнікаў, якія ахапілі чвэрць усіх выбарчых участкаў. Яны зафіксавалі больш як 1700 розных парушэньняў. Я думаю назіраньне, складаньне пратаколаў для ўладаў страшнейшыя за графіці. Таму што там можна сказаць: нейкія хуліганы пэцкаюць сьцены нашых чыстых гарадоў. А тут факты парушэньняў вельмі непрыемныя для ўладаў, таму што становяцца вядомымі міжнароднай дэмакратычнай супольнасьці. І яны даюць падставу для жорсткай крытыкі беларускіх уладаў. Таму ўдар скіраваны супраць гэтых людзей, каб яны не сапсавалі “элегантнай перамогі”.

(Бяляцкі: ) “21 лютага ў Беларусі пачаўся новы этап супрацьстаяньня беларускіх уладаў і грамадзкага сэктару, прадстаўнікоў няўрадавых арганізацыяў і палітычных партыяў. Калі падчас папярэдніх палітычных кампаніяў былі затрыманьні двух-трох асобаў, якія потым выліваліся ў крымінальныя справы, то цяпер за тры апошнія месяцы ў Беларусі заведзена больш за дзесяць крымінальных справаў.

Актывістаў супраціву “Зубр” Аляксандра Казакова і Зьмітра Зубра затрымалі за палітычныя графіці, але прад’яўленае ім абвінавачаньне па частцы 2 артыкулу 363 Крымінальнага кодэксу (супраціў супрацоўніку міліцыі). У Жодзіне па артыкуле 369 Крымінальнага кодэксу (публічная абраза адказных асобаў) заведзена крымінальная справа на Паўла Красоўскага, актывіста моладзевага дэмакратычнага руху, сябра ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча — за публікацыю сатырычных карыкатураў на кіраўніцтва гораду. Крымінальная справа заведзена супраць актывіста Партыі БНФ Зьмітра Касьпяровіча, які спрабаваў зьняць афіцыйны сьцяг з будынку Менгарвыканкаму. Абвінавачаньне Касьпяровічу прад’яўленае па частцы 1 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу (хуліганства). Крымінальная справа заведзена на актывістаў арганізацыі “Малады фронт” Артура Фінькевіча і Аляксея Янушэўскага, затрыманых у Менску за напісаньне палітычных графіці, па частцы 2 артыкулу 339 (злоснае хуліганства).

І вось да іх далучаюцца чацьвёра прадстаўнікоў ініцыятывы “Партнэрства”. Праўда, пракуратуры трэба яшчэ даказаць, што яны прадстаўлялі гэтую арганізацыю.

Пераважная большасьць гэтых маладых людзей заключаная пад варту. Да іх ужыты неадэкватныя артыкулы, у параўнаньні з тым, што імі было зроблена. Бо цяжка назваць злосным хуліганствам расьпісваньне сьценаў графіці. Таксама цяжка назваць злосным хуліганствам зрываньне дзяржаўнага сьцягу, што зрабіў Касьпяровіч, бо ў Крымінальным кодэксе ёсьць канкрэтны артыкул за зьнявагу дзяржаўнай сымболікі, які значна мякчэйшы і не прадугледжвае меры зьняволеньня перад судом.

Хачу нагадаць, што ўсе чацьвёра, затрыманыя 21 лютага, знаходзяцца ў зьняволеньні КДБ і іхную справу вядзе КДБ. За апошнія два тыдні былі выключаныя чатыры студэнты з ВНУ за іх грамадзка-палітычную дзейнасьць. І, такім чынам, у нас пачаўся новы адлік рэпрэсіяў, адлік супрацьстаяньні грамадзкасьці і беларускіх уладаў”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, пачатак агітацыйнай кампаніі адкрывае новы цыкль рэпрэсіяў супраць грамадзкіх актывістаў. Па выніках мінулай прэзыдэнцкай кампаніі асудзілі па крымінальных артыкулах трох журналістаў. Гледзячы па ўсім, па выніках гэтай выбарчай кампаніі палітычных зьняволеных будзе значна больш”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG