Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшла ў эфір “Эўрапейскае радыё для Беларусі”


Радыё Свабода Гэта новы праект нямецкай кампаніі Media Сonsulting. Раней яна перамагла ў тэндэры Эўракамісіі на арганізацыю незалежнага вяшчаньня на Беларусь.

Таксама напярэдадні стаў вядомы сьпіс прадстаўнікоў беларускіх дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, якіх мяркуецца пазбавіць права ўезду ў краіны Эўразьвязу.

Цэнтральны офіс “Эўрапейскага радыё для Беларусі” месьціцца ў Варшаве. Вось што паведаміў Радыё Свабода яго супрацоўнік Зьміцер Новікаў.

(Новікаў: ) “Гэта сучасная, разьлічаная на моладзь радыёстанцыя. Яна будзе працаваць у інфармацыйна-музычным фармаце. Пакуль наша праграма “Акно ў Эўропу” выходзіць адну гадзіну на суткі. На сярэдніх хвалях 612 кілягерц ад восьмай да дзевятай беларускага часу раніцай. Гэта актуальныя навіны зь Беларусі. А таксама шмат іншай інфармацыі, у тым ліку забаўляльнай. Праграму можна слухаць у Інтэрнэце на старонцы www.belradio.fm”.

А цяпер – да іншай навіны беларускай журналістыкі. На сайце belpropaganda.freewebsites.com зьвіўся “чорны сьпіс” кандыдатаў на “нявыезд”. Гэта кіраўнікі, рэпарцёры і аглядальнікі галоўных дзяржаўных тэлеканалаў, а таксама газэтаў “Советская Белоруссия”, “Обозреватель” ды “7 дней”. Вось некаторыя прозьвішчы: Азаронак, Мартыненка, Кавалёва, Чыкін, Зімоўскі, Якубовіч, Кісель, Пракопаў. У гутарцы з апошнім запытваю ці засмучае яго пэрспэктыва атрымаць забарону на ўезд у краіны Эўразьвязу?

(Пракопаў: ) “Такіх ініцыятываў было процьма. Наўрад ці яны мелі плён. Як мне падаецца, гэта нейкі прапагандысцкі крок”.

Па-іншаму ацэньвае сытуацыю незалежны журналіст Віталь Тарас. Ягоны камэнтар надрукаваны ў апошнім нумары газэта “Наша Ніва”.

(Тарас: ) “Мяркую, што насамрэч кожнаму чалавеку непрыемна патрапіць у гэты сьпіс. І ня толькі таму, што ён ня зможа паехаць, нават калі хацеў бы. Сьпіс мае сымбалічнае і асабліва маральнае значэньне. Такім чынам яны застаюцца ў гісторыі як антыгероі”.

Сёньня і ў чацьвер на расейскім тэлеканале RTV, які працуе з-за мяжы, адбудзецца паўтор паўгадзіннай беларускай перадачы. Упершыню яна выйшла ў нядзелю ў 17 гадзінаў. Офіс па падрыхтоўцы праграмы знаходзіцца ў Кёльне. Партнэрам тэлепраекту зьяўляецца нямецкая тэлекампанія ZDF.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG