Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь віцебскай ВНУ выключылі актывістку “Зубра”


Радыё Свабода, Віцебск Паводле загаду адміністрацыі Акадэміі вэтэрынарнай мэдыцыны, афіцыйнай прычыны адлічэньня ёсьць акадэмічная непасьпяховасьць, бо ў часе мінулае сэсіі другакурсьніца Любоў Кучынская не здала тры іспыты. Больш за сотню студэнтаў падпісаліся пад зваротам да кіраўніцтва акадэміі, патрабуючы скасаваць гэты загад, бо яны лічаць выключэньне дзяўчыны пакараньнем за яе апазыцыйную дзейнасьць.

Як распавяла спадарыня Кучынская, дэканат вэтэрынарнага факультэту адмовіў ёй у магчымасьці своечасова здаць іспыты, адзін зь якіх яна прапусьціла з прычыны хваробы, а другі меркавала пераздаць на вышэйшую адзнаку.

Яшчэ да пачатку сэсіі яе зьмясьцілі з пасады старасты патоку, а незадоўга перад тым, у сьнежні мінулага году, прадстаўнікі адміністрацыі ВНУ самавольна правялі ператрус у інтэрнацкім пакоі, дзе яна жыла. Сярод рэчаў Любові Кучынскай былі знойдзеныя ўлёткі і налепкі з лічбай “16”. Рэктар акадэміі Антон Ятусевіч папярэдзіў дзяўчыну пра магчымае адлічэньне, а неўзабаве ў яе пачаліся праблемы з вучобай.

2-га лютага віцебскія “зуброўцы” правялі акцыю на знак падтрымкі актывісткі Кучынскай. Яны выйшлі да галоўнага ўваходу ў навучальную ўстанову з плякатам “Наша салідарнасьць – наша свабода!” Ні гэтая акцыя, ні сабраныя студэнтамі подпісы не паўплывалі на рашэньне адміністрацыі, і на мінулым тыдні Любоў Кучынскую адлічылі з акадэміі.

Спадарыня Кучынская гаворыць, што для яе гэта ўжо другое выключэньне з ВНУ па палітычных матывах: у 2001-м годзе яе былі адлічылі зь менскага Пэдагагічнага ўнівэрсытэту пасьля таго, як намесьнік дэкана ўбачыў, што яна распаўсюджвае недзяржаўныя газэты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG