Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Беларусі вырашаецца праблема выдаленьня сьнегу з дахаў?


Радыё Свабода Сьнежныя масы, якія зьбіраюцца на дахах будынкаў, ужо прычыніліся да цэлага шэрагу абрушваньняў будаўнічых канструкцый. У Нямеччыне ад лішкаў сьнегу абваліліся перакрыцьці супэрмаркету, пахаваўшы наведнікаў. У Польшчы бэтонныя канструкцыі выставачнага комплексу накрылі дзесяткі чалавек. Таксама на дзесяткі йдзе колькасьць ахвяраў маскоўскага Басманнага рынку, які ня вытрымаў сьнежнага цяжару – гэтаксама, як і некалькі гадоў таму тамтэйшы аквапарк “Трансвааль”. Праблемы своечасовага сьнегавыдаленьня актуальная і для Беларусі – трагедыя ў Краснапольскай школе яшчэ доўга будзе сумным напамінам і для архітэктараў, і для патэнцыйных ахвяраў.

У Беларусі даволі шмат будынкаў, дзе пасьля нават невялікага сьнегападу назапашваюцца значныя масы сьнегу. Гэта і гіпэрмаркеты, якія пачалі актыўна будаваць апошнім часам, і спартовыя комплексы, мода на якія зьявілася яшчэ раней, і шматлікія офісныя будынкі, якія заканчваюцца плоскімі дахамі. Самі канструктары прызнаюцца, што часта праблема паўстае ўжо пасьля таго, калі пачынаецца будаўніцтва – на стадыі распрацоўкі архітэктары не заўсёды ўзгадваюць пра выдаткі зімы.

Месяц таму ў часе сустрэчы з журналістамі галоўны інжынэр прадпрыемства “Менскпраект” Людміла Шохіна прызналася, што пытаньне сьнегавыдаленьня са шклянога даху новай Нацыянальнай бібліятэкі, бадай што, самае складанае. "Мы ўпершыню сутыкнуліся з такой праблемай", сказала спадарыня Шохіна. "Аднак гэты год нічога не застаецца, як толькі назіраць: якім чынам паводзіць сябе будынак і само шкло ў момант снегападу".

Паводле Людмілы Шохінай, цяпер праблема часткова вырашаецца спосабам сьнегазатрыманьня: калі маса сьнегу дасягае крытычнай адзнакі, адчыняюцца своеасаблівыя “шлюзы”, і сьнег з вышыні 20 паверху ляціць уніз. У дасканаласьці падобнага мэтаду Людміла Шохіна сумняецца і кажа, што паралельна шукаюцца іншыя шляхі вырашэньня задачы – перадусім, вывучаецца магчымасьць цеплавых узьдзеяньняў на шкло, каб праблема здымалася ўжо падчас дрэннага надвор’я.

Задача вельмі істотная, калі ўлічыць, што будынак мае агульную вагу 130 000 тон. Аднак практыка паказвае, што ў шэрагу выпадкаў прычынамі трагедый зьяўляюцца тэрміны, у якія пастаўленыя будаўнікі. У выпадку з той жа Нацыянальнай бібліятэкай замест 78 месяцаў, акрэсьленых праектам, на будаўніцтва пайшло ўсяго 38 месяцаў.

Тры гады таму ў Менску ўрачыста быў здадзены пасьля рэканструкцыі Палац воднага спорту. Аднак ужо першыя наведнікі адчулі нязручнасьць шклянога даху. Мала таго, што істотна павялічаная маса будынку прычынілася да моцнай усадкі, у выніку чаго шкло пачало вывальвацца наўпрост ў басэйн, дык новыя шкляныя рамы аказаліся непрыстасаваныя да сьнежнай вагі. У выніку цяпер ледзьве не палова даху залепленая фанэрай.

Пасьля трагедыі ў Краснапольскай сярэдняй школе, калі сьнежнай масы ня вытрымаў дах спартовай залі, пахаваўшы пад сабой двух вучняў і настаўніка фізкультуры, адказныя чыноўнікі кінуліся ў іншую крайнасьць – загналі амаль што на ўсе дахі высотных дамоў людзей з рыдлёўкамі. Толькі за першы месяц экспэрымэнту праваахоўныя органы канстатавалі каля дзесятку загіблых і траўмаваных, якія працавалі без страховак і звальваліся з вышыні.

У гэтым зьвязку адмыслоўцы кажуць пра неабходнасьць вырашэньня праблемы сьнегавыдаленьня прынамсі яшчэ на этапе праектаваньня будынкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG