Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне Свабоды: "Ці ўплываюць выступы кандыдатаў на Ваш выбар?"


Радыё Свабода “Ці глядзіце вы выступы кандыдатаў на прэзыдэнты па тэлебачаньні, ці слухаеце па радыё, і як гэта паўплывае на ваш выбар”? На пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.

(Жанчына: ) “Асабіста я гляджу выступы кандыдатаў. Буду галасаваць на выбарах за Аляксандра Мілінкевіча. Ён казаў вельмі канструктыўныя рэчы пра нашы пэрспэктывы, пра тое, што будзе рабіць. Што датычна спадара Казуліна, то ён казаў праўду. Але ён, я лічу – гэта праект улады, каб адцягнуць галасы ад Мілінкевіча”.

(Мужчына: ) “Людзі ўпершыню зноў убачылі, што на экране два нармалёвых чалавекі, якія кажуць праўду людзям”.

(Жанчына: ) “Выступы не гляджу. Няма часу палітыкай займацца”.

(Жанчына: ) “Я для сябе вырашыла, што буду галасаваць толькі за Лукашэнку. І мая сям''я таксама”.

(Малады мужчына: ) “Я свой выбар зрабіў даўно, выступы на яго не паўплываюць. Мне больш да спадобы інтэлігентныя палітыкі, якія гатовы да канструктыўнага супрацоўніцтва з усімі палітычнымі сіламі”.

(Хлапец: ) “Штосьці казаць на тэлебачаньні могуць усе, чым наш цяперашні прэзыдэнт пэрманэнтна і займаецца. Таму я выбар свой зрабіў, на выбар гэта не паўплывае. Мой выбар – адзіны дэмакратычны кандыдат Аляксандр Мілінкевіч”.

(Маладая жанчына: ) “Спадар Гайдукевіч, ня памятаю як яго імя, я лічу, што гэта стаўленьнік улады. Яго ня варта нават і глядзець. Я ўражана выступам Аляксандра Казуліна. Ягоны выступ быў вельмі праўдзівы. Патокі праўды ліліся з экрану ТБ упершыню”.

(Жанчына: ) “Ведаеце, там вялікія разнагалосьсі. Я даўно зрабіла для сябе выбар – падтрымліваць нашага цяперашняга прэзыдэнта”.

(Мужчына: ) “Я гляджу гэтыя выступы. Бачу, напрыклад, і бачыў раней, што спадар Гайдукевіч – гэта стаўленьнік улады. Бачу, што вельмі канструктыўны спадар Мілінкевіч. Бачыў і спадара Казуліна. Некаторыя мае сябры казалі, што беларускі Жырыноўскі таксама існуе. У свой час я бачыў такога Казуліна, але яго прозьвішча было – Лукашэнка”.

(Мужчына: ) “Аляксандр Мілінкевіч – сумленны, праўдзівы чалавек, які ўжо напачатку выклікае ў мяне давер”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG