Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне Свабоды: "Якія пэрспэктывы ў калгасаў?"


Радыё Свабода “Як вы ставіцеся да пэрспэктывы разьвіцьця калгасаў і ўласнасьці на зямлю”? На гэтае пытаньне адказваюць жыхары вёскі Пакалюбічы Гомельскага раёну.

(Жанчына: ) “Э-э, гэта вялікае пытаньне. Калі б было меней мафіі… Толькі зьверху ўсё ідзе – з райвыканкамаў, аблвыканкамаў. Меней бы цягнулі, меней сабе бралі, катэджаў будавалі, а болей увагі надзялялі калгасам, простым людзям, быў бы парадак і пэрспэктыва. Што, людзі ня тыя, ня так працуюць, ня з тымі рукамі? Зьверху, каб камандавалі лепей, былі б калгасы, пэрспэктыва ва ўсіх”.

(Мужчына: ) “У апошні год зрухі ёсьць. Ёсьць дапамога дзяржавы – МАЗамі, трактарамі, сеялкамі. У нас з тэхнікаю было тугавата”.

(Мужчына: ) “Няма ніякай пэрспэктывы. Ніякай! Разьвіваюцца толькі шматфункцыянальныя калгасы, у якіх ёсьць усё. Гэта – імя Урыцкага, “Брылёва”, “Сноў”, “Зара” Мазырскага раёну. Астатнія разьвівацца ня будуць. Ня бачна ў іх пэрспэктывы. Трэба ўсталяваць парытэт цэнаў, каб і бэнзін, і салярка раўняліся кошту 1 літра малака. І болей нічога рабіць ня трэба”.

(Жанчына: ) “Калі аграгарадок пабудуюць і будуць укладваць грошы, тады будзе пэрспэктыва. А так, на мой погляд, няма”.

(Малады мужчына: ) “Будуць разьвівацца. Збожжа, хлеб па-любому патрэбны. А хто іх будзе здабываць? Калгасы! Болей няма каму. Трэба толькі грошай больш укладваць, не запускаць калгасы і не раскрадаць”.

(Жанчына: ) “Я думаю, што ёсьць пэрспэктыва. Наш калгас пад кіраўніцтвам прэзыдэнта дапамогу атрымлівае. Ён увайшоў у лік 100 гаспадарак рэспубліканскага значэньня і цяпер у нас справы наладжваюцца. Аб''ядналіся нядаўна з калгасам “Лапацінскім”. Мяркую так: якія калгасы вельмі слабыя і ня змогуць устаць, іх лепей наогул распусьціць. Альбо прадаць фэрмэрам”.

(Мужчына: ) “Час цяпер іншы. Людзей зараз меней працуе ў калгасе. У асноўным усе ў горадзе”.

(Жанчына: ) “Наша вёска вялікая. Моладзі шмат. Калі заробак будзе добры, пойдуць працаваць у калгас, я так мяркую. І ня трэба будзе ў горад езьдзіць. А так бальшыня моладзі ў горадзе працуе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG