Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэакцыя сьвету на сытуацыю ў Беларусі -- хроніка тыдня


Радыё Свабода Беларуская сытуацыі напярэдадні выбараў па-ранейшаму ў фокусе ўвагі ўплывовых замежных палітыкаў і арганізацыяў.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Дэвід Крэмер у часе ўчорашніх сустрэчаў з прадстаўнікамі беларускай улады і апазыцыі ў Менску заявіў, што ЗША не падтрымліваюць нікога зь кандыдатаў на беларускага прэзыдэнта, але падтрымліваюць дэмакратыю і вольны выбар народу.

(Крэмэр: ) “Я спадзяюся, што самаізаляцыя Беларусі закончыцца. Але гэта не здарыцца, калі падзеі тут будуць разьвівацца ў няправільным кірунку”

“Сярод 800 мільёнаў эўрапейцаў не стае 10 мільёнаў беларусаў”, заявіў у чацьвер ў часе праскай канфэрэнцыі па пытаньнях Беларусі Прэзыдэнт ПАРЭ Рэнэ ван дэр Ліндэн.

(ван дэр Ліндэн: ) "Беларусь, гэта адзіная краіна ў Эўропе, якая не зьяўляецца сябрам Рады Эўропы. Пытаньне ў тым, які знайсьці спосабы, каб дапамагчы беларусам у іх шляху да дэмакратыі і павагі да закону і правоў чалавека".

Прэзыдэнтка Латвіі Вайра Віке-Фрэйберга ў чацьвер у інтэрвію латвійскаму радыё заявіла, што Эўразьвязу трэба гаварыць з Расеяй для таго, каб знайсьці сумеснае стаўленьне да працэсаў у Беларусі.

Пра сваё жаданьне прыехаць назіральнікамі за беларускімі выбарамі заявілі ў сераду дэпутаты Эстоніі. Гаворыць намесьнік старшыні парлямэнцкай камісіі “У падтрымку дэмакратыі ў Беларусі” Марка Мікхельсон

(Мікхельсон: ) “На сёньня мы ўжо маем 14 дэпутатаў, якія выказалі такое жаданьне. Але сьпіс закрыецца 28 лютага, і жадаючых будзе больш. Мы спадзяемся, што атрымаем беларускія візы”

Эўракамісія мае намер ўвесьці пасаду часовага паверанага ў справах Беларусі. Ім стаў Дэрк Шубэль – кіраўнік аддзелу палітыкі прадстаўніцтва Эўракамісіі ў справах Украіны і Беларусі, якое месьціцца ў Кіеве.

Кіраўнік Чэскай амбасады ў Менску Ўладзімір Румл быў выкліканы ў чацьвер у беларускае МЗС, дзе яму завілі рашучы пратэст. Напярэдадні беларускае тэлебачаньне у сваім рэпартажы абвінаваціла чэскую амбасаду ў правядзеньні "падрыўной дзейнасьці" ў краіне.

Міністар замежных справаў Чэхіі пракамэнтаваў скандал вакол чэскіх дыпляматаў ў Менску.

(Свобада: ) "Гэта абвінавачаньне адназначна абвяргаю. Тое, што Беларусь ацаніла як падрыўныя матэрыялы, нішто іншае, як брашурка з тэкстам, які выпрацавала камісія правоў чалавека ААН. Беларусь зьяўляецца сябрам гэтай арганізацыі, таму нашыя дзеяньні ня могуць быць нейкай падрыўной дзейнасьцю".

У нядзелю стартуе новы інфармацыйны праект Эўракамісіі "Window to Europe (Акно ў Эўропу). Гэта будуць адмысловыя тэле– і радыёпраграмы для Беларусі, якія будуць таксама дублявацца і ў Інтэрнэце. У размове са Свабодай прэсавая сакратарка Эўракамісіі Эма Адвін сказала

(Адвін: ) Гэты новы праект вяшчаньня на Беларусь – ня ёсьць прапагандай.Гэта шлях да забесьпячэньня інфармацыяй тых беларусаў, якія хочуць мець доступ да незалежных мэдыяў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG