Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч сустрэўся з аршанскімі выбарцамі (фота)


Радыё Свабода, Ворша Сёньня кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Мілінкевіч сустракаўся з жыхарамі Воршы. Кіраўнік аршанскай ініцыятыўнай групы Мілінкевіча атрымаў афіцыйную заўвагу за арганізацыю сустрэчы з кандыдатам. Старшыня гарадзкой выбарчай камісіі спадарыня Захарэнкава заўважыла Васілю Леўчанкаву, што сёньняшняя сустрэча з Аляксандрам Мілінкевічам у Цэнтральным парку Воршы нібыты праводзілася з парушэньнем заканадаўства пра парадак правядзеньня вулічных акцыяў.

Аляксандар Мілінкевіч правёў дзьве сустрэчы з аршанскімі выбарцамі. Першая зь іх праходзіла ў Цэнтральным гарадзкім парку, і адразу на пачатку імпрэзы кіраўнік ініцыятыўнай групы кандыдата на прэзыдэнта Васіль Леўчанкаў атрымаў афіцыйную заўвагу ад старшыні гарадзкой выбарчай камісіі:

(Леўчанкаў: ) “Падышла да мяне Натальля Іванаўна Захарэнкава, старшыня камісіі гарадзкой, і зрабіла афіцыйнае папярэджаньне, што, маўляў, я парушаю заканадаўства – арганізаваў несанкцыянаваны мітынг. Я запытаўся: “Дык што мне за гэта будзе: штраф або суткі?” Яна пасьміхнулася. А ўвогуле шмат людзей было: і жанчыны, і мужчыны, і моладзь. Прыблізна чалавек дзьвесьце было, ня меней”.

На сустрэчы прысутнічалі і міліцыянты зь відэакамерай, і лідэры БРСМ, і прадстаўнікі Аршанскага гарвыканкаму, якія пацьвердзілі, што яшчэ загадзя папярэджвалі спадара Леўчанкава пра небясьпеку парушэньня адміністрацыйнага заканадаўства. На іхную думку, кіраўнік ініцыятыўнае групы мусіў зьвярнуцца па дазвол за 15 дзён, як прадугледжана законам пра арганізацыю і правядзеньне вулічных акцыяў.

На наступная сустрэча з удзелам Аляксандра Мілінкевіча прайшла ў Палацы культуры машынабудаўнікоў. Заля на 500 глядацкіх месцаў была амаль поўная, аднак арганізатары імпрэзы мяркуюць, што людзей магло б сабрацца яшчэ больш, каб сустрэча праходзіла ў цэнтры гораду. Але аршанскі гарвыканкам адмовіў сябрам ініцыятыўнай групы на іхную просьбу арганізаваць сустрэчу з кандыдатам на прэзыдэнта ў самай вялікай залі гораду – у Гарадзкім цэнтры культуры.

Афіцыйная прычына адмовы – гэтую ўстанову не ўключылі ў пералік месцаў, вызначаных для правядзеньня агітацыйных сустрэч. Супрацоўніца гарвыканкаму сказала, што нават Аляксандар Лукашэнка мог бы разьлічваць толькі на такія ўмовы, калі б выказаў жаданьне прыехаць да аршанскіх выбарцаў.

На апошняй імпрэзе прысутнічаў кіраўнік ідэалягічнага аддзелу, а таксама кіраўнікі ідэалягічных службаў амаль што ўсіх аршанскіх прадпрыемстваў. З дазволу арганізатараў сустрэчу з кандыдатам на прэзыдэнта здымаў мясцовы недзяржаўны тэлеканал “Скіф”.

Фотарэпартаж з Воршы







Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG