Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ не выпускае затрыманых актывістаў “Партнэрства”


Радыё Свабода Справу затрыманых актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” Цімафея Дранчука, Эніры Браніцкай, Аляксандра Шалайкі і Міколы Астрэйкі з КДБ перадалі ў пракуратуру. Іх затрымалі супрацоўнікі КДБ 21 лютага. На кватэрах зрабілі ператрус і забралі ўсе носьбіты інфармацыі. Апазыцыянэраў падазраюць у кіраваньні арганізацыяй, якая парушае правы грамадзянаў.

Сёньня сьледчыя КДБ не выклікалі адвакатаў на допыты апазыцыянэраў. Яны патлумачылі, што адвакаты ім не патрэбныя, бо сьледчых дзеяньняў ужо не вядзецца. Адвакатцы Веры Страмкоўскай сьледчы КДБ Дзьмітры Холад паведаміў, што крымінальную справу перадалі ў пракуратуру.

Паводле заканадаўства, рашэньне якую меру стрыманьня абяруць для Цімафея Дранчука, Эніры Браніцкай, Аляксандра Шалайкі і Міколы Астрэйкі, мусіць быць прынятае пракуратурай.

Гаворыць Вера Страмкоўская:

(Страмкоўская: ) “Мне вядома, што справу перадалі ў пракуратуру гораду, каб вырашыць дзе далей будзе знаходзіцца справа – у пракуратуры, ці ў міліцыі. Я ўпэўнена, што ўжо прынята рашэньне пра меру стрыманьня, але, на жаль, мы яго ня ведаем, бо мяне не выклікалі. Гэта і не абавязкова, згодна з нашым заканадаўствам. А 7-й вечара скончыліся 72 гадзіны, каб абраць меру стрыманьня для Астрэйкі. Яго няма на волі. Гэта ёсьць сьведчаньнем таго, што яго арыштавалі”.

Сваякі і паплечнікі затрыманых стаялі ўвечары ля будынку КДБ. Яны спадзяваліся, што, магчыма, хто-небудзь з апазыцыянэраў выйдзе адтуль на волю. У Цімафея Дранчука і Міколы Астрэйкі цяжарныя жонкі. У Аляксандра Шалайкі 10-месячнае дзіця, якое зараз хварэе. Эніра Браніцкая сама мае вострую форму язвы страўніка.

Паводле існуючай практыкі, арыштаваных людзей пасьля перадачы крымінальнай справы ў пракуратуру, пераводзяць у сьледчы ізалятар, так званую "Валадарку".

Сваякі актывістаў “Партнэрства”, арганізацыі, якая займалася выключна назіраньнем за выбарамі, спадзяюцца, што 27 лютага адвакатам дадуць магчымасьць сустрэцца з падабароннымі і высьветліць іхны статус.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG