Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праект тэлевежы знаходзіцца на разглядзе ў Лукашэнкі


Ігар Карней, Менск Сёньня Аляксандар Лукашэнка расказаў, што канчатковы варыянт архітэктурнага вырашэньня менскай тэлевізыйнай вежы гатовы і знаходзіцца ў яго на разглядзе. Лукашэнка яшчэ раз заявіў, што вежа мусіць быць трэцяй-чацьвертай ў сьвеце паводле сваёй вышыні – ня меней за 425 мэтраў.

Аляксандар Лукашэнка не ўдакладніў, які менавіта праект ўзяты за аснову. Аднак стала вядома, што чарговым разам зможа рэалізаваць свае амбіцыі менскі архітэктар Віктар Крамарэнка – аўтар праекту Нацыянальнай бібліятэкі. Сам ён лічыць, што прадстаўленая на конкурс ягоная праца “Папараць-кветка” – найбольш блізкая беларусам паводле духу.

(Крамарэнка: ) “Хацеў бы ўсё ж гэтую ідэю ажыцьцявіць. У мяне такое ёсьць адчуваньне, мяркуючы па водгуках людзей, што гэты вобраз – досыць блізкі сэрцу нашага беларуса. Таму вельмі хацелася б, як і кожнаму архітэктару, перамагчы. Буду спадзявацца на гэта”.

Яшчэ ў 1998 годзе Міністэрства сувязі Беларусі абвесьціла тэндэр на будаўніцтва ў Менску тэлевежы. Экспэртная камісія, ацаніўшы заяўкі праектных калектываў з дзесяці краінаў, аддала перавагу працы Віктара Крамарэнкі пад ужо згаданай назвай “Папараць-кветка”. Сродкаў на дарагі праект тады не знайшлося, аднак летась прадстаўнічая беларуская дэлегацыя езьдзіла ў Маскву дзеля кансультацый з адпаведнымі будаўнічымі арганізацыямі.

Меркавалася, што ўзьвядзеньне тэлевежы пачнецца ў 2007 годзе. Але паколькі і Міністэрства сувязі, і асабіста Аляксандар Лукашэнка зьяўляюцца вялікімі прыхільнікамі рэалізацыі праекту, будаўнічыя працы могуць пачацца ўжо сёлета. Прынамсі, сёньня кіраўнік краіны некалькі разоў падкрэсьліў: вежа можа і мусіць стаць сапраўднай візытоўкай Беларусі. У сваю чаргу, архітэктара Віктара Крамарэнку цешыць, што, прынамсі, вырашанае самае складанае пытьньне – фінансавае.

(Крамарэнка: ) “Калі рашэньне прымаецца на такім высокім узроўні, то, мабыць, ужо магчымае вырашэньне фінансавай праблемы. Але пра гэта ўжо ня нам з вамі казаць, бо гэта пытаньне, на якое можа адказаць толькі самы кампэтэнтны чалавек у гэтай галіне. Ці трэба пытаньні задаваць заказчыкам – Міністэрству сувязі і г.д.”.

Пасьля нядаўняй паездкі Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай ён шмат спасылаўся на досьвед гэтай краіны – маўляў, там вялікая колькасьць падобных аб’ектаў, і каб яны былі неактуальнымі, ніхто б іх не будаваў. Цікава, што “Папараць-кветка” паводле вышыні можа заняць другое месца ў Эўропе пасьля Астанкінскай вежы ў Маскве і чацьвертае ў сьвеце, пасьля шанхайскай “Усходняй пэрлінай”. Сёньня кіраўнік краіны заявіў, што тэлевежа будзе выкарыстоўвацца ня толькі для тэлебачаньня і сродкаў сувязі. Яна павінна стаць адным з сымбаляў велічы краіны.

Тым часам, адмыслоўцы заяўляюць, што ня бачаць мэтазгоднасьці будаўніцтва падобнай тэлевежы: сучасныя тэхналёгіі разьвіваюцца такім чынам, што падача сыгналю з максымальнай вышыні ўжо не патрэбная, а на першае месца выходзяць спадарожнікавыя і кабэльныя тэхналёгіі перадачы сыгналу.

Дарэчы, Аляксандру Лукашэнку толькі з трэцяй спробы ўдалося пераканаць Савет міністраў у тым, што Беларусі неабходны чарговы фінансаёмісты праект.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG