Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: Міліцыя перашкаджае агітацыйнай кампаніі Мілінкевіча


Радыё Свабода Як мы паведамлялі, 23 лютага ў другой палове дня ў Гомелі міліцыя затрымала дзьве групы распаўсюднікаў агітацыйных матэрыялаў Аляксандра Мілінкевіча. Увечары міліцыянты Цэнтральнага аддзелу міліцыі сканфіскавалі амаль паўтары тысячы буклетаў Мілінкевіча. А сёньня на досьвітку ў Жлобіне міліцыянты затрымалі экспэдытараў “Народнай Волі”.

У Гомелі распаўсюднікаў буклетаў Аляксандра Мілінкевіча затрымлівалі збройныя міліцыянты. У Цэнтральным райаддзеле міліцыі агітацыйныя матэрыялы сканфіскавалі. Распавядае Андрэй Толчын, які разам з Кацярынай Гаравой раздаваў буклеты ля ўнівэрмагу:

(Толчын: ) “Прыйшлі два міліцыянты. Адзін быў з аўтаматам Калашнікава, другі — зь пісталетам Макарава. У міліцыі мяне пратрымалі тры гадзіны. Забралі буклеты Мілінкевіча — 608 штук. Загад аддаваў Сяргей Яфіменка, маёр, намесьнік начальніка райаддзелу міліцыі. З гэтага я зрабіў выснову, што ў Гомелі выбарчай кампаніяй на карысьць Лукашэнкі займаецца і міліцыя”.

У групы Юрася Захаранкі ў Цэнтральным аддзелу міліцыі сканфіскавалі 795 буклетаў Мілінкевіча:

(Захаранка: ) “Гомельская міліцыя, мне здаецца, дрэнна ведае нашае заканадаўства, Выбарчы кодэкс. І таму яна служыць нейкім інструмэнтам цяперашняй улады. Нават вышэйшыя чыны, як падпалкоўнік Сіліванаў з абласной міліцыі, ня ведаюць Выбарчага кодэксу. Ён таксама ўдзельнічаў у нашым затрыманьні”.

Намесьнік начальніка Чыгуначнага райаддзелу міліцыі маёр Яфіменка адмовіўся камэнтаваць, на якой падставе ўчастковыя затрымліваюць распаўсюднікаў і сканфіскоўваюць агітацыйныя матэрыялы, выдадзеныя на сродкі Цэнтравыбаркаму:

(Яфіменка: ) “Няма мне часу, бо я еду на калегію. Да пабачэньня”.

Ня змог нічога патлумачыць з нагоды канфіскацыі буклетаў і начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі абласной управы ўнутраных справаў Леанід Адзіночанка. Ён наагул заявіў, што ня ведае пра затрыманьні і канфіскацыю агітацыйных матэрыялаў кандыдата ў прэзыдэнты. Прынамсі, Цэнтральны аддзел міліцыі пра гэта яму не дакладаў.

Давераная асоба Аляксандра Мілінкевіча ў Гомелі Ўладзімер Кацора распавёў, што з прычыны затрыманьня і канфіскацыі ў распаўсюднікаў агітацыйных матэрыялаў падаў сёньня заяву ў пракуратуру, а таксама ў Цэнтральную і абласную выбарчыя камісіі.

(Кацора: ) “Мы не такія слабыя, як нас афіцыйна падаюць выбарцам, грамадзянам. Мы — моцная каманда. Гэта рэакцыя слабой улады на нашы добрыя перадвыбарчыя дзеяньні”.

А сёньня ў Жлобіне блізу пятай гадзіны раніцы дарожныя інспэктары спынілі і праводзілі ў пастарунак экспэдытараў “Народнай Волі”. Як паведаміў Сяргей Семянюк, у пастарунку ён і кіроўца правялі чатыры гадзіны. Міліцыянты патрабавалі чакаць, калі пачне працу раённая выбарчая камісія і аддзел ідэалёгіі райвыканкаму. Яны, маўляў, і будуць вырашаць, ці можна ў Жлобіне распаўсюджваць сьвежыя нумары “Народнай Волі”.

Паколькі на працягу чатырох гадзін міліцыянты ніякіх сьледчых дзяньняў не вялі, экспэдытары здолелі пакінуць пастарунак і зьехаць са Жлобіна разам са сваім грузам. “Народную Волю” чакалі яшчэ і падпісчыкі Бабруйску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG