Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаліся выступы кандыдатаў на прэзыдэнта па дзяржаўным радыё


Радыё Свабода Сёньня пачаліся перадвыбарчыя выступы кандыдатаў на прэзыдэнта на Першым канале дзяржаўнага радыё. Першым выступіў Сяргей Гайдукевіч, Аляксандар Лукашэнка адмовіўся ад права на 30-хвілінны радыёзварот да выбарцаў, як і ад свайго праграмнага тэлезвароту 21 лютага.

Сяргей Гайдукевіч сёньня агучыў зь невялікімі зьменамі той жа выступ, які быў на БТ 21 лютага. Як і тады, ён крытыкаваў апазыцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта за тое, што рыхтуюць зьмену ўлады ў Беларусі па ўкраінскім сцэнары і нэгатыўна ацэньваў іх праграмы і выступы на тэлебачаньні:

(Гайдукевіч: ) “Паглядзіце, як па-хамску і незразумела яны паводзяць сябе на тэлебачаньні, усе ж іх іншыя размовы аб дэмакратыі, правах чалавека і разьвіцьці эканомікі — для адводу вачэй ня толькі нас з вамі, але і расейскай эліты”.

Крытыка Сяргея Гайдукевіча на адрас эканамічнай палітыкі ўраду цяпер прагучала больш стрымана:

(Гайдукевіч: ) “Зьвяртаюся да новага, будучага ўраду і падкрэсьліваю: стабільнасьць бюджэтнай і падатковай палітыкі зьяўляецца найважнейшым фактарам эканомікі”.

Сёньня ж іншыя кандыдаты на прэзыдэнта Аляксандар Казулін і Аляксандар Мілінкевіч запісалі свае выступы, які маюць прагучаць у панядзелак.

Спадар Казулін заявіў, што ён не паўтараў свайго тэлевізійнага тэксту, ягоны першы радыёвыступ запісаны ў іншай танальнасьці:

(Казулін: ) “Гэты выступ быў вельмі спакойным, я заклікаў да таго, каб адысьці ад канфліктаў, ад вайны, нам трэба разумець, што беларусы павінны быць у міры. І я сказаў, што сёньня Лукашэнка — гэта галоўны пункт згушчэньня і нестабільнасьці”.

Спадар Казулін зазначае, што ён шмат казаў пра сацыяльныя і эканамічныя праблемы:

(Казулін: ) “Калі бяруць і складаюць у сярэдні заробак і шматмільённы заробак высокапастаўленых асобаў, і тое, што маюць простыя людзі, то, канечне, атрымліваецца гэты сярэдні заробак на 250 даляраў, які мы наўрад ці ў каго рэальна пабачым. Таму на сярэдні заробак тых можна жыць няблага, а на сярэдні ў нас, простага люду, наўрад ці выжывеш”.

Аляксандар Мілінкевіч у запісаным сёньня радыёвыступе таксама шмат гаварыў пра сацыяльна-эканамічныя праблемы.

(Мілінкевіч: ) “Пра немагчымасьць ініцыятывы, пра тое, што чалавека прыніжаюць, але галоўны лейтматыў быў — даць чалавеку волю і не вырашаць за яго ягоных пытаньняў. Чалавек сам створыць багатую Беларусь і сваю сям’ю”.

Але была ў спадара Мілінкевіча і вострая крытыка на адрас дзейнага кіраўніцтва краіны:

(Мілінкевіч: ) “Паглядзіце на твар гэтай улады, у мяне дагэтуль перад вачыма кіраўніца справаў Лукашэнкі спадарыня Жураўкова. Судом выяўлена, што яна скрала 2,5 мільёны даляраў. І пасьля суду, дзе ёй за гэтыя мільёны даляраў далі ўсяго тры гады турмы, усё роўна ні дня не сядзела. Пазычыла ў знаёмых пару мільёнаў даляраў і аддала. У вас ёсьць такія знаёмыя? А хто гэтую Жураўкову прызначыў, хто пусьціў у агарод, хто даў магчымасьць красьці?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG