Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі сфармулявалі ўмовы, пры якіх гатовы адмовіцца ад страйку


Радыё Свабода Каардынацыйная рада прадпрымальнікаў краіны прад’явіла ўладам дзесяць патрабаваньняў. Калі яны будуць выкананы, прадпрымальнікі гатовы адмовіцца ад страйку, заплянаванага на 2—3 сакавіка, падчас Усебеларускага народнага сходу.

Каардынацыйная рада паінфармавала адміністрацыю прэзыдэнта і ўрад пра ўмовы адмены прадпрымальніцкага страйку, які заплянаваны на 2—3 сакавіка — у час правядзеньня Ўсебеларускага народнага сходу. У прыватнасьці, бізнэсоўцы патрабуюць адмяніць указы і дэкрэты, якія абмяжоўваюць прадпрымальніцкую дзейнасьць, скасаваць падатак на даданую вартасьць, спыніць кампанію пераводу індывідуальных прадпрымальнікаў у катэгорыю юрыдычных асобаў, зьменшыць штрафы. Гаворыць старшыня каардынацыйнай рады менскіх прадпрымальнікаў Аляксандар Макаеў:

(Макаеў: ) “Ад імя ўсіх прадпрымальнікаў гэты зварот. Спадары чыноўнікі, давайце працаваць. Вось гэтыя праблемкі гатовыя вырашаць? Гатовыя абмяркоўваць? Гэтыя праблемы трэба было рашыць яшчэ ўчора. Усе пункты гэтыя важныя — як дзесяць запаветаў. Прадпрымальнікам трэба эканамічныя правы”.

Ва ўладных структурах ведаюць пра незадаволенасць прадпрымальнікаў. Разам з тым, паводле чыноўнікаў, з дробнымі бізнэсоўцамі ўлады вядуць дыялёг і вырашаюць канфліктныя сытуацыі. Гаворыць кіраўнік дэпартамэнту прадпрымальніцтва Міністэрства эканомікі Аляксандар Ліхачэўскі:

(Ліхачэўскі: ) “У нас арганізавана рабочая група пры дэпартамэнце прадпрымальніцтва. Віцэ-прэм’ер Кабякоў Андрэй Уладзімеравіч працуе з намесьнікамі старшыняў аблвыканкамаў і Менгарвыканкаму для вырашэньня праблемных пытаньняў, якія паступаюць ад прадпрымальнікаў зь месцаў”.

Між тым, у рэгіёнах прадпрымальнікі таксама часта не знаходзяць агульнай мовы з чыноўнікамі. Гаворыць лідэр дробных бізнэсоўцаў Салігорску Аляксандар Цэцура:

(Цэцура: ) “Лукашэнка выступаў год таму, казаў, што будуць гуртовыя рынкі, але на сёньняшні дзень гуртовых рынкаў нідзе няма”.

Аднак ці будуць страйкаваць 2—3 сакавіка салігорскія прадпрымальнікі — пакуль невядома. Паводле спадара Цэцуры, тут не стае зьвестак пра акцыю. А вось лепельскія бізнэсоўцы, паводле іх лідэра Алега Тычыны, пра яе ведаюць:

(Тычына: ) “Прадпрымальнікі ня маюць іншага выйсьця, якрамя як ісьці 2—3 сакавіка на Кастрычніцкую плошчу. Таму што, калі яны ня выйдуць, то, яны гэта цудоўна разумеюць, да ліпеня 2006 году канкрэтна ў Лепелі прадпрымальнікаў ня будзе”.

Год таму, у сакавіку 2005 году, у Беларусі адбыўся агульнанацыянальны страйк прадпрымальнікаў, у якім удзельнічалі дзясяткі тысяч гандляроў розных рэгіёнаў. Яны пратэставалі супраць увядзеньня падатку на даданую вартасьць. Бізнэсоўцы дамагліся сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, які паабяцаў гандлярам кампэнсаваць выдаткі на гэты падатак. Аднак, як сьведчыць інфармацыя зь месцаў, абяцаньне кіраўніка краіны дагэтуль ня выканана.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG