Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зьбіраюцца кандыдаты вяртаць людзям банкаўскія ўклады?


Радыё Свабода Яшчэ ў 1994 годзе Аляксандар Лукашэнка абяцаў вярнуць насельніцтву ўклады, якія згарэлі ў ашчадным банку за два гады перад тым. Нават быў прыняты ўказ аб кампэнсацыі ўкладаў насельніцтва. Падлічылі, што вярнуць трэба больш за два мільярды даляраў. Аляксандар Лукашэнка кажа, што ў дзяржавы няма лішніх грошай, але, маўляў, дзяржава ад гэтай праблемы не ўхіляецца. Аднак варыянт рашэньня гэтай праблемы дагэтуль ня знойдзены. Як прапануюць кампэнсоўваць страчаныя людзьмі банкаўскія ўклады кандыдаты ў прэзыдэнты.

Сяргей Гайдукевіч кажа, што як дэпутат Палаты прадстаўнікоў працуе над гэтым пытаньнем ужо сем месяцаў.

(Гайдукевіч: ) ”Памятаеце, кампэнсацыю абяцалі тэлевізарамі і гэдак далей. Я гэтым пытаньнем займаюся ў парлямэнце пастаянна і прытым ведаю шляхі яго рашэньня. Я толькі на сем старонак напісаў свае прапановы ўраду”.

Тлумачыць гэтыя прапановы спадар Гайдукевіч ня стаў. Але ён перакананы, што вырашыць праблему можна.

(Гайдукевіч: ) ”Паэтапна магчыма. Прычым разам з выбарцамі, якія да мяне зьвярталіся. Вельмі многа прапаноў. Там нават, урэшце рэшт, як гэтымі існуючымі лішнімі таварамі, якія ёсьць, кампэнсаваць людзям”.

Аляксандар Казулін заяўляе, што верне страчаныя ўклады насельніцтву.

(Казулін: ) “Я думаю, што Лукашэнка толькі абяцае, а я гэта зраблю. І ведаю, дзе знайсьці грошы”.

Паводле спадара Казуліна, гэтыя грошы спачатку трэба зарабіць.

(Казулін: ) “Вось, Лукашэнка кажа, што ў нас добрая эканоміка. Дык чаму ж ён тады не аддасьць уклады, якія людзі згубілі? Таму трэба думаць пра людзей, а не пра самога сябе. І тады ўсё будзе ў парадку. І ўмець эфэктыўна кіраваць краінай і эканомікай. Тады з’явіцца магчымасьць вырашыць і пытаньне ўкладаў”.

Прэсавы сакратар перадвыбарчага штабу Аляксандра Лукашэнкі Дзьмітры Косьцін тлумачыць:

(Косьцін: ) “Гэта самае надзённае пытаньне, якое цягам пяці год застаецца актуальным. Магчымасьць вырашэньня гэтага пытаньня залежыць ад стану эканомікі. І кампэнсацыя ўкладаў будзе весьціся, ужо існуюць пэўныя захады ў вырашэньні гэтага пытаньня”.

Аляксандар Мілінкевіч кажа, што вяртаньне ўкладаў – гэта вельмі важнае пытаньне, якое людзі старэйшага ўзросту задаюць на большасьці сустрэчаў.

(Мілінкевіч: ) “Як бы ня быў малы наш бюджэт у гэты час, але можна пачынаць гэтую справу з дапамогай фонду, які трэба ствараць. І гэта фонд павінен папаўняцца тымі сродкамі ад прыватызацыі, што ў нас будуць. Яны не павінны разыходзіцца невядома куды, а канцэнтравацца ў такім фондзе. Дарэчы, гэты ж фонд можа дапамагаць і ў павелічэньні пэнсій, і ў вырашэньні іншых сацыяльных праблем. Так рабілася ў іншых краінах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG