Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня ПАРЭ – на беларускай "Свабодзе"


Радыё Свабода Старшыня Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) Рэнэ ван дэр Ліндэн у часе канфэрэнцыі ў Празе, прысьвечанай Беларусі, адказаў на пытаньні Радыё Свабода пра тое, што можа зрабіць міжнародная супольнасьць і Расея для таго, каб наблізіць Беларусь да Эўропы.

(ван дэр Ліндэн: ) "Беларусь, на дадзены момант, гэта адзіная краіна ў Эўропе, якая не зьяўляецца сябрам Рады Эўропы, і гэта ў інтарэсах грамадзянаў Беларусі – стаць часткай міжнароднай эўрапейскай супольнасьці. І я ўпэўнены, што Расея таксама можа знайсьці шлях, каб дапамагчы Беларусі стаць сябрам Рады Эўропы. Я абмяркоўваў гэта ў Расеі. І я супраць палітыкі ізаляцыі. Ізаляцыя – гэта тупікавы шлях. Пытаньне ў тым, які знайсьці спосабы, каб дапамагчы беларусам у іх шляху да дэмакратыі і павагі да закону і правоў чалавека".

(Карэспандэнт: ) "Што канкрэтна можа зрабіць Расея, каб пераканаць Беларусь і яе лідэра зьмяніць накірунак, якім яна рухаецца цяпер?"

(ван дэр Ліндэн: ) "Расея будзе старшыняваць у Радзе Эўропы ад 1 траўня. Гэта гістарычны момант. Упершыню ў расейскай гісторыі Расея стане старшынём міжнароднай дэмакратычнай эўрапейскай арганізацыі.

Так, мы мусім пераканаць Расею, што ў Беларусі павінны адбыцца зьмены. І зьмены, што тычыцца выкананьня абавязаньняў, якія прынялі ўсе сябры Рады Эўропы, а таксама і Беларусь.

Я ня ведаю, як доўга спатрэбіцца часу, каб гэта адбылося, аднак я ўпэўнены, што Беларусь стане сябрам Рады Эўропы".

(Карэспандэнт: ) "Але многія ў Расеі і расейскім ўрадзе сымпатызуюць Аляксандру Лукашэнку..."

(ван дэр Ліндэн: ) “Так, я ўпэўнены, што гэта мае месца. Нельга параўноўваць Расею зь іншымі сябрамі Рады Эўропы. Расея ўсё яшчэ супэрдзяржава, і гэтая краіна мае вельмі складаную сытуацыю. І Расея ня ёсьць краінай, якую можна зьмяніць цягам некалькіх гадоў. Для мяне вельмі важна, што Расеія зьяўляецца часткай Эўропы, і што яны павінна выконваць абавязкі і рэкамэндацыі Рады Эўропы”.

(Карэспандэнт: ) "Ці можам мы верыць у зьмены з улікам павелічэньня рэпрэсій у Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка не прыслухоўваецца да заяваў Рады Эўропы, Эўразьвязу і Злучаных Штатаў... Ён проста можа захаваць уладу гвалтам, не зважаючы на Захад".

(ван дэр Ліндэн: ) “Я баюся, што вы маеце рацыю, але гэта ня значыць, што ня будзе ніякіх зьменаў. Так, надыдзе момант, калі ў Беларусі адбудуцца зьмены. Гэта дакладна. Пытаньне – калі. Мы хочам падтрымаць, заахвоціць і паскорыць гэты працэс. І для гэтага нам патрэбныя інструмэнты, нам патрэбная дапамога няўрадавых арганізацый, дэмакратычных сілаў непасрэдна ў краіне і людзей ў іншых дзяржавах Рады Эўропы, такіх, як напрыклад студэнты.

Так, Лукашэнка можа захаваць свае пазыцыі гвалтоўным чынам, аднак гэта прыкмета таго, што ён баіцца, што насельніцтва ўсё больш падтрымлівае дэмакратычныя сілы, і я шчыра спадзяюся, што вынікам гэтых выбараў будзе некаторы зрух у беларускіх грамадзтве”.

(Карэспандэнт: ) "Адказваючы па пытаньне пра розныя мэтады ўзьдзеяньня на Беларусь, Рэнэ Ван дэр Ліндэн згадаў, як у Нью-Ёрку падчас канфэрэнцыі сьпікераў парлямэнтаў запрасіў на лянч сьпікера беларускага парлямэнту..."

(ван дэр Ліндэн: ) “Я запрасіў сьпікера парлямэнту, ён сядзеў разам са мной, і мы вялі адкрытую дыскусію. Я сказаў яму, што ён павінен ведаць, што калі ў Беларусі ня будзе свабодных мэдыяў, свабоды выказваньня, будуць працягвацца рэпрэсіі супраць палітычных апанэнтаў, то тады непасрэдна вы рызыкуеце апынуцца ў турме праз тры гады. А я не хацеў бы наведваць Вас за кратамі праз тры гады... Гэта жарт”.

Гл. таксама • "Сярод 800 мільёнаў эўрапейцаў не стае 10 мільёнаў беларусаў" • Міністар замежных справаў Славакіі – на беларускай "Свабодзе" • Чэскі міністар Свобада адказаў на закіды афіцыйнага Менску
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG