Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь заваявала першы мэдаль у Турыне


Ігар Карней, Менск Тое, чаго беларусы чакалі два тыдні, нарэшце здарылася – нацыянальная каманда Беларусі, як і ў часе папярэдніх алімпійскіх спаборніцтваў, здолела скокнуць у апошні вагон. Не апраўдаўшы сёньня авансавых спадзяваньняў ў біятлённай жаночай эстафэце, а ўчора – у жаночай акрабатыцы – мужчыны-фрыстайлісты пацьвердзілі свой міжнародны статус. Паводле двух фінальных скачкоў Дзьмітры Дашчынскі ўзьняўся на другую прыступку, але, як было бачна, быў крыху расчараваны вынікам: падрыхтоўка давала падставы спадзявацца на залаты мэдаль.

Дзьмітры Дашчынскі ўжо быў на алімпійскім п’едэстале восем гадоў таму ў Нагана – тады ён меў трэці вынік, і сёлета дадаў у калекцыю срэбраны мэдаль. Ягоны сябра Аляксей Грышын забясьпечыў адзіную ўзнагароду беларусам на Зімовай алімпіядзе чатыры гады таму ў Солт-Лэйк-Сыці (сёньня Грышыну крыху не пашанцавала і ён быў чацьверты).

Высокія месцы беларускіх спартоўцаў у фрыстайле даюць падставу паіранізаваць наконт таго, што памяркоўныя беларусы нейкім неверагодным чынам так доўга застаюцца сярод лідэраў у адным з самых экстрэмальных відаў спорту. І сёньня ў фінальны тузін выйшлі ажно тры беларускія фрыстайлісты – акрамя Дашчынскага і Грышына, яшчэ Антон Кушнір. Такога прадстаўніцтва іншыя краіны ня мелі.

Фрыстайлісты, фактычна, ня толькі ўратавалі ад жорсткай размовы з прэзыдэнтам НАК Аляксандрам Лукашэнкам кіраўнікоў беларускай алімпійскай місіі ў Турыне, але выратавалі прэстыж усяго беларускага спорту. І таксама ўмацавалі сваё фінансавае становішча. За другое месца прадугледжана ня толькі прэмія ў 30 тысячаў даляраў, але і аўтамабіль “Фольксваген Пасат” – гэты прыз забясьпечылі спонсары нацыянальнай дружыны – кампаніі “Атлант-М” і “Менскага транзытнага банку”.

Варта нагадаць, што літаральна да моманту фармаваньня каманды перад Алімпіядай кіраўніком фэдэрацыі фрыстайлу Беларусі быў цяперашні кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін, якога зьнялі з гэтай пасады.

Фрыстайл, фінальная частка 1. Хан Сіяпень 250.77 2. Дзьмітры Дашчынскі 248.68 3. Уладзімер Лебедзь 246.76 4. Аляксей Грышын 245.18 ... 8. Антон Кушнір 227.66 ... 24. Дзьмітры Рак 172.47
XS
SM
MD
LG