Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За адну налепку – 145 тысяч штрафу


Радыё Свабода Штраф на пяць базавых велічыняў, а гэта 145 тысяч рублёў, — так пакарала сёньня адміністрацыйная камісія Наваполацкага гарвыканкаму актывіста выбарчай кампаніі Аляксея Трубкіна. Гэта максымальны штраф, прадугледжаны артыкулам 172, часткай 3 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях — распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак. За гэта актывіста і затрымала міліцыя.

Напачатку паседжаньня старшыня камісіі папрасіў пакінуць залю двух прадстаўнікоў АБСЭ, грамадзянаў Польшчы і Францыі, якія прыехалі ў рэгіён назіраць за выбарамі. Старшыня апытаў таксама сяброў і знаёмцаў спадара Трубкіна — навошта яны прыйшлі на паседжаньне; але з залі іх не выдалялі.

13 лютага Аляксей Трубкін разьмясьціў на рэклямнай тумбе налепку з надпісам “Мы хочам новага!”, пасьля чаго яго затрымалі міліцыянты, даставілі ў пастарунак і склалі пратакол. І хаця, паводле затрыманага, на налепцы былі выходныя зьвесткі і разьмясьціў ён яе на рэклямнай тумбе, яго абвінавацілі ў распаўсюдзе друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак. Сябры адміністрацыйнай камісіі, азнаёміўшыся з налепкай, прызналі спадара Трубкіна вінаватым у парушэньні парадку і вызначылі яму максымальны штраф, прадугледжаны згаданым артыкулам — 145 тысяч рублёў. Гаворыць Аляксей Трубкін:

(Трубкін: ) “Папярэдні вынік выбарчай кампаніі для мяне: чатыры затрыманьні, два міліцэйскія пратаколы, ператрус у хаце і 145 тысяч рублёў штрафу. Наагул, сёньня ўсялякая публічная заява пра неабходнасьць абраньня новага прэзыдэнта кваліфікуецца як экстрэмісцкае дзеяньне. Так што добра яшчэ абышлося. Маглі б за налепку і пасадзіць”.

Паўтара месяца таму спадара Трубкіна звольнілі з працы, а на разглядзе адміністрацыйнай камісіі знаходзіцца яшчэ адзін складзены на яго пратакол аналягічнага зьместу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG