Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штабы кандыдатаў пачынаюць распаўсюд друкаванай прадукцыі


Радыё Свабода Цэнтравыбаркам выдзеліў кожнаму з чатырох кандыдатаў на прэзыдэнта каля 32 тысяч даляраў бюджэтных сродкаў, каб надрукаваць агітацыйную прадукцыю. Як кандыдаты выкарыстоўваюць гэтую і іншыя магчымасьці для агітацыі?

Першымі надрукавалі і ўжо разьвезьлі па рэгіёнах друкаваную прадукцыю (улёткі, буклеты, плякаты, брашуры з праграмай ) у ініцыятыўнай групе кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча. Разам больш за паўмільёна асобнікаў друкаванай прадукцыі, паведаміў кіраўнік прэсавай службы штабу Мілінкевіча Сяргей Вазьняк:

(Вазьняк: ) “Яна ўжо дастаўлена ў рэгіянальныя выбарчыя штабы, і ёсьць ужо прыклады, калі ўлада на месцах пасьпела сканфіскаваць нашы ўлёткі”.

Спадар Вазьняк мае на ўвазе 26 тысяч улётак Мілінкевіча, якія магілёўская міліцыя забірала на праверку, але іх ужо вярнулі і папрасілі прабачэньня.

Іншы кандыдат лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч атрымае сваю друкаваную прадукцыю ў пятніцу, усяго васямнаццаць відаў, агульны аб’ём іх спадар Гайдукевіч ацаніў на 5,5 тонаў. Сам спадар Гайдукевіч сёньня запісаў свой заўтрашні выступ на дзяржаўным радыё. Акрамя таго, гэтымі днямі ён, як і Аляксандар Мілінкевіч, езьдзіць па Віцебскай вобласьці, але не замаўляе актавых заляў ці пляцовак на вуліцы для сустрэчаў з выбарцамі.

(Гайдукевіч: ) “А навошта гэта рабіць — выйшаў, пайшоў… Тут жа народ зьяўляецца, галоўнае, каб каля цябе было пяць-шэсьць чалавек, тут жа зьвяртаюць увагу, пазнаюць — і пайшло”.

Спадар Гайдукевіч кажа, што падчас ягоных паездак людзі гавораць толькі пра сацыяльна-эканамічныя праблемы. Графік сваіх паездак ён трымае ў таямніцы.

Улёткі і плякаты Аляксандра Казуліна зьявяцца днямі, паведаміў кіраўнік ягонага перадвыбарчага штабу Мечыслаў Грыб. Сёньня ж спадар Казулін уручыў пасьведчаньні сваім давераным асобам:

(Грыб: ) “Абмеркавалі і пытаньні, як весьці агітацыю і прапаганду, што лепш рабіць, што з гэтага мы можам атрымаць. Размаўлялі і пра перадвыбарчыя паездкі, каб усе рыхтаваліся”.

У перадвыбарчым штабе Аляксандра Лукашэнкі друкаваную прадукцыю зьбіраюцца забраць з друкарні ў пятніцу. Прэсавы сакратар штабу Дзьмітры Косьцін кажа, што пакуль невядома, ці адбудзецца заўтрашні выступ Аляксандра Лукашэнкі па радыё:

(Косьцін: ) “Мы працуем у штатным рэжыме, спакойна, нашага кандыдата не трэба так раскручваць, як іншых кандыдатаў, ён і так добра вядомы народу”.

Аляксандар Лукашэнка сёньня паклаў вянок да абэліску Перамогі ў Менску з нагоды сьвята 23 лютага. Там сабралася шмат вэтэранаў, але кіраўнік краіны перад імі ня выступіў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG