Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта Беларусі далучацца да Эўразьвязу -- меркаваньні кандыдатаў


Радыё Свабода Кіраўнік Беларусі лічыць правільным, што Беларусь не імкнулася ўступіць у Эўразьвяз. “Нас там не чакаюць”, – лічыць Аляксандар Лукашэнка. Ён прызнае, што ў палітычных адносінах з Эўразьвязам пакуль існуе многа праблем. Таксама дзейны кіраўнік Беларусі выступаў “катэгарычна супраць” пашырэньня НАТО на ўсход, але прызнаў, што спыніць гэты рух яму не ўдалося. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, эўрапейцы “самі прыпаўзуць у Беларусь і будуць прасіць дапамогі”. Ці трэба ж Беларусі далучацца да Эўразьвязу і НАТО? З гэтым пытаньнем наш карэспандэнт зьвярнуўся да кандыдатаў у прэзыдэнты.

Сяргей Гайдукевіч заявіў, што стратэгічна Беларусь павінна разьвіваць адносіны як са Злучанымі Штатамі, так і з Эўразьвязам.

(Гайдукевіч: ) “У пэрспэктыве, канешне, неабходна аб’яднаньне. Але гэта ўсё - пэрспэктыва. Украіна вунь будзе стаяць 20 гадоў у чарзе. Што казаць – трэба ці ня трэба? Трэба разьвіваць, трэба імкнуцца наводзіць адносіны. У пэрспэктыве - уступаць, калі будзе выгадна краіне праз 10 гадоў. Адкуль я ведаю? У пэрспэктыве– трэба. А сёньня вас хто прыме?”

Аляксандар Казулін лічыць, што Беларусь мусіць імкнуца да ўступленьня ў Эўразьвяз, але гэты працэс можа заняць 20-30 гадоў.

(Казулін: ) “Для пачатку трэба, каб нас прынялі ў Раду Эўропы. Гэта ўжо можна Радзе Эўропы рабіць неадкладна. У НАТО, я ўжо не аднойчы казаў, што Беларусь пры мне туды ня ўвойдзе. А імкнуцца да эўрапейскіх каштоўнасьцяў, да эўрапейскай цывілізацыі – гэта абавязкова”.

Прэсавы сакратар выбарчага штабу Аляксандра Лукашэнкі Дзьмітры Косьцін тлумачыць, што Беларусь будзе ўдзельнічаць у эканамічных і палітычных саюзах толькі на роўных умовах, і толькі зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў.

(Косьцін: ) “Пры гэтым застаюцца асноўнымі прынцыпы захаваньня сувэрэнітэту, магчымасьці правядзеньня ўласнай зьнешняй і ўнутранай палітыкі. Пакуль жа вышэйназваныя саюзы дэманструюць падвойныя стандарты нават адносна ўласных краін-сябраў. Называюцца тая ж Польшча, Літва, Латвія, Эстонія – малодшымі братамі Эўразьвязу. Непрымальныя ўмовы такія”.

Адносна НАТО Аляксандар Мілінкевіч адзначыў, што Беларусь – гэта нэўтральная краіна.

(Мілінкевіч: ) “Беларусь пацярпела вельмі шмат у войнах, таму трэба захаваць гэты нэўтральны статус. Ня трэба далучацца ні да якіх блёкаў – ні да ўсходніх, ні да заходніх. А Эўразьвяз, як мэту, я думаю, варта ставіць. Але трэба зразумець, што гэтае пакаленьне палітыкаў, пэўна, ня здолее рэалізаваць такі праект. Нам трэба спачатку многае зьмяніць тут, перайсьці на эўрапейскія каштоўнасьці, зрабіць рэформы палітычныя, эканамічныя. І толькі потым можна прэтэндаваць на ўступленьне ў гэтую арганізацыю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG