Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэлевыступ Аляксандра Мілінкевіча


Радыё Свабода Сёньня зь першым агітацыйнымі выступамі па Беларускім тэлебачаньні выступілі кандыдаты на прэзыдэнта Аляксандар Мілінкевіч і Аляксандар Казулін. Першым быў паказаны выступ Аляксандра Мілінкевіча, які назваў цяперашнюю стабільнасьць у Беларусі застоем і беспэрпэктыўнасьцю, самаізаляцыяй краіны ды прапанаваў іншы шлях і стыль кіраваньня. Прапануем поўны тэкст тэлевыступу А.Мілінкевіча.

Паважаныя суайчыньнікі! Дарагія сябры! Добры вечар! 19 сакавіка адбудуцца выбары новага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Гэта вельмі важная падзея ў жыцьці нашай краіны. Выбірацца будзе на самай справе ня столькі праграма і ня столькі кандыдат, выбірацца будзе лёс краіны і яе будучае. Гэта вельмі адказны дзень у жыцьці нашага народу. З аднаго боку, улада кажа, што яна робіць стаўку на стабільнасьць. Добрае слова, і яно мне таксама падабаецца. Але стабільнасьць у нашым выпадку — гэта застой. Застой — таму што, калі мы глянем, якое мы маем абсталяваньне на заводах, якія тэхналёгіі, якая ў нас якасьць жыцьця — гэта ня можа задаволіць большасьць беларусаў. Разам з тым, калі казаць пра стабільнасьць, гэта значыць, што краіна па-ранейшаму будзе жыць у сытуацыі, калі маладыя сем’і ня могуць пабудаваць кватэру. Мы будзем жыць у самаізаляцыі. Мы будзем жыць без інвэстыцыяў, без пэрспэктываў, заробкі будуць невысокія, а кошты эўрапейскія, таксама як і камунальныя плацяжы. Безумоўна, усяго гэта не павінна быць. І мы прапаноўваем іншы шлях.

Мы лічым, што прыйшоў час па-іншаму кіраваць краінай. Патрэбна рабіць іншы стыль кіраваньня. Вельмі важна, каб ён быў скіраваны на разьвіцьцё, на пэрспэктыву, на будучае. Важна, каб ён дапамагаў не канфрантацыі, а каб ён дапамагаў супрацоўніцтву, каб ён заахвочваў людзей, а не караў. Нашая задача вельмі простая: не стабільнасьць застою, а стабільнасьць разьвіцьця. Маю каманду складаюць дасьведчаныя, сумленныя спэцыялісты, прафэсіяналы эўрапейскага ўзроўню — гэта і незалежныя экспэрты, гэта і людзі, якія знаходзяцца на дзяржаўнай службе ў Міністэрстве фінансаў, Міністэрстве эканомікі ў Нацыянальным банку. Нашая праграма — вынік глыбокага аналізу сытуацыі ў краіне. Акрамя таго перад тым, як гэтая праграма была зацьверджана, мы аб’ехалі вялікую колькасьць гарадоў, вёсак, вялікіх і маленькіх, і раіліся зь людзьмі, мы выслухоўвалі іх меркаваньне, пыталі пра іх клопаты. У выніку, мы ўлічылі пры складаньні праграмы больш за тысячу заўвагаў і прапановаў. Я сьмела магу сказаць, што мая праграма — гэта народная праграма прыхільнікаў пераменаў, якіх у краіне большасьць. У аснове праграмы ляжаць такія сур’ёзныя фундамэнтальныя каштоўнасьці, як свабода, праўда і справядлівасьць.

Свабоду людзі разумеюць па-рознаму, але ў большасьці нашых сустрэчаў, якія мы правялі за апошнія гады ў рэгіёнах, людзі казалі, што ім не хапае свабоды асобы, ім не хапае свабоды слова, ім не хапае свабоды веравызнаньня. Але больш за ўсё людзі казалі, што яны хочуць пазбавіцца ад страху, яны хочуць свабоды ад страху, татальнага страху, які сёньня прыйшоў у нашую краіну. Улада будучай Беларусі ня будзе прызначацца, улада будзе абавязкова выбірацца. Чалавек стане вышэй за дзяржаву. І ня ўрад будзе кіраваць ім, а ён будзе вызначаць палітыку ў краіне. Мы зробім усё, каб вывесьці краіну з самаізаляцыі вельмі хутка, ад гэтага пакутуе нашая краіна. Свабода дасьць магчымасьць людзям жыць годна, і гэта вельмі важна.

Другое, што я хачу сказаць. Усе людзі кажуць, што ім не хапае праўды, не хапае праўды, таму што вакол іх шмат хлусьні. Улады зрабілі ўсё, каб тэлебачаньне і радыё сталі замест сродкаў інфармацыі сродкамі прапаганды. Дзяржаўныя газэты робяць тое самае. Незалежнай прэсы фактычна ў краіне ўжо няма. Людзі ня хочуць жыць у хлусьні. Яны хочуць мець магчымасьць выбіраць, таму што праўда якраз і дазваляе рабіць усьвядомлены выбар і справядлівасьць. Без справядлівасьці ў краіне няма спакою, няма той самай праўды. У краіне ня будзе ў будучым падаўляцца ініцыятыва, улада ня будзе выкарыстоўваць закон на сваю карысьць, колькасьць чыноўнікаў, сілавых структураў і кантралёраў будзе значна менш. Па гэтым парамэтры мы адны з самых перадавых у Эўропе. Справядлівасьць пазбавіць чалавека ад самавольства чыноўнікаў і паставіць пад абарону закону. Я зраблю ўсё! Я клянуся, што я зраблю ўсё, каб на тэрыторыю Беларусі вярнуліся і праўда, і справядлівасьць, і свабода!

Я ня буду далей расказваць пра сваю праграму, таму што яна будзе апублікаваная ў шмат якіх сродках масавай інфармацыі. Акрамя таго, на пікетах, калі мы будзем з вамі сустракацца, і на сходах, мы будзем вам яе раздаваць. А сёньня зачытваць праграму было б вельмі сумна і доўга. Таму той час, які я маю, я хацеў бы выкарыстаць, каб паразмаўляць з вамі. На жаль, у мяне няма магчымасьці выступіць у простым эфіры, і вы ня можаце сёньня патэлефанаваць у тэлестудыю, каб задаць мне пытаньні. Таму я ўзяў шмат-шмат пытаньняў, якія атрымаў у апошнія дні, калі вандраваў па Гомельскай і Магілёўскай вобласьці. Людзі цікавяцца палітыкай, на шчасьце, людзі цікавяцца лёсам краіны. Я проста хачу зачытаць гэтыя пытаньні і даць на іх адказы, бо, магчыма, і вы б хацелі іх задаць, але такой магчымасьці сёньня ў вас няма. І вось у такім дыялёгу завочна мы правядзем той час, які ў мяне застаўся. Першае пытаньне наступнае, яно было мне зададзенае ў Гомелі:

“Я пэнсіянэрка. Усё жыцьцё зьбірала грошы, а ўлада ўсё забрала ў мяне. Ці можаце вы абяцаць, што вы гэта ўсё вернеце? Дзе праўда?”

Адказ на гэтае пытаньне вельмі просты. Сапраўды, калі кажуць пра вяртаньне ўкладаў, то гэта ня так проста. У бюджэце заўсёды не хапае грошай, так будзе і ў будучым. Але ёсьць спосабы, якія выкарыстоўвалі суседнія краіны. Што можна зрабіць? У краіне абавязкова будзе ісьці прыватызацыя. Пачнецца прыватызацыя з маленькіх і сярэдніх стратных прадпрыемстваў. І вельмі важна, каб гэтыя грошы, якія будуць прыходзіць, не раствараліся невядома дзе, каб гэтыя грошы складваліся ў вызначаны страхавы фонд. І з гэтага фонду цалкам можна пачаць выплачваць тым людзям, якія ў свой час будавалі гэтыя заводы і фабрыкі, якія будуць прыватызавацца. Ім можна вяртаць гэтыя ўклады. І мы так і будзем рабіць. Гэты ж фонд зможа дазволіць нам у будучым і павялічваць пэнсіі для пажылых людзей.

Пытаньне такое: “Аляксандар Уладзімеравіч! Прэзыдэнт Лукашэнка сёньня мае неабмежаваныя паўнамоцтвы. А ў вас ці будуць спакусы іх пакінуць? Што вы зьменіце? Веру ў вас!”

Я хачу сказаць, што сапраўды сёньня ў прэзыдэнта надзвычай высокія паўнамоцтвы, як у імпэратара бізантыйскага. І ні адзін чалавек, нават самы таленавіты, з такімі паўнамоцтвамі справіцца, на маю думку, ня можа. Вельмі важна, і я гэта зраблю, як стану прэзыдэнтам, я зьменшу паўнамоцтвы прэзыдэнта. Ён ня будзе падмяняць сабою ані парлямэнт, ня будзе выдаваць ні ўказаў, ні дэкрэтаў, прэзыдэнт ня будзе падмяняць сваёй адміністрацыі, Савету міністраў, ва ўсіх будуць свае функцыі; прэзыдэнт ня будзе прызначаць улады на месцах, там будзе самакіраваньне. І я дабравольна адмоўлюся ад многіх функцыяў прэзыдэнта, таму што так павінна будавацца сыстэма ўлады. Яна павінна быць з розных галінаў, і ўсе яны павінны быць незалежнымі.

Наступнае: “Якім будзе ваш першы ўказ, калі вы станеце прэзыдэнтам?”

Я ўпэўнены, што першым указам, як толькі я стану прэзыдэнтам, будзе ўказ аб адмене кантрактнай сыстэмы. Гэтая сыстэма зьневажальная для людзей — аб гэтым кажуць па ўсёй краіне ў маленькіх і вялікіх гарадах. І гэтая сыстэма спэцыяльна і прыдуманая, каб у краіне быў той страх, пра які мы казалі. На страху далёка не паедзеш.

“Паважаны Аляксандар Уладзімеравіч! Афіцыйнае беспрацоўе ў нашай краіне 1,5%, можа і больш — ня ведаю. Людзі атрымліваюць заробкі сёньня, хай сабе і невялікія. Але ўсё ж такі штосьці маюць. Вы прыйдзеце — і пачнецца неразьбярыха”.

Па-першае, хачу сказаць, што 1,5% беспрацоўя — гэта няправільная лічба. На самай справе беспрацоўе ў 10—15 разоў больш. 1,5% — гэта столькі людзей у нас стаіць на біржы працы, але большасьць нашых суайчыньнікаў туды і ня ставяцца. Тая дапамога, якая выдаецца, толькі 17 даляраў. На яе немагчыма пражыць, ды яшчэ трэба зь мяцёлкай хадзіць па вуліцах. Таму большасьць людзей, такіх прыкладна 700—800 тысяч, не на ўліку ў біржах працы, таму мы дакладна і ня ведаем гэтай лічбы. Ёсьць схаванае беспрацоўе, што вельмі адмоўна, проста для статыстыкі людзей не звальняюць з працы. Што датычыцца неразьбярыхі, то я не лічу, што калі ствараецца нешта новае, абавязкова разбураецца старое. Мы старое пакінем — тое, што функцыянуе, а побач будзем будаваць новае. Так будзе і ў прамысловасьці, так будзе і ў сельскай гаспадарцы. І можна так рабіць, неабавязкова спачатку зваліцца, а потым падымацца з кален. Ёсьць добрыя прыклады ў суседніх краінах.

“Вы кажаце, што ў параўнаньні зь Нямеччынай, мы жывем бедна. Але паглядзіце, як жывуць у Туркмэніі і Кыргызстану. У нас жа ўсё ж такі ня так дрэнна”.

Гэтае пытаньне як бы зьвязанае з тым, што звычайна, калі мы кажам пра жыцьцё ў нашай краіне, то мы пытаемся параўнаць з тымі краінамі, дзе сытуацыя дрэнная. У сярэднім у Расеі жывуць у глыбінцы горш, чым у нас і ва Ўкраіне горш. Але я за тое, каб параўнаць нашае разьвіцьцё зь Літвой. Гэта блізкая да нас суседняя краіна, гэтая рэспубліка па свайму патэнцыялу была прыкладна такая ж, як і мы ў Савецкім Саюзе, нават нашыя прадпрыемствы былі больш тэхналягічнымі. Таму калі ў Літве сярэдні заробак ужо ў два разы большы за наш, а пэнсія ў паўтара разу болей і дапамога па беспрацоўі не 17 даляраў, а, можа быць, 200—300 даляраў, квартплаты прыкладна тыя самыя, то можна сказаць, што Літва выйшла наперад. І вось нам вельмі важна разабрацца, чаму ў іх жыцьцё лепшае, а ў нас не такое.

“Мы з вамі добра разумеем, што будуць уяўляць сабой будучыя выбары. Яны будуць сфальсыфікаваныя па цынічнай сталінскай формуле: “Ня важна як народ галасуе, важна, як гэтыя галасы лічаць”. Ці бачыце вы магчымасьць барацьбы з гэтым, так бы мовіць, бяспраўем? Што вы можаце зрабіць, каб перамога не была скрадзеная?”

Я хачу сказаць, што так, сапраўды, у Беларусі апошнім часам ідуць татальныя фальсыфікацыі на выбарах. Я сам удзельнічаў у апошніх парлямэнцкіх у 2004 годзе, і ведаю, што там адбываецца. Сапраўды, часта галасы проста ня лічаць. Але я вельмі прашу ўсіх выбаршчыкаў абавязкова прыйсьці на ўчастак, абавязкова прагаласаваць, толькі не ў датэрміновым галасаваньні, там вашыя галасы будуць скрадзеныя. Прыходзьце галасаваць у дзень выбараў і зрабіце ўсё, каб камісіі лічылі вашыя галасы сумленна. Зьвяртайцеся да сваіх суседзяў, членаў камісіяў, кажыце ім, што гэта вельмі важна і для краіны, і для будучага, і для іх саміх, таму што фальсыфікацыя — гэта злачынства супраць Канстытуцыі, і тэрміну даўнасьці такія злачынствы ня маюць.

“Добры дзень, Аляксандар Уладзімеравіч! У гэтым годзе я заканчваю пяты курс Гомельскага ўнівэрсытэту. І што цяпер: я павінен ехаць на працу ў вёску, а я атрымаў яшчэ дадаткова і другую адукацыю. Мне там зь дзьвюма адукацыямі няма чаго рабіць. Як вы ставіцеся да разьмеркаваньня студэнтаў?”

Я хачу сказаць, што разьмеркаваньня студэнтаў у будучай Беларусі ня будзе. Дзяржава ня мае права прымушаць студэнтаў ехаць туды, куды яны ня хочуць. Але дзяржава мае абавязак даць студэнту, які зьяўляецца выпускніком, даць права на працу — прапанаваць, але не прымушаць. І гэта абавязкова будзе рабіцца ў дэмакратычнай краіне, прымусу ня будзе.

“Спадар Мілінкевіч! Няўжо вы не разумееце таго разьдзелу, які ёсьць у сьвеце паміж Захадам і Ўсходам. Нам прыйдзецца далучацца да кагосьці. Што вы наконт гэтага думаеце?”

Я думаю, што гэта тыповая памылка. Вялікая памылка многіх людзей і нават некаторых палітыкаў. Гэта мысьленьне часу халоднай вайны, то бок людзі лічаць, што вось ёсьць Усход, вось ёсьць Захад, і паміж імі канфрантацыя, паміж імі барацьба і, ня дай Бог, яшчэ ваенныя сутыкненьні. Такога не павінна быць і ня будзе. Рэч у тым, што сьвет ужо адышоў ад гэтага дзяленьня на блёкі. Мы, Беларусь, — транзытная краіна, мы краіна ў цэнтры Эўропы. Мы абавязаны мець выдатныя дачыненьні і з Захадам, і з Усходам. Гэта можна зрабіць. З Расеяй мы пабудуем адносіны нават лепей, чым сёньня, таму што многія эканамічныя дамовы, якія мы заключалі, у сілу таго, што больш у нашых адносінах палітычнай траскатні, чым рэальнай эканомікі, яны не працуюць. І можна зрабіць дамовы ўзаемавыгадныя, доўгатэрміновыя і празрыстыя, што вельмі важна. І палітыка наша будзе ў адносінах да Расеі прадказальнай. Больш за тое, Расея для Беларусі была, ёсьць і будзе стратэгічным партнэрам, але, я лічу, што Беларусь павінна застацца нэўтральнай краінай, так, як запісана ў Канстытуцыі. Гэта надзвычай важна. Хопіць, Беларусь ужо наваявалася. А з Захадам мы вельмі хутка адновім партнэрскія адносіны. Што тычыцца Эўразьвязу, то, думаю, што Беларусі ня так лёгка будзе ўвайсьці, нават калі мы і ставім такую стратэгічную задачу, таму што для гэтага трэба зрабіць вялікія трансфармацыя ўнутры краіны. І калі такое рашэньне будзе калісьці, уваход у Эўразьвяз — то, хутчэй за ўсё, яго будуць ажыцьцяўляць палітыкі ўжо іншага пакаленьня.

“Паважаны Аляксандар Уладзімеравіч! Мяне, як маладую маці, турбуе яшчэ тое, якой будзе мэдыцына і адукацыя ў новай Беларусі. З добрымі пажаданьнямі”.

Хачу сказаць, што сапраўды многія турбуюцца, ці будзе адукацыя бясплатная, ці будзе ахова здароўя бясплатная, бо яны ўсё часьцей становяцца платнымі. І гэтая вялікая праблема дзяржавы, калі ў яе не хапае грошай. Мая пазыцыя адназначная. Ня мае права быць у дзяржаўнай установе на стацыянары як мінімум платная адукацыя — і не павінна быць платная мэдыцына. Але адначасова павінна стварацца прыватная адукацыя і прыватная мэдыцына, страхавая мэдыцына павінна быць. У нас у краіне зьнішчана большасьць прыватных унівэрсытэтаў — шкада. Але дзяржаўны ўнівэрсытэт, калі ён стварае ў сябе, напрыклад, факультэты платныя, то ёсьць спакуса для рэктара, каб павялічваць гэтыя платныя навучаньні, бо тады будзе ва ўнівэрсытэту больш грошай. І выціскаецца бясплатная адукацыя, што вельмі дрэнна. І, я думаю, напэўна, мы зробім так, каб не было платнай адукацыі, не было платнай мэдыцыны ў дзяржаўных установах. А яны яшчэ доўгі час нам патрэбныя.

“Аляксандар! Мы група вернікаў. Улада адмяніла фактычна ўсе рэлігійныя сьвяты. У нас толькі адзін дзень Пасхі. Ва ўсім сьвеце Нараджэньне Хрыстова сьвяткуецца два дні, а ў нас ізноў адзін дзень. Як вы ставіцеся да рэлігійнай цярпімасьці?”

Я лічу, што ў нас быў час, калі два дні сьвяткаваліся гэтыя і Вялікдзень, і Раство Хрыстова, і мы вернемся да гэтай практыкі, бо нашая краіна зь вялікай рэлігійнай традыцыяй, і мы ня маем права пазбаўляць вернікаў сьвяткаваць гэтыя галоўныя сьвяты.

“Аляксандар Уладзімеравіч! Скажыце, што рабіць зь міні-лукашэнкамі, якія ў кожным горадзе, у кожным раёне? Як прымусіць іх быць блізкімі да народу і слухаць народ?”

Я думаю, што вялікая праблема нашай улады ў тым, што ўлада, я ўжо казаў пра гэта, што яна не выбіраецца, як павінна быць у дэмакратычнай краіне, а яна заўсёды прызначаецца. І абсалютна шчыра скажу, што незалежна ад таго, добры начальнік ці дрэнны, заўсёды будзе так: калі мяне асабіста прызначае хтосьці зьверху, а я хачу застацца на сваёй пасадзе, то я буду думаць, як дагадзіць гэтаму чалавеку, што там; калі мяне абіраюць, то я буду думаць аб тых, хто мяне абірае, тых, хто ўнізе, аб людзях, і я буду дагаджаць ім. Гэта вельмі простая формула. І тое, што нашыя начальнікі ў большасьці перастаюць кантачыць з народам, віна ня толькі іх, але і яшчэ і сыстэмы. Гэтую сыстэму мы памяняем, я ўжо казаў. Будзе выбарнасьць усіх кіраўнікоў усіх узроўняў”.

Наступнае пытаньне: “Ведаю, што вас прымалі на высокім узроўні ў Эўропе. Па тэлебачаньні кажуць, што вы езьдзілі туды па грошы. Дзе праўда?”

Так, я езьдзіў туды па грошы, але не асабіста для сябе. Я езьдзіў па грошы для будучай Беларусі. Мы па інвэстыцыях у Эўропе горшая краіна, горшая — катастрафічная сытуацыя. А інвэстыцыі — гэта новыя заводы, гэта новае абсталяваньне, гэта прадукцыя, якую мы можам прадаць, канкурэнтаздольная. Эўропа жадае Беларусі дэмакратыі. Эўропа кажа, што мы вас чакаем, але спачатку вам трэба прайсьці працэс дэмакратызацыі. Мы пра гэта казалі. Так, сапраўды, мяне прымала найвышэйшае кіраўніцтва Эўропы і канцлер ФРН, і ўсюды казалі наступнае: “Мы бачым вас заўсёды ў Эўропе. Для нас вельмі важна, каб вы ўвайшлі, вы частка Эўропы і ў культурных і гістарычных адносінах. Але для нас вельмі важна, каб вы наладзілі выдатныя адносіны з Расеяй”. Мы казалі, што мы гэта робім і што мы разумеем, што мы — мост у Эўропе, мы павінны быць надзейным мостам, мостам, які злучыць і Расею, і Эўропу. І мы зможам выконваць такую функцыю. Так што, я лічу, што вельмі важна, як мага хутчэй вывесьці краіну з самаізаляцыі, і мы гэта зробім адразу ж пасьля прыходу да ўлады.

“Паважаны кандыдат! Вы кажаце пра праблемы. А вунь на тэлебачаньні эканамічнае разьвіцьцё нашай краіны называюць беларускім цудам. Расьце ВУП, гарады і вёскі ўпрыгожаны. Як гэта растлумачыць?”

Сапраўды, гарады і вёскі ўпрыгожваюць, ніхто ня будзе адмаўляцца — гэта вельмі добра. Сапраўды, расьце валавы прадукт. Але я хачу сказаць першае, што калі краіна такая як наша знаходзіцца ў стане разьвіцьця і трансфармацыі, то нельга вызначаць эканоміку толькі валавым прадуктам. Валавы прадукт — гэта тое, што мы зрабілі і прадалі, а ў нашай статыстыцы лічыцца толькі тое, што мы зрабілі. Зрабілі і ляжыць на складзе — гэта яшчэ ня грошы, наадварот, замарожаныя сродкі асноўныя. І я хачу сказаць, што ёсьць яшчэ такія паказчыкі інвэстыцыі, я ўжо казаў, яны вельмі дрэнныя, трэцяя частка прадпрыемстваў у нас таксама ня мае прыбытку — вось тут вялікія праблемы. І галоўнае — не крытыкаваць, а галоўнае — шчыра аб гэтым казаць, а ня толькі казаць, што мы самая лепшая краіна і самая багатая ў Эўропе.

“Чаго чакаць ад вас жыхарам сяла?”

Я думаю, што для жыхароў сяла нашая праграма цалкам падыходзіць. Мы ніколі не паўторым сумнага вопыту Літвы, калі ў антыкамуністычным парыве ўзялі і ліквідавалі ўсе калгасы. Калі калгас у Беларусі дзейнічае добра і дае прыбытак, ён павінен заставацца жыць і вырабляць прадукцыю. Але побач з калгасамі, гэта вельмі важна, трэба зрабіць, каб і фэрмэры маглі разьвівацца. На пачатку 1990-х гадоў мы разьвівалі фэрмэрства, потым пасьпяхова дапамаглі гэтым фэрмэрам фактычна ўсім скончыць сваю вытворчасьць. (Мы, я маю на ў вазе, Беларусь.) І для нас вельмі важна аднавіць фэрмэрства. Хай яны канкуруюць з калгасамі. Зямлі ў Беларусі дастаткова. Толькі калі мы кажам пра праграму для фэрмэраў, трэба ведаць, што дзяржава павінна дапамагаць ім і працэнтнымі крэдытамі, і павінна дапамагчы ім добрай зямлёй. Ня трэба даваць бросавых земляў, трэба дапамагчы ім тэхнікай. І фэрмэры выратуюць нашую сельскую гаспадарку. Адначасова з калгасамі, я думаю, яны будуць жыць вельмі-вельмі доўга.

“Мы чулі, што вы былі чэмпіёнам у Беларусі па баскетболе. Як вы будзеце ставіцца да спорту — так жа, як Аляксандар Лукашэнка?”

Сапраўды, я шмат часу ў жыцьці аддаў спорту і вельмі люблю спорт. Я за тое, каб падтрымліваць спорт. Гэта прыгожа, гэта важна для здароўя нацыі і гэта вельмі прэстыжна. Але, калі я буду прэзыдэнтам, то я дакладна ня буду па ўсёй краіне будаваць баскетбольных пляцовак. Таму што, мяркую, што трэба разьвіваць ня толькі любімы від спорту, а трэба разьвіваць тыя віды спорту, у якіх у нас вялікія алімпійскія традыцыі.

“У выніку прыцягваньня заходніх інвэстыцыяў і капіталу ёсьць вялікая небясьпека ў распродажу нашай краіны. А хочацца жыць на сваёй зямлі, а не працаваць на чужога дзядзьку!”

Я абсалютна падзяляю такое меркаваньне. Сапраўды, нікому ня хочацца працаваць на чужога дзядзьку. І на свайго ня хочацца працаваць, хочацца працаваць увогуле на сябе. Калі мы кажам пра дапамогу заходніх краінаў, то трэба мець на ўвазе наступнае. Крэдыт, які нам даюць, — гэта дрэнна, таму што яго трэба аддаваць дзецям, унукам. Калі мы кажам “інвэстыцыя” — то гэта ўклад грошаў альбо ў тую вытворчасьць, якая існуе, альбо ў будаўніцтва новага заводу ці фабрыкі, а гэта новыя працоўныя месцы, гэта платы ў наш бюджэт. Таму краіны змагаюцца за інвэстыцыі. І я ўпэўнены, што ў нас інвэстыцыяў будзе шмат, таму што ў нас ёсьць самы галоўны капітал — гэта працаздольны, высокапрафэсійны і высокаадукаваны народ. Такога капіталу ня ў кожнай заходняй краіны дастаткова.

Наступнае пытаньне: “Калі вы і вашая каманда прыйдзе да ўлады, што будзе з чыноўнікамі, якія цяпер знаходзяцца ў становішчы: альбо парушай законы, альбо працуй, альбо заставайся беспрацоўным. Яны ж таксама баяцца за свае сем’і, працу. Ці не адбудзецца так, што будзе абвешчана вайна — і вы ўсіх іх станеце звальняць?”

Па-першае, гэта абсалютна нерэальна — звольніць усіх чыноўнікаў, і гэта бессэнсоўна, таму што сярод іх вялікая колькасьць цудоўных спэцыялістаў, сумленных людзей. І калі мы кажам пра тое, што будзе з чыноўнікамі ў новай Беларусі, я шчыра заяўляю, што тыя людзі, якія парушалі закон, абавязкова адкажуць. А калі чалавек чысты перад законам, з чыстым сумленьнем, ён будзе працаваць, абавязкова будзе працаваць. Мы яшчэ будзем прасіць гэтых людзей, каб яны засталіся, нікуды не сыходзілі. Зьмены абсалютна ўсіх уладных структураў ніхто рабіць не зьбіраецца.

Пытаньне такое: “Ці рыхтуеце вы рэвалюцыю?”

Сур’ёзнае пытаньне. У прэсе шмат што кажуць пра гэта. Я хачу абсалютна шчыра і прама сказаць: дэмакратычная кааліцыя катэгарычна супраць рэвалюцыі. Мы проста патрабуем, каб выбары прайшлі сумленна і па законе. Калі будзе так, ніхто ня будзе выходзіць на вуліцы. Але калі нашую перамогу зноў скрадуць, калі будуць падманы на выбарчых участках, аб гэтым стане вядома ў той самы дзень, я ўпэўнены, што людзі выйдуць на вуліцу абараняць сваю годнасьць. Але не апазыцыя будзе вінаватая ў гэтым, а ўлада, якая правакуе падобны выхад. Мы са свайго боку зробім усё, калі людзі выйдуць на вуліцу, каб гэта была мірная дэманстрацыя, як таго патрабуе Канстытуцыя. І вельмі спадзяемся, што і ўлада зробіць тое самае — не прыменіць сілу.

Пытаньне такое: “Калі адменяць прапіску і штамп на выезд з краіны? Гэта ж зьневажальна”.

Так, сапраўды, я лічу, што гэта зьневажальна, і нават Канстытуцыйны суд прызнаў, што не павінна быць такога штампу. Як толькі я прыйду да ўлады, гэты штамп будзе адменены, ня будзе ніякіх выязных візаў. Яны проста не патрэбныя. Гэта робіцца для кантролю за людзьмі, а палітычнага сыску ў новай Беларусі ня будзе.

“Многія работнікі сілавых структураў непакояцца пра масавыя скарачэньні ў арміі, міліцыі, дзяржаўнай бясьпецы пасьля вашай перамогі на выбарах. Што вы можаце паабяцаць гэтым людзям? Які ваш адказ, ці будуць масавыя скарачэньні?”

Пытаньне чымсьці нагадвае тое, калі казалася ўвогуле пра чыноўнікаў. Хачу сказаць, што ў любой краіне вельмі патрэбная міліцыя, вельмі патрэбныя органы бясьпекі — праўда, яны павінны быць ня органамі бясьпекі аднаго чалавека, а бясьпекі ўсёй краіны, што вельмі важна. І скажу так, што ў будучай Беларусі ні міліцыя, ні КДБ ня будуць займацца сачэньнем за іншадумцамі, у іх будуць іншыя функцыі. Тое самае і армія. Армія вельмі патрэбная нашай краіне. І, я лічу, што яна будзе прафэсійнай, мабільнай і ня вельмі вялікай. Галоўныя скарачэньні ў арміі ўжо адбыліся, і ў пэрспэктыве яны не прадбачацца. Я думаю, што любыя скарачэньні, а нам прыйдзецца скарачаць сілавыя структуры, любыя скарачэньні трэба рабіць вельмі асьцярожна, каб тыя людзі, якія пазбаўляюцца працы, маглі з дапамогай дзяржавы яе знайсьці.

Паважаныя выбаршчыкі! Паважаныя тэлегледачы! Я на гэтым заканчваю свой выступ. У мяне будзе яшчэ магчымасьць з вамі сустрэцца. На заканчэньне яшчэ раз хачу з дапамогай тэлекамэры зьвярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі, кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь. Я запрашаю яго на адкрытыя тэледэбаты ў простым эфіры, як гэта ўжо і рабіў. Я лічу, што, калі ў законе не напісана пра тое, што тэледэбаты быццам бы не прадугледжаны, гэта ня значыць, што ня трэба казаць, таму што людзі хочуць ведаць праўду, людзі хочуць ведаць адказы на пытаньні, якія іх хвалююць. І вельмі важна, каб і тыя, хто прэтэндуюць на ролю кіраўніка дзяржавы, і тыя, хто сёньня кіруе краінай, сустракаліся, гаварылі, абмяркоўвалі і паціскалі адзін аднаму руку.

Усяго вам найлепшага жадаю! Асабліва хачу падзякаваць тым людзям, якія самааддана зьбіралі за мяне подпісы, працавалі ў вельмі цяжкіх умовах, умовах рэпрэсіі, нізкі паклон вам. Усім вам вялікі дзякуй. Здароўя, посьпехаў! Да новых сустрэчаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG