Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ узбудзіў крымінальную справу супраць "Згоды"


Радыё Свабода Камітэт дзяржаўнай бясьпекі распачаў крымінальную справу па факце публікацыі карыкатураў на прарока Мухамеда ў газэце “Згода”.

Справа распачатая паводле часткі 1 артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу “Распальваньне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варажнечы і розьні”. Падставай – як паведамілі ў генэральнай пракуратуры – стала праверка, праведзеная пракуратурай і КДБ на падставе зваротаў дзяржкамітэту ў справах рэлігіяў і мусульманскіх грамадаў.

Міністэрства інфармацыі мае намер ужыць да газэты “Згода” самыя строгія меры. “Газэта сама на сябе наклала рукі” – заявілі "Інтэрфаксу" ў міністэрстве інфармацыі.

Кіраўнік мусульманскага рэлігійнага аб''яднаньня Беларусі муфтый Абу-Бекір Шабановіч заявіў, што публікацыя ў газэце карыкатураў на прарока Мухамеда абражае пачуцьці вернікаў і зьяўляецца палітычнай правакацыяй напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Тым часам КДБ цягам некалькіх гадзінаў праводзіць ператрус у кватэры рэдактара газэты “Згода” і сябра ініцыятыўнай групы Аляксандра Казуліна Аляксея Караля. Крыху раней ператрус пачаўся ў рэдакцыі газэты. Супрацоўнікі КДБ не тлумачаць апазыцыянэру, што менавіта шукаюць у памяшканьнях.

Апазыцыянэру апэратыўнікі КДБ не дазваляюць карыстацца хатнім і мабільным тэлефонамі. Жонка Аляксея Караля бачыла людзей каля пад’езду і на лесьвіцы. Калі невядомыя пазванілі ў кватэру, ім спачатку не пагаджаліся адчыніць дзьверы. Іх пусьцілі пасьля таго, як яны паказалі свае пасьведчаньні. Жонцы Аляксея Караля дазволілі патэлефанаваць зяцю і сказаць некалькі словаў. Ён распавёў Радыё Свабода:

(Віданаў:) “Ім толькі дазволілі паведаміць: “У нас людзі. З намі ўсё ў парадку.” Ім не дазваляюць карыстацца тэлефонам, натуральна. Насамрэч, інфармацыі практычна ніякай няма.”

Гаварыў зяць Аляксея Караля Яўген Віданаў.

Паплечнікі Аляксея Караля лічаць, што падставай для ператрусу маглі стаць карыкатуры на прарока Мухамеда, але яны не выключаюць перасьледу за ўдзел у працы выбарчага штабу Аляксандра Казуліна.

Гаворыць намесьнік кіраўніка штабу Аляксандра Казуліна Уладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк:) “Найбольш верагодна, я лічу, што ёсьць неабходнасьць зараз уціску на каманду кандыдата на прэзыдэнты Аляксандра Казуліна. Мы за апошнія дні атрымалі інфармацыю зь Берасьця, дзе міліцыя наведала партыйны офіс і правяла нейкія праверкі пашпартнага рэжыму. У гэты ж час у Гомелі АМОН камандай з 8 чалавек самі адчынілі дзьверы ў кватэру, дзе Ляўковіч праводзіў сэмінар з агітатарамі. Ну, я думаю, што выбары гэта ж мужчынская гульня”.

Гл.таксама • Падрабязнасьці ператрусу ў рэдакцыі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG