Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як праваабаронцы ставяцца да затрыманьняў, якія правёў КДБ?


Радыё Свабода Як наагул яны ацэньваюць фармулёўку артыкулу 193 Крымінальнага кодэксу, згодна зь якой затрымалі Міколу Астрэйку, Цімафея Дранчука і Аляксандра Шалайку?

Дырэктар расейскага Інстытуту правоў чалавека, кіраўнік праграмы “Перасьлед з палітычных матываў у краінах СНД” Валянцін Гефтэр выказаў наступнае меркаваньне:

(Гефтэр: ) “Мне незразумела, навошта трэба аддзяляць арганізацыі, якія прайшлі рэгістрацыю, і якія не прайшлі рэгістрацыю. Ёсьць яшчэ там так званая “гумавая частка” — іншыя дзеяньні, замах на правы і свабоды. Гэта, безумоўна, неправавая формула, пад якую можна падставіць усё што заўгодна. Гэтая формула ва ўмовах беларускага рэжыму можа выкарыстацца супраць любога няўгоднага”.

Гаворыць старшыня грамадзкага аб’яднаньня “Праваабарончы альянс”, зарэгістраванага ў Вільні, Людміла Гразнова:

(Гразнова: ) “Перш-наперш, гэта страх рэжыму за сваю будучыню, улады ня ўпэненыя, што яны змогуць захавацца ля стырна ўлады на доўгі час, і таму яны ўсё робяць, каб запалохаць актывістаў апазыцыі, перш за ўсё моладзевых лідэраў. Яны ў нас ёсьць, гэтыя героі, яны сядзяць цяпер у пастарунках, у сьледчым ізалятары КДБ. І трэба ведаць іх імёны, бо толькі тады, калі людзі будуць ім спачуваць, мы нешта зможам зрабіць”.

Меркаваньне намесьніка старшыні рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня “Беларускі Хэльсынскі камітэт” Гары Паганяйлы:

(Паганяйла: ) “У прававой дзяржаве падобныя крымінальныя дэлікты наагул не павінны мець месца ў Крымінальным кодэксе. Гэта не злачынныя дзеяньні: выказваньне свайго стаўленьня, крытыкі. Гэта нармальная апазыцыйная дзейнасьць. Сёньня гаворка ідзе выключна пра падаўленьне іншадумства любымі спосабамі і дзеяньнямі. Усё забараняецца. Выбарчая кампанія праходзіць ва ўмовах нагнятаньня страху”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG