Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандаліза Райс наведвае Блізкі Ўсход


Алена Струвэ, Прага Дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс прыбыла ў Эгіпет, адкуль пачнецца яе паездка па некалькіх краінах Блізкага Ўсходу –Саудаўскай Арабіі, Арабскіх Эміратах. Напярэдадні ў Вашынгтоне спадарыня Райс выказалася пра Іран як пра дэстабілізуючую сілу ў рэгіёне. Тым часам Тэгеран працягвае настойваць на тым, што нестабільнасьць на Блізкім Усходзе ў тым ліку тлумачыцца прысутнасьцю ў Іраку сілаў замежнай кааліцыі на чале з ЗША.

Паводле экспэртаў, кіраўніца амэрыканскай дыпляматыі паспрабуе пераканаць саюзьнікаў у арабскім сьвеце прыняць захады па ўтаймаваньні ваенных груповак, якія падтрымліваюцца Іранам. Акрамя таго, яна спадзяецца атрымаць падтрымку мусульманскага сьвету ў ціску, які аказваецца на Тэгеран, з тым, прымусіць яго адмовіцца ад разьвіцьця ядзернай праграмы.

Эгіпет, зь якога пачынаецца візыт Кандалізы Райс па Блізкім Усходзе, ёсьць найбольш населенай краінай у арабскім рэгіёне, да таго ж, гэта ключавы рэгіянальны саюзьнік Вашынгтону.

Сярод тэмаў, якія будуць уздымацца пад час сустрэчаў у Каіры, а таксама ўсяго турнэ – стаўленьне да ваеннай групоўкі ХАМАС, якая перамагла ў часе студзеньскіх выбараў у парлямэнце Палестынскай аўтаноміі.

ЗША, а таксама Эўразьвяз разглядаюць ХАМАС як тэрарыстычную арганізацыю. Спробы Захаду прымусіць гэтую групоўку прызнаць права Ізраіля на існаваньне і афіцыйна адмовіцца ад гвалту, пакуль былі беспасьпяховыя. Цяпер Кандаліза Райс будзе імкнуцца пераканаць Эгіпет і Саудаўскую Арабію адмовіць у падтрымцы палестынскаму кіраўніцтву на чале з ХАМАС.

Паводле шэрагу назіральнікаў, ўрады Эгіпту ды іншых арабскіх краінаў трапілі ў вельмі цяжкае становішча. З аднаго боку, іх як і ЗША вельмі непакоіць рост папулярнасьці ісламскіх груповак. У той жа час кіраўніцтва краінаў Блізкага Ўсходу адчувае патрэбу дыстанцыяваць сябе ад палітыкі Вашынгтону, каб не справакаваць яшчэ больш незадаволенасьць сярод насельніцтва.

Як лічыць лёнданскі аналітык Ёсі Мэкельбэрг, цяпер сытуацыя на Блізкім Усходзе істотна ўскладняецца дачыненьнямі Тэгерану і ХАМАС. Як вядома, адзін зь лідэраў гэтай арганізацыі наведаў Іран і атрымаў рашучую падтрымку з боку іранскага кіраўніцтва. Лёнданскі экспэрт разглядае гэта, як выклік і выказвае меркаваньне, што Кандаліза Райс ў часе свайго турнэ паспрабуе высьветліць, якія кансэрватыўныя сілы на Блізкім Усходзе змогуць прыняць гэты выклік.

Што да Кандалізы Райс, то напярэдадні сваёй паездкі на Блізкі Усход яна заявіла:

(Райс: ) "Міжнародная супольнасьць апынулася перад неабходнасьцю дзейнічаць і дзейнічаць рашуча. Іран мусіць ведаць, што ягоны адкрыты выклік будзе мець наступствы. І мы дадзім ім гэта зразумець".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG