Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень чацьверты: весткі са штабоў кандыдатаў


Радыё Свабода У чацьверты дзень агітацыйнай кампаніі кандыдаты ў прэзыдэнты засяродзіліся на тэлевізійных перадвыбарчых выступах. А як ацэньваюць цяперашні перадвыбарчы этап у штабах кандыдатаў?

Сяргей Гайдукевіч сёньня меў сустрэчу з кіраўніком назіральнай місіі АБСЭ, паслом Гертам-Гінрыхам Арэнсам. Таксама спадар Гайдукевіч плянаваў наведаць Беразіно, а ягоныя давераныя асобы працягвалі працу з выбарцамі. Але асноўнай падзеяй у штабе лічаць тэлевыступ кандыдата.

(Гайдукевіч: ) “Сёньня, калі вы паслухаеце мой выступ, а 18-й гадзіне, вам усё будзе ясна. І вы зразумееце, наколькі моцны Гайдукевіч”.

А як спадар Гайдукевіч ацэньвае хаду сваёй агітацыйнай кампаніі?

(Гайдукевіч: ) “Мы знаходзімся ў той дзяржаве, з тымі законамі, якія мы маем. І той, хто прыстасаваўся да гэтых умоваў спачатку, ён яе правядзе як трэба. Ніхто ня зьменіць гэта асяродзьдзе нашага існаваньня. Вось, як рыбы: жывуць у акварыюме: як умееце, так там у гэтым акварыюме і плавайце”.

Паводле кіраўніка штабу Мечыслава Грыба, у кандыдата Аляксандра Казуліна сёньня сустрэчаў з выбарцамі зноў жа не было. А пачнуцца яны пасьля 23 лютага.

(Грыб: ) “Раскручваемся, раскручваемся, а апагею не дасягнулі”.

Якая ж прычына такой затрымкі?

(Грыб: ) “Умовы ж такія. Каб нешта вырабіць, улётку ці нейкую прадукцыю друкаваную — што трэба? Грошы. А калі гэтыя рахункі адкрыліся? 17-га, вечарам. А там выходныя два. Ніхто ж бяз грошай нічога рабіць ня будзе. Мы ж плянуем праводзіць сваю кампанію ў рамках беларускага заканадаўства. Нават у тым выпадку, калі яно нам і не падабаецца. Больш ніякіх сродкаў і ніякага больш нідзе выкарыстаньня, акрамя гэтага, ня будзе”.

Ці скарыстае выдзелены час для тэлевыступу Аляксандар Лукашэнка? Прэсавы сакратар штабу Дзьмітры Косьцін заявіў:

(Косьцін: ) “Запісу не адбылося. А так магу сказаць толькі адно: сачыце за эфірам. Маё кіраўніцтва пакуль не гатовае сказаць: так ці не”.

Паводле спадара Косьціна, штаб працуе ў штатным рэжыме, ніякіх акцыяў пакуль не плянуецца. Гатовая да друку агітацыйная прадукцыя.

(Косьцін: ) “Колькасьць плякатаў будзе залежыць ад сумы, якую выставіць друкарня”.

Кіраўнік штабу Аляксандра Мілінкевіча Сяргей Калякін заяўляе, што ўлады ўсяляк перашкаджаюць правядзеньню агітацыйнай кампаніі. Памяшканьні, якія выдзяляюцца для сустрэчаў, знаходзяцца ў нязручных для выбарцаў месцах.

(Калякін: ) “Мясцовыя органы ўлады прымаюць незаконныя пастановы, у якіх спрабуюць абмежаваць месцы для правядзеньня агітацыі. Гэта незаконна, мы ўсяго гэтага не прытрымліваемся. Аднак мы маем сутыкненьні з органамі ўлады. На жаль, органы правапарадку, якім трэба абараняць закон, не выконваюць сваіх абавязкаў. Таму што перашкода агітацыі — гэта крымінальная справа”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG