Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Мілінкевіч наведае Рэчыцу, Мазыр і Калінкавічы


Радыё Свабода Сёньня чацьверты дзень, калі афіцыйна дазволеная агітацыя за кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч правядзе сёньня перадвыбарчыя сустрэчы з жыхарамі Рэчыцы, Мазыра і Калінкавіч. У суботу Мілінкевіч быў на Магілеўшчыне, учора наведаў Жлобін, Сьветлагорск і Гомель. У Бабруйску і Сьветлагорску мясцовыя ўлады не далі кандыдату дазволу на сустрэчы ў Дамах культуры, таму ягоныя сустрэчы з сотнямі выбарцаў прайшлі на вуліцы. У іншых гарадах спадар Мілінкевіч зьбіраў поўныя залі.

Сустрэча Аляксандра Мілінкевіча ў Гомлі вечарам у нядзелю доўжылася дзьве гадзіны, яшчэ паўгадзіны ён раздаваў аўтографы і фатаграфаваўся з выбарцамі. Заля Гарадзкога цэнтру культуры, разьлічаная на 600 чалавек, была перапоўненая, многія выбарцы сядзелі на дадатковых крэслах і стаялі. Прыбылі на сустрэчу нават інваліды на калясках. Пытаньні былі самыя разнастайныя, у тым ліку і правакацыйныя, адказы неаднаразова выклікалі авацыі залі.

(Мілінкевіч: ) “Дэмакратычныя сілы Беларусі вельмі шырока аб’ядналіся не толькі для гэтых выбараў, а да перамогі дэмакратыі. Я даю вам слова, што мы не развалімся, не разьбяжымся, і я нікуды не з’еду – ні за мяжу, ні на дачу, я буду працаваць і працаваць. І мы пераможам”. (воплескі)

Людзі доўга не разыходзіліся і ахвотна дзяліліся ўражаньнямі. Гэты гамяльчук зазначыў, што такіх выступаў у Гомлі ён не чуў гадоў 15:

(Гамяльчук: ) “Прыемна тое, што людзі радыя, а па-другое, добрыя вочы ў гэтага чалавека, я зь ім вітаўся за руку, не хочацца нават рукі мыць. Думаю, можа нават не памыць тыдзень рукі – адчуваецца ў руках цяпло”.

І моладзь, і пэнсіянэры пасьля выступу не хацелі адпускаць спадара Мілінкевіча:

(Пэнсіянэрка: ) “Мы хочам ганарыцца сваім прэзыдэнтам, сваей уладай”.

(Мілінкевіч: ) “Для мяне гэта вялікае шчасьці, што столькі пажылых людзей з намі”. (Пэнсіянэр: ) “Посьпехаў, спадзяюся, што ўсе будзе добра”.

(Іншы спадар: ) “Перамога за намі павінна быць”.

Ці рэальная перамога і тое, пра што некалькі гадзін казаў Мілінкевіч, – тут думкі падзяліліся:

(Спадар: ) “Мне амаль усе спадабалася, але нічога гэта не будзе зьдзейсьнена, бо шанцаў у яго няма ніякіх”.

(Іншы спадар: ) “Лічу, што шанцы есьць. Я сам з’яўляюся сябрам адной з участковых камісіяў Гомелю, і скажу, што калі кожны з нас спрацуе нармальна, сумленна, тады зьвесткі ў участкаў нельга будзе сфальшаваць”.

(Дзяўчына:) “Ён інтэлігентна, спакойна і разумна разважаў і гэтым мяне заваяваў, і цяпер я ўжо дакладна ведаю, за каго буду галасаваць – гэта Аляксандар Мілінкевіч”.

Сёньня Аляксандар Мілінкевіч працягвае сваю паездку па Гомельшчыне.

(Мілінкевіч: ) “Я не думаў, што кожная заля будзе перапоўненая, а там, дзе нас не пускаюць, людзі стаяць на марозе і слухаюць. Я й раней казаў, што ў грамадзтве есьць чаканьне пераменаў. А сёньня мы бачым, што чаканьне перарастае ў надзею. І я хацеў бы, каб надзея перарасла ў веру. Ствараецца сапраўдная палітычна актыўная атмасфэра”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG