Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч:"Беларусь мусіць быць надзейным мостам між Расеяй і Эўропай"


Радыё Свабода Падчас сваёй першай паездкі па Гомельскай вобласьці ў якасьці кандыдата на прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч адказваў на пытаньні выбаршчыкаў у Жлобіне і Сьветлагорску.

На пытаньне сьветлагорцаў, ці даведаемся мы калі праўду аб зьніклых палітыках, А.Мілінкевіч адказаў:

(Мілінкевіч: ) "Фактычна, таго матэрыялу, які ёсьць і які апублікаваны ў некалькіх кнігах, дастаткова, каб сказаць, што гэтыя людзі хутчэй за ўсё забітыя. І, напэўна, замешаныя вельмі высокія дзяржаўныя пэрсоны. Сьцьвярджаць, хто асабіста, можа толькі суд, ніхто іншы. І я думаю, што як толькі Беларусь стане свабоднай, гэтая справа будзе закрытая, бо гэта пытаньне маральнага ачышчэньня нашай нацыі. Мы ня маем права спаць спакойна, пакуль зьнікаюць людзі, пакуль дзеці і жонкі плачуць да сёньняшняга дня. Я езьдзіў па Гомельшчыне і быў у маці Захаранкі. Страшна глядзець у вочы людзям, калі яны перажываюць такое".

У адказ на пытаньне аб адносінах Беларусі з Расеяй і з Захадам А.Мілінкевіч сказаў наступнае:

(Мілінкевіч: ) "Як мы будзем – ці з Расеяй, ці з Захадам? Ведаеце што, я вам шчыра скажу: калі мы кажам, што мы альбо з вамі, альбо зь імі, гэта атрымаецца як у халоднай вайне – давайце станем у шэраг са штыкамі, чакаем атакі. Сьвет іншы. Давайце мы і з тымі сябраваць, і з тымі, сябраваць эканамічна. Але не ў ваенным дачыненьні. Нам гэта проста выгадна – і з Расеяй, і з Захадам. Мы ў Расею калі прыяжджалі, так і казалі: Беларусь – гэта мост між Расеяй і Эўропай. Але ён мусіць быць надзейным мостам, па якім сьмела ходзяць, кажуць "дзякуй" і яшчэ пакідаюць нам фінансы за тое, што мы – такі добры мост. Транзытная краіна – гэта Божы дар, які нам Бог падараваў, гэткае геаграфічнае становішча. Трэба карыстацца гэтым".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG