Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпартаваны карэспандэнт ехаў на інтэрвію з Лукашэнкам


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Кіраўніцтва "Gazety Wyborczej" заяўляе, што дэпартацыя зь Беларусі карэспандэнта штодзёньніка Вацлава Радзівіновіча сьведчыць аб тым, што "беларускі рэжым мае ўсё больш рэчаў, якія хоча схаваць". Спадара Радзівіновіча, які ехаў у Менск, каб зрабіць інтэрвію з Лукашэнкам, адправілі з Горадні назад у Варшаву, заявіўшы, што "ўезд у Беларусь для яго забаронены".

Намесьнік галоўнага рэдактара "Gazety Wyborczej" Пётр Стасіньскі, які ў нядзелю абмяркоўваў тое, што здарылася з Вацлавам Радзівіновічам, на паседжаньні рэдакцыі газэты, заявіў нашаму радыё, што паводзіны беларускіх уладаў сьведчаць аб палітыцы "закручваньня гаек" напярэдадні выбараў.

(Стасіньскі: ) "На дадзены момант я ня ведаю ўсіх падрабязнасьцяў, бо наш журналіст цяпер вяртаецца ў Варшаву і апіша ўсё ў заўтрашнім нумары газэты. Аднак выдаленьне карэспандэнта, які меў усе неабходныя дакумэнты – акрэдытацыю, візу – гэта абсалютнае парушэньне дэмакратычных нормаў, якімі мы ўсе ў Эўропе кіруемся".

Паводле спадара Стасіньскага, паводзіны беларускіх уладаў тым больш дзіўныя, што Вацлаў Радзівіновіч ехаў на інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам – інтэрвію, якое "Gazetа Wyborczа" даўно хацела зрабіць, каб пазнаёміць чытачоў з поглядамі беларускіх уладаў на падзеі ў краіне і сьвеце.

Пётр Стасіньскі заявіў, што ягоная газэта будзе актыўна пратэставаць супраць выдаленьня свайго карэспандэнта і зробіць усё, каб напярэдадні і ў часе прэзыдэнцкіх выбараў мець свайго журналіста ў Беларусі.

Вацлаў Радзівіновіч шматкроць быў у Беларусі, асьвятляў важнейшыя палітычныя і грамадзкія падзеі з жыцьця краіны цягам апошніх некалькіх гадоў. Гэтым разам на гарадзенскім вакзале супрацоўнікі беларускіх службаў у цывільным, нягледзячы на сапраўдны пашпарт, візу і акрэдытацыю, заявілі спадару Радзівіновічу, што "ўезд у Беларусь яму забаронены" і, папярэдзіўшы, што ў выпадку супраціву будзе выкліканая міліцыя, пасадзілі журналіста ў бліжэйшы цягнік да Варшавы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG