Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Калугін “знайшоўся” ў кляштары пад Менскам


Радыё Свабода У той час, як кандыдаты на прэзыдэнта толькі пачынаюць змаганьне за электарат, некаторыя з былых удзельнікаў прэзыдэнцкай кампаніі занятыя зусім іншымі клопатамі. Наш карэспандэнт спрабаваў сёньня сустрэцца з прэтэндэнтам на прэзыдэнцкую пасаду ў часе выбараў 2001 году, былым дырэктарам менскага заводу “Атлант” Леанідам Калугіным.

Адзін з найбольш пасьпяховых гаспадарнікаў, Леанід Калугін, які кіраваў “Атлантам” ад 1993 да 2001 году, зьнік з поля бачнасьці адразу ж пасьля спробы ўдзелу ў папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах. Пасьля палітычнай кампаніі супраць яго была распачатая крымінальная справа па фактах “злоўжываньня службовым становішчам”. Працэс расьцягнуўся на 3 гады, пасьля чаго гэтак жа раптоўна ўсе абвінавачаньні былі зьнятыя.

Пры канцы мінулага году зьявілася інфармацыя, што Леанід Калугін, які ўсё часьцей шукаў паратунку ў рэлігіі, прыняў манаскі пострыг у адным з праваслаўных кляштараў Маскоўскай вобласьці. Аднак спробы знайсьці манаха Нікана (нібыта такое манаскае імя ўзяў сабе Калугін) у Падмаскоўі былі марныя...

А літаральна днямі падобнага да Калугіна чалавека бачылі ў царкве Сьвятога Ільлі недалёка ад цэнтру сельгаскаапэратыву Вішнёўка за два дзесяткі кілямэтраў ад Менску. Сам Калугін нібыта дапамагае ў часе службаў мясцоваму бацюшку айцу Алексію, а жыве ў кляштары.

Спробы даведацца афіцыйным шляхам, ці насамрэч Калугін у Беларусі, аказаліся бясплённымі. У Эпархіяльным упраўленьні не змаглі нават пацьвердзіць, ці ёсьць у Вішнёўцы кляштар, і працягвалі казаць, што Калугіна трэба шукаць у Расеі. Гаворыць прадстаўнік упраўленьня Андрэй Петрашкевіч:

(Петрашкевіч: ) “Паводле маіх зьвестак, там была прыходзкая абшчына, а потым стала фармавацца кляштарная. Але на сёньняшні дзень пытаньнямі рэгістрацыі – зарэгістраваная яна як абшчына кляштару ці не – я не валодаю”.

Не знайшоўшы адказу, я выправіўся ў акрэсьленым кірунку. На шыльдзе царквы прачытаў, што тая працуе толькі па суботах, а бацюшка, як потым аказалася, ад’ехаў па справах у Менск і трапіў у аўтааварыю. Прозьвішча Калугін жыхарам вёскі нічога не казала. Аднак у адной з хатаў параілі ехаць у суседнюю Касынь, дзе за высокім плотам бачныя царкоўныя “цыбулінкі”, але брама звычайная наглуха зачыненая.

Месца падалося зусім нежывым. Праз адгароджаны кавалак лесу прабіваліся абрысы царквы, аднак вялізная, мэтраў у 10 вышынёй брама, была непрыступная. Амаль страціўшы надзею хоць штосьці высьветліць, урэшце я натрапіў на чалавека, які расказаў, што рэгулярна кантактуе з Калугіным.

Мясцовы цясьляр робіць рамы, стругае брускі і пастаўляе іншую драўляную прадукцыю на замову для мужчынскага кляштара. Кляштар месьціцца менавіта за непрыступным плотам, таму і падаецца нежывым – сувязь зь іншым сьветам манахі падтрымліваюць толькі ў скрайнім выпадку. Маюць уласную гаспадарку, самі нарыхтоўваюць дровы. Жыцьцё на тэрыторыі кляштару віруе вакол храму ў гонар прападобнага Сяргея Раданескага.

Цясьляр адмовіўся гаварыць пад запіс, але ў якасьці “кампэнсацыі” прапанаваў пашукаць нумар тэлефона, па якім можна злучыцца з Калугіным. Пакуль вяліся пошукі, падзяліўся сваімі ўражаньнямі. Кажа, што пазнаёміўся з Калугіным, ня ведаючы, хто той насамрэч. Толькі ў часе пазьнейшых кантактаў даведаўся, што гэта экс-дырэктар буйнейшага заводу і ўдзельнік прэзыдэнцкай кампаніі 2001году. Калугіна характарызуе як вельмі гаспадарлівага, але рэлігійнага фанатызму не адчуваецца, хоць штодзённая вопратка Калугіна зараз – раса. Пра манаскае імя Нікан нічога ня ведае, паколькі зьвяртаецца да яго Леанід Іванавіч.

…Тэлефонная размова зь Леанідам Калугіным была досыць кароткая. Былы дырэктар “Атланту” і экс-прэтэндэнт на кандыдаты ў прэзыдэнты сказаў, што зарокся кантактаваць з прэсай. Але галоўнае, паводле Калугіна, ня ў гэтым. Ён даўно жыве ў іншым жыцьцёвым вымярэньні, прысьвяціўшы сябе служэньню Богу. Ад прапановы сустрэцца калі-небудзь пазьней, у зручны для яго час, манах адмовіўся.
XS
SM
MD
LG