Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: вулічную агітацыю пачаў толькі штаб Мілінкевіча


Радыё Свабода Мясцовы штаб Аляксандра Казуліна вырашыў заняцца вулічнай агітацыі пазьней – цягам наступнага тыдня. Як паведаміў Анатоль Гнеўка, кіраўнік віцебскай ініцыятыўнай групы Аляксандра Казуліна, на сёньня былі заплянаваныя першыя абыходы кватэр патэнцыйных выбарцаў.

(Гнеўка: ) “Мы пачалі з гутарак. Ня ў поўным аб''ёме яшчэ, але часткова. У нас ёсьць і стэнды, але пакуль што мы такой агітацыяй не займаемся. Мяркуем, што яшчэ ранавата. Яшчэ не далі дазволу, дзе можна агітаваць. Мы зьвярнуліся з заявай, каб нам далі такія месцы. Бо ў Менску ўжо вызначаныя 29 месцаў для агітацыі, а ў нас пакуль – нічога”.

Кіраўнік віцебскага штабу Мілінкевіча Хрыстафор Жаляпаў гаворыць, што чакаць, пакуль улады вызначаць месцы для агітацыі, няма ніякага сэнсу.

(Жаляпаў: ) “Нам ня трэба аніякіх дазволаў, каб выйсьці на вуліцу і агітаваць! Выбарчае заканадаўства і Канстытуцыя гавораць, што з моманту рэгістрацыі кандыдата пачынаецца агітацыйная кампанія. І там нічога няма пра нейкія ўмовы, або пра тое, што нехта мусіць вызначаць для нас нейкія абмежаваньні! Усё! Для перамогі нам трэба яшчэ вельмі шмат папрацаваць, таму мы пачынаем зь першага дня!”

Віцебскія мінакі маглі сёньня бачыць чатыры перасоўныя пікеты з партрэтамі Аляксандра Мілінкевіча, якія былі ўстаноўленыя ў найбольш людных месцах горада: на Пляцы Волі, чыгуначным вакзале, каля гандлёвага цэнтру “Кантынэнт” і на Смаленскім кірмашы.

Што да ініцыятыўных груп Сяргея Гайдукевіча і Аляксандра Лукашэнкі, то вулічных агітацыйных імпрэзаў у Віцебску яны практычна не праводзяць: прынамсі, іх не было ў часе мінулай выбарчай кампаніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG