Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"І чаму Лукашэнка не пагаджаецца на ўдзел у дэбатах з прэтэндэнтамі? Мусіць, баіцца?"


Радыё Свабода Водгукі слухачоў – 17 лютага. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадарыня: ) “Хачу сказаць пра дэбаты. На дэбаты Лукашэнка не пагодзіцца. Але на пытаньні народу павінен адказаць. Прапаную форму сувязі з Лукашэнкам. Ён знаходзіцца па вуліцы Карла Маркса ў сваёй рэзыдэнцыі, народ – на Кастрычніцкай плошчы, дзе будуць усталяваныя тэлеэкраны. Грамадзяне падыходзяць да мікрафонаў, задаюць пытаньні, Аляксандар Рыгоравіч павінен адказваць, прычым адказваць нават на рэзкія пытаньні. Аляксандар Рыгоравіч, спадзяюся ў вас хопіць сьмеласьці пагаварыць з народам”.

(Спадар: ) “Хацеў бы выказаць заўвагу, менавіта да вашай рэдакцыі. Ня дрэнна было б і там вам у Празе прадбачыць так званы Выбарчы кодэкс, хоць раз пагартаць яго, паглядзець, што там увогуле напісана. Не пашкодзіла б і дасканала яго б прагледзець. Таму што іншы раз бывае і сьмешна, і горка, калі такія пытаньні ўзьнікаюць ці іх так некампэтэнтна выказваюць.

А вось цяпер меркаваньне. З пачутага сёньня паведамленьня, што нейкія там выбарцы зьвярнуліся ў пракуратуру са скаргай. Хацеў бы ім заўважыць, што калі і пісаць куды скаргі ў пракуратуру, то толькі на выбаркам за тое, што не забясьпечыў і не праінфармаваў насельніцтва, як ідзе выбарчая кампанія і як запаўняць якія дакумэнты, якія да іх патрабаваньні, каб выбаршчык не падпісваў там няведама што. Ну дык, трэба зьвяртацца ў пракуратуру са скаргай на выбаркам. Трэба ж было паказаць па тэлебачаньню, як некалі яны паказвалі гэты выбарчы бюлетэнь, як яго запаўняць.

А цяпер другі бок справы, юрыдычны. Чаму Цэнтравыбаркам праявіў, так бы мовіць, двайныя стандарты ў гэтай справе? Фармальна яны могуць разглядаць гэтыя скаргі, нават ня скаргі, а як у дадзеным выпадку звароты, каб ануляваць подпісы, толькі да моманту здачы падпісных лістоў у камісію. А калі гэтыя лісты ўжо здадзеныя, як у дадзеным выпадку, то ніякія звароты аб ануляваньні гэтых подпісаў ужо не павінны прымацца. Гэта, як кажуць, чорным па беламу напісана ў Выбарчым кодэксу, якія я раю і рэдакцыі паглядзець. А ў дадзеным выпадку Цэнтравыбаркам, як кажуць, пайшоў насустрач, хоць і ня меў на гэта падставаў, то бок, ён праяўляе двайны стандарт у гэтай справе і разглядае пытаньне там, дзе яго няма, і яшчэ адрасуе яго да пракуратуры, калі наогул якога парушэньня і чым больш нейкай адказнасьці за гэта ў Выбарчым кодэксе і спадзяюся ў другіх законах няма. Таму гэтае пытаньне высмактанае, як кажуць, з пальца.

Калі б у Цэнтравыбаркама не было падвойных стандартаў, то як бы яны павіны былі ў гэтай сытуацыі адрэагаваць? Ну, як звычайна, да апазыцыі – фармальна. Калі тыя зьвяртаюцца, каб уключыць сяброў у камісію, дык ім адказваюць, што яны спазьніліся, бо камісіі ўжо сфармаваныя. Так і ў гэтым выпадку трэба было даць такую адпіску: “Паважаныя выбарцы, на жаль, вы спазьніліся. Тэрмін прыёму такіх зваротаў аб зьняцьці сваіх подпісаў ужо скончаны, падпісныя лісты здадзеныя, галасы палічаныя. Таму ў будучым будзьце больш абачлівыя і глядзіце, што вы падпісваеце. А мы ж у сваю чаргу – маю на ўвазе Цэнтравыбаркам – таксама пастараемся на будучых выбарах праінфармаваць, якія паперы павінны падпісваць выбарцы, паказаць гэта па тэлебачаньню, надрукаваць гэтыя падпісныя лісты ў пэрыядычным друку, разьвесіць на прыметных месцах, каб выбарцы добра бачылі, а не спасылаліся потым, што ім нехта кампастуе мазгі”.

(Спадарыня: ) “Мяркуючы па вашай інфармацыі бачна, што Аляксандар Мілінкевіч тыповы лятун. З маладосьці ён бегаў па замежжы, каб узбуйніць веды па фізыцы. У выніку фізыку прамяняў на палітыку і пры гэтым адразу замахнуўся на пасаду прэзыдэнта. А цяпер зноў бегае па замежжы, выпрошвае ласку і падтрымку. Хай спачатку вывучыць эканоміку, пакіруе адсталай гаспадаркай так, каб за 4-5 год падняць яе на належны ўзровень разьвіцьця. Хай на канкрэтным прыкладзе пакажа, які ён разумны, дзелавы і культурны. Вось тады зможа падумаць пра кіраўніцтва краінай”.

(Пэнсіянэр: ) “У мяне такое пытаньне. Гляджу па НТВ праграма “К барьеру”. Чаму на беларускім тэлебачаньні не правесьці такое мерапрыемства? І чаму Лукашэнка не пагаджаецца на ўдзел у дэбатах з прэтэндэнтамі? Ён жа таксама прэтэндэнт! Мусіць, баіцца?”

(Спадар: ) “Чаму не магу паглядзець на Гарадзеншчыне першую праграму Польшчы, нават па спадарожнікаваму тэлебачаньню?”

(Бартось Марыя Іванаўна, в.Квасоўка: ) “Хачу зьвярнуцца да прэзыдэнта нашага Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Аляксандар Рыгоравіч, скажыце, калі ласка, чаго вы хочаце ад нас, ад народу? Суды ў Гарадзенскім раёне і вобласьці працуюць на карысьць кіраўніка калгасу “Октябрь”. Ён закупіў усе суды і пракуратуры. Што вы ад нас хочаце, Аляксандар Рыгоравіч? Яшчэ раз прагаласаваць за вас? А калі ж вы прыедзеце да нас у гэту Квасоўку? Мы хочам з вамі пагаварыць! Хопіць! Надакучыла ўжо! Хопіць нас душыць!”

(Калянда Віктар: ) “Добры дзень! Турбуе вас слухач Радыё Свабода. Вас глушаць, зараз я пакажу гэта… Я паказаў, як вас глушаць. Мой тэлефон …, калі ў вас ёсьць магчымасьць, патэлефануйце мне. Тое самае адбываецца і з расейскай Радыё Свабода, іх таксама глушаць”.

(Казімір: ) “Прапаную ўсім разам распачаць акцыю “За вольную Беларусь”, у сувязі з чым рабіць усюды, дзе магчыма надпісы: “Засядзеўся!”, “Задраў!”, “Задалбаў!”, і асабліва каля выбарчых участкаў. Калі Цэнтрвыбаркам адсочвае агітацыю таго ці іншага кандыдата, то трэба масава распачаць контрагітацыю супраць дыктатуры”.

(Спадар: ) “Дэбаты вельмі патрэбны, каб мы ведалі, хто такія нашыя прэзыдэнты будучыя. Вельмі патрэбны! Але на дэбаты Лукашэнка ня пойдзе. Канчатковыя дэбаты ён правядзе 2 і 3-га сакавіка і на гэтым скажа: “Усё!” Вось такія нашыя справы”.

(Спадар: ) “Вось слухаў я вас сёньня, колькі чалавек выйшла 16 лютага на плошчу, каб падтрымаць зьніклых. Вашая радыёстанцыя сказала, што выйшла 300 чалавек. “Нямецкую хвалю” слухаў, яна паведамілі, што каля 100 чалавек. BBC на ўкраінскай мове сказала, што тысяча чалавек. Дык вось мяне цікавіць, як вы іх там лічыце, гэтых людзей? Альбо каму колькі хочацца, столькі і кажа, ці што? Тое самае і са сьвечкамі, мабыць. Вы казалі, 100-150 тысяч чалавек ставяць. Я вось хадзіў па гораду – ніводнай сьвечкі ня бачыў. Дык вы будзьце больш сьціплымі трохі, больш аб’ектыўнымі – і людзі да вас пацягнуцца.

І яшчэ наконт выбараў. Ад апазыцыі па вашаму радыё чуеш адно ныцьцё. Ну, як дзеці малыя! Увесь час іх крыўдзяць. І гэта называецца палітычная барацьба. Ды ім усім у цацкі гуляць трэба! А Мілінкевіч катаецца па замежжы і ўсім скардзіцца, што так жыць нельга. І гэты чалавек зьбіраецца кіраваць краінай. Ня дай Бог!”

(Спадар: ) “Спадар Лукашук! Прыкажыце сваім супрацоўнікам уважліва вывучыць публікацыю ў “Савецкай Беларусі” за 16-га лютага на 4-й старонцы. Можа быць, яна тады зразумеюць, што ў сваёй працы трэба толькі праўдзівую інфармацыю даваць, а не ілжывую. І вам таксама карысна прачытаць яе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG