Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч: “Клянуся зрабіць усё, каб у Беларусі былі і свабода, і праўда, і справядлівасьць”


Радыё Свабода Першым на сёньняшнім паседжаньні ЦВК зарэгістравалі кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча. У сваім выступе ён заявіў, што рашэньне ўдзельнічаць у кампаніі для яго і ягонай каманды было нялёгкім.

(Мілінкевіч: ) “Нялёгкім — таму што ў нашай краіне зьнікаюць апанэнты ўлады, ёсьць палітычныя вязьні, ліквідуюцца шматлікія грамадзкія і партыйныя арганізацыі, незалежныя прафсаюзы, фактычна ліквідаваная незалежная прэса”.

Спадар Мілінкевіч заявіў пра перасьлед сябраў ягонай ініцыятыўнай групы, звальненьні з працы і выключэньні з ВНУ “за іншадумства”, нагадаў, што ў выбарчыя камісіі не ўключылі прадстаўнікоў апазыцыі. Спадар Мілінкевіч заявіў, што ідзе на выбары, каб данесьці да людзей незалежную інфармацыю і давесьці, што тых, хто жадае пераменаў, большасьць.

(Мілінкевіч: ) “Праграма, зь якой я іду на выбары, — надзвычай простая, яна грунтуецца на трох каштоўнасьцях: свабода, праўда і справядлівасьць. Людзі хочуць свабоды асобы, свабоды сумленьня, выказваньняў, інфармацыі, яны кажуць, што ім неабходная свабода эканамічнай дзейнасьці. Але часьцей за ўсё людзі кажуць пра тое, што яны хочуць вызваліцца ад татальнага страху”.

Аляксандар Мілінкевіч таксама заявіў, што беларусы “стаміліся ад татальнай хлусьні ў дзяржаўных СМІ”, што яны прагнуць справядлівасьці. Пры гэтым спадар Мілінкевіч спаслаўся на свае сустрэчы ў рэгіёнах. Ён нагадаў, што нават сёньня сядзяць у пастарунках сябры ягонай каманды:

(Мілінкевіч: ) “Я заклікаю ўсіх, хто гэта робіць, быць сумленнымі, жыць па законе і выпусьціць гэтых людзей. На заканчэньне я клянуся, што зраблю разам са сваімі сябрамі ўсё, каб у Беларусі была і свабода, і праўда, і справядлівасьць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG