Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анан: рана ці позна лягер у Гуантанама павінен быць закрыты


Кастусь Бандарук, Прага Пасьля таго як Белы Дом адкінуў рэкамэндацыю ААН аб тым, каб закрыць лягер для затрыманых у Гуантанама, дыпляматы ААН знаёмяцца з тэкстам дакумэнту і абмяркоўваюць далейшыя крокі. Існуе агульнае перакананьне, што незалежна ад таго, наколькі праўдзівыя зьвесткі аб умовах утрыманьня ў базе Гуантанама на Кубе, аднак у прынцыпе барацьба з тэрарызмам не апраўдвае парушэньня чалавечых правоў і свабодаў.

Генэральны сакратар ААН Кофі Анан заявіў, што ён ня цалкам пагаджаецца са зьместам справаздачы, але лічыць, што раней ці пазьней лягер у Гуантанама павінен быць закрыты. Ён адзначыў, што вязьні ня могуць утрымлівацца бясконца, і трэба альбо выставіць ім канкрэтныя абвінавачаньні, альбо вызваліць. Прадстаўнік Анана Стэфэн Дуджарыч паведаміў, што сам генэральны сакратар ААН ня ўдзельнічаў у падрыхтоўцы справаздачы, але нават з улікам барацьбы з тэрарызмам ён заклікае не забываць аб правох чалавека.

(Дуджарыч: ) "Справаздача гатовая. Мы дакладна вывучылі яе, і тое самае рэкамэндуем зрабіць усім зацікаўленым бакам. Генэральны сакратар часта гаварыў і паўтарае яшчэ раз, што неабходнае ўзаемапаразуменьне і балянс паміж барацьбой з тэрарызмам і абаронай грамадзянскіх свабодаў і правоў чалавека".

Сталы расейскі прадстаўнік Расеі ў ААН Андрэй Дзянісаў заявіў, што Расея яшчэ не азнаёмілася са справаздачай, аднак катаваньняў і нялюдзкага абыходжаньня з затрыманымі ў прынцыпе не павінна быць.

(Дзянісаў: ) "Гэта ня тое пытаньне, якое нейкім чынам абмяркоўваецца і афіцыйна апрацоўваецца тут, у ААН. Гэта пытаньне нашага нацыянальнага стаўленьня да праблемы. Зразумела, мы лічым, што недапушчальныя мэтады абыходжаньня зь вязьнямі, у Гуантанама ці ў любым іншым месцы, проста павінны быць выключаныя зь міжнароднай практыкі. Вось і ўсё”.

Дзянісаў паведаміў, што ў Гуантанама пэўны час затрымліваліся трое расейскіх грамадзянаў. Яны праходзілі ідэалягічную апрацоўку ў Аўганістане і былі захопленыя амэрыканцамі пасьля адхіленьня талібаў ад улады. Расейскі дыплямат дадаў, што цяпер Расея непасрэдна не зацікаўленая пытаньнем умоваў утрыманьня вязьняў у Гуантанама, але расейскі бок азнаёміцца са справаздачай і выкажа сваю думку на гэты конт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG