Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над падазраванымі ў забойстве Гангадзэ адклалі


Радыё Свабода Кіеўскі апэляцыйны суд адклаў на няпэўны тэрмін слуханьне справы аб забойстве журналіста Георгія Гангадзэ. Працэс над трыма былымі супрацоўнікамі міністэрства ўнутраных справаў Украіны, якіх абвінавачваюць у забойстве Гангадзэ, адновіцца пасьля таго, як будзе вызначана, ці ўтрымліваецца ў матэрыялах справы дзяржаўная таямніца.

Рашэньне адкласьці слуханьні было прынятае пасьля шматлікіх зваротаў і скаргаў з патрабаваньнем зрабіць судовы працэс адкрытым. Нагадаю, што суд у справе расьсьледаваньня забойства Георгія Гангадзе пачаўся сёлета 9 студзеня, і ўжо ў канцы студзеня судовыя слуханьні аб’явілі закрытымі. Судзьдзя забараніла журналістам прысутнічаць на працэсе, спасылаючыся на тое, што некаторыя інфармацыя ад забойцаў Гангадзэ з’яўляецца дзяржаўнай таямніцай. Вось што заявіў учора адвакат маці забітага журналіста Лэсі Гангадзэ Андрэй Фядур. (Фядур: ) " Выяўляецца, што ў матэрыялах ўсё ж няма дакумэнтаў, якія б складалі дзяржаўную таямніцу. Аднак сёньня прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачаньня пракурор Шылаў прапанаваў, што давайце праверым з экспэртамі, што складае дзяржаўную таямніцу, а што не. Гэта трэба было зрабіць ужо даўно”.

Андрэй Фядур лічыць, што ўсё гэта адбываецца з мэтай дыскрэдытаваць дзейнага прэзыдэнта Віктара Юшчанку, які пасьля перамогі “аранжавай рэвалюцыі” абяцаў, што судовы працэс у справе Гангадзэ будзе максымальна адкрытым у адпаведнасьці з заканадаўствам Украіны.

На лаве падсудных – тры былыя афіцэры міліцыі – Валер Кастэнка, Мікола Пратасаў і Аляксандар Паповіч. Два палкоўнікі міліцыі й кіроўца былі арыштаваныя пасьля перамогі “аранжавай рэвалюцыі”.

Удава забітага Міраслава лічыць, што гэта толькі выканаўцы, а сапраўдныя адказныя за сьмерць яе мужа дагэтуль не арыштаваныя. Міраслава Гангадзэ лічыць адным з галоўных вінаватых былога кіраўніка дэпартамэнту МУС Украіны Аляксея Пукача. Цяпер Пукач знаходзіцца ў міжнародным вышуку, ягонае месцазнаходжаньня невядомае.

10 лютага дзяржаўны абвінаваўца ў працэсе Уладзімер Шылаў паведаміў, што двое падсудных прызналі сваю віну цалкам, і адзін -- часткова.

Заснавальнік інтэрнэт-газэты“Украінская праўда” Георгі Гангадзэ быў выкрадзены ў верасьні 2000 году, а ягонае зьнявечанае, абезгалоўленае цела было знойдзенае ў лістападзе ў лесе.

Неўзабаве пасьля забойства журналіста былы ахоўнік Кучмы – маёр Мікола Мельнічэнка – апублікаваў сакрэтны запіс размовы Кучмы з тагачасным міністрам унутраных справаў Юрыем Краўчанкам. На стужцы Кучма кажа, што кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Літвін раіць выкрасьці журналіста і "перадаць чачэнцам".

Краўчанка адказаў на гэта, што мае дзеля гэтага адпаведных людзей, і абяцае Кучму расправіцца зь непакорлівым журналістам. Былы міністар ня змог пацьвердзіць аўтэнтычнасьці запісу, бо ў сакавіку 2005 году ён пры таямнічых акалічнасьцях памёр, паводле афіцыйнай вэрсіі – застрэліўся. Кучма і Літвін адкідаюць абвінавачаньні на свой адрас.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG