Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якім будзе назіраньне за выбарамі?


Радыё Свабода Беларускія назіральнікі рыхтуюцца да маніторынгу прэзыдэнцкіх выбараў. Паводле ацэнак Цэнтарвыбаркаму, колькасьць унутраных назіральнікаў можа дасягнуць 20 тысячаў. Якім будзе сёлетняе назіраньне за выбарамі, высьвятляў наш карэспандэнт.

У мінулым годзе ў Менску ўлады перашкодзілі правядзеньню ўстаноўчага зьезду грамадзкага аб’яднаньня незалежных назіральнікаў “Партнэрства”. Міліцыя затрымала некалькі дзясяткаў дэлегатаў зьезду, некаторыя былі аштрафаваныя і арыштаваныя. Паводле незалежнага юрыста Юркі Чавусава, супрацьдзеяньне ўладаў незалежнаму назіраньню застаецца адной з праблемаў і гэтай выбарчай кампаніі.

(Чавусаў: ) “Супрацьдзеяньне ўладаў выліваецца ня толькі ва ўціск на індывідаў, якія ўдзельнічаюць у назіраньні, асабліва ў рэгіёнах, уціск на каардынатараў, перасьлед распаўсюднікаў прадукцыі, якая агітуе на назіраньне. Але таксама і ўціск на зарэгістраваныя грамадзкія аб’яднаньні, якія патэнцыйна могуць вылучаць назіральнікаў”.

Паводле сакратара Цэнтарвыбаркаму, ужо зарэгістравана больш за 4 тысячы ўнутраных назіральнікаў ва ўчастковых выбарчых камісіях. На мінулых выбарах значную іх частку склалі сябры праўрадавых структураў, тыпу БРСМ і афіцыйных прафсаюзаў. Паводле Ўладзімера Лабковіча, юрыста штабу кандыдата аб’яднанай апазыцыі, улады будуць намагацца нэўтралізаваць незалежных назіральнікаў.

(Лабковіч: ) “Улады, якія баяцца наяўнасьці вялікай колькасьці ўнутраных назіральнікаў, абкаталі гэтую сыстэму на мінулых парлямэнцкіх выбарах і рэфэрэндуме. Гэта вылучэньне вялікай колькасьці сваіх псэўданазіральнікаў, роля якіх увесь час казаць аб тым, што ўсё было цудоўна, ніякіх парушэньняў не было. Іхняя асноўная функцыя -- зусім не назіраць за выбарамі”.

Аб’яднаная апазыцыя ня ставіць за мэту ахапіць назіраньнем усе выбаркамы. Асноўная ўвага будзе нададзена буйным гарадам. У штабе Аляксандра Мілінкевіча мяркуюць накіраваць каля пяці тысяч назіральнікаў, прычым пераважную іх колькасьць вылучыць праз збор подпісаў грамадзян. Тлумачыць Уладзімер Лабковіч.

(Лабковіч: ) “Менавіта каб гэта быў сапраўдны народны кантроль. Мы вырашылі, што перад назіраньнем павінны стаяць іншыя задачы: мабілізацыя і абуджэньне грамадзтва вакол праблемы фальсыфікацыяў выбараў і гатоўнасьці грамадзтва патрабаваць ад уладаў, адстойваць правядзеньне дэмакратычных і празрыстых выбараў”.

Але ці дазволяць улады, напрыклад, сачыць за падлікам галасоў так, як назіральнікі лічаць гэта патрэбным? Сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік.

(Лазавік: ) “На мінулых выбарах было і, я думаю, будзе, напэўна, і на гэтых выбарах. Калі назіральнікі спрабуюць ледзь не кіраваць дзейнасьцю выбарчай камісіі, мы заўсёды гаварылі, што арганізуе выбарчы працэс не назіральнік, а камісія. І менавіта яна вызначае, як праводзіцца падлік галасоў адпаведна выбарчаму заканадаўству”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG