Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына пашырае гуманітарныя праекты ў Беларусі


Радыё Свабода Сёньня новы нямецкі дырэктар Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру, галоўны каардынатар праграмаў падтрымкі Беларусі Астрыд Зам прэзэнтавала новыя праграмы і праекты, якія будуць рэалізаваныя ў 2006 годзе.

Беларуска-нямецкае супрацоўніцтва будзе далей разьвівацца па шасьці ключавых накірунках: адукацыя, сацыяльная сфэра, экалёгія і энэргетыка, а таксама эканоміка і рэгіянальнае разьвіцьцё, паведаміла Астрыд Зам. І падкрэсьліла:

(Зам: ) “Гэта ўнікальная сытуацыя, і ні ў адной іншай постсавецкай краіне няма такой разьвітай сеткі партнэрскіх адносінаў, як паміж Беларусьсю і Нямеччынай”.

Астрым Зам нагадала, што 5 гадоў таму, калі ўрад Нямеччыны заявіў, што спыняе фінансаваньне праграмы “Трансформэр”, узьнікла грамадзянская ініцыятыва Праграма падтрымкі Беларусі пад умоўным назовам “Пераадольваючы межы”. Ініцыятыву падтрымаў тагачасны прэзыдэнт Нямеччыны Ёганэс Раў, дэпутат Бундэстагу Ута Цапф, – усяго 360 чалавек з усёй Нямеччыны. Гэта пераканала ўсіх, што беларуска-нямецкія партнэрскія праекты – гэта жывы рух, рэальная праца.

І цяпер Праграма падтрымкі Беларусі ўступіла ў трэцюю фазу. Сярод новых цікавых буйных праектаў – распрацоўка і правядзеньне заняткаў па асновах прадпрымальніцтва для старшаклясьнікаў у рэгіёнах, праект “Я – дарослы!”, арыентаваны на сацыяльную інтэграцыю маладых інвалідаў, спрыяньне разьвіцьцю сельскага турызму ў Беларусі, “Новае аграрнае прадпрыемства”, “Экадом”.

Будуць працягвацца і буйныя чарнобыльскія праекты па аздараўленьні дзяцей “Надзея ХХІ стагодзьдзе”. А да 20-й гадавіны Чарнобыльскай трагедыі практычна ва ўсіх фэдэральных землях Нямеччыны мясцовыя ініцыятывы наладзяць сустрэчы са сваімі беларускімі партнэрамі. 21-23 красавіка ў Нямеччыне пройдзе буйная канфэрэнцыя “20-годзьдзе Чарнобыля і яго наступствы”, куды запрошаныя 200 беларусаў: і афіцыйныя асобы, і простыя людзі з забруджаных раёнаў. Распавядае Астрыд Зам:

(Зам: ) “Усе ініцыятывы пасьля канфэрэнцыі 26 красавіка будуць запрошаныя ў Бундэстаг ад імя сацыял-дэмакратычнай фракцыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG