Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень беларуска-літоўскай салідарнасьці ў Вільні


Тацяна Поклад, Вільня У Вільні акцыя “Дзень беларуска-літоўскай салідарнасьці” адбылася чацьвёрты раз, сёньня – разам са сьвяткаваньнем літоўскага Дня незалежнасьці. Дзень 16 лютага для Літвы – па сваёй сутнасьці гэта такая ж дата, як 25 сакавіка, Дзень Волі, для беларусаў. Пасьля аднаўленьня незалежнасьці Літвы, гэтае сьвята – дзяржаўнае і агульнанацыянальнае, непрацоўны дзень, калі ладзяцца афіцыйныя імпрэзы, урачыстыя імшы.

Сёньня перад Домам сыгнатараў (у якім дэлегаваныя з усяе Літвы чальцы Літоўскай рады ў 1918 годзе падпісалі Акт аб незалежнасьці) на вуліцы Замкавай рэяў і бел-чырвона-белы сьцяг. Арганізацыя, якая яднае моладзь розных нацыянальнасьцяў, "Цэнтар аб''яднаных беларускіх ініцыятываў", рупіцца пра тое, каб як найбольш літоўскіх палітыкаў і жыхароў Літвы ведалі пра Дні салідарнасьці. Беларуская і літоўская моладзь ладзіла акцыю салідарнасьці сёньня ў тым самым часе, калі адбывалася традыцыйная ўрачыстасьць з нагоды Дня незалежнасьці Літвы, якая наўпрост трансьлявалася літоўскімі нацыянальнымі СМІ.

У прамове, якая адкрыла урачыстасьць, старшыня літоўскага Сойму павіншаваў усіх "з днём нараджэньня Літвы" і адзначыў:

(Паўласкас: ) "Сёньня з намі прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў. Мы не адказваем за гісторыю, якая стваралася да нас, але мы адказваем за гісторыю, якую пакінем пасьля сябе – яна залежыць ад нашай волі і ад нашых ідэалаў".

Літоўскі эўрапарлямантар Вітаўтас Ландсбэргіс, лідэр "Саюдзісу", першы кіраўнік адноўленай літоўскай незалежнай дзяржавы, у сваёй прамове заклікаў падтрымаць акцыю салідарнасьці і дэмакратычныя памкненьні беларусаў.

(Ландсбэргіс: ) "Кожны месяц 16-га мы ўзгадваем лёс нашых братоў беларусаў, такіх блізкіх да нас. Нас яднае Нёман, у нас шмат агульнага ў характарах і народных песьнях. У беларусаў ёсьць памкненьне да свабоды. Тут моладзь з беларускім сьцягам... (воплескі)... Няхай жыве вольная Беларусь!... Гэта мае быць краіна са школамі на беларускай мове, краіна, дзе людзей ня будуць прымушаць шанаваць дыктатара, які паходзіць з калгасу і адзін пануе на ўсіх тэлеэкранах. Цяпер у Беларусі кіраўнікі апазыцыі альбо зьнікаюць бязь сьледу, альбо беспадстаўна зьнявольваюцца бяз доказаў іх віны. Давайце пажадаем Беларусі свабоды і разам з тым ацэнім каштоўнасьць нашай незалежнасьці, што мы маем".

Беларусаў і нацыянальны беларускі сьцяг воплескамі віталі некалькі сотняў чалавек, якія сабраліся на ўрачыстасьць. Тыя, каму дарагія ідэалы літоўскай незалежнасьці, далучыліся да акцыі беларуска-літоўскай салідарнасьці. Віленцы запаляць сьвечкі і ў сваіх вокнах, увечары а восьмай гадзіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG