Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скарачаецца прыватны гандаль між Беларусьсю і Ўкраінай


Радыё Свабода Памежны гандаль паміж Беларусьсю і Ўкраінай на афіцыйным узроўні апошні час стаў ажыўляцца. Тэхніка, энэргарэсурсы, шпалеры, нафтапрадукты складаюць асноўную частку ўзаемнага тавараабароту. На бытавым узроўні гандаль скарачаецца, асабліва зімой.

Яшчэ зусім нядаўна дзесяткі ўкраінцаў прыяжджалі на гомельскія рынкі гандляваць харчамі ды дробнымі прамысловымі вырабамі. Гараджане ахвотна куплялі таньнейшыя ўкраінскія тавары. Цяпер на рынках абласнога цэнтру можна сустрэць толькі асобных украінскіх гандляроў з бліжэйшых раёнаў Чарнігаўскай вобласьці. Што ж здарылася?

(Гандлярка з Украіны: ) “Моцна прыціснулі нас — міліцыя беларуская, мытня. Праз мытню можна везьці толькі 5 кіляграмаў. Таму людзі мала езьдзяць”.

(Іншая гандлярка: ) “Я сама з Чарнігаўскай вобласьці, са Шчорсу. Мне калі б дазволілі, я б і 30 кіляграмаў везла, каб крыху зарабіць. У мяне муж хворы і дачка бяз працы. Дазваляецца нам увозіць 5 кіляграмаў харчу і адзін літар сьпірту. Нявыгадна стала. Квіток каштуе 8 тысяч беларускіх “зайцоў”, каб прыехаць да вас і ад вас. Гэта для нас вельмі дорага”.

Сярод іншых прычынаў скарачэньня памежнага гандлю ўкраінцы называюць і падвышэньне коштаў на харчы ў самой Украіне.

(Гандлярка: ) “У нас сала ўжо дарагое — 9 тысяч “зайчыкаў” на вашы грошы. А мы ў вас можам купіць за 6-7,5 тысяч. Тлушч, сала — у асноўным мясныя харчы ў нас даражэйшыя, чым у вас”.

Яшчэ адна ўкраінка вызначае, што лепш везьці на гомельскія рынкі і купляць у Беларусі:

(Гандлярка: ) “У нас, ва Ўкраіне, ніжэйшыя кошты на цукеркі, на гарэлку. А ў Беларусі таньнейшая аўсянка, мы бяром аўсяныя шматкі. Крабавыя палачкі бярэм, кукурузу ў бляшанках”.

Ня стала лягчэй працаваць і беларускім гандлярам, якія езьдзяць ва Ўкраіну. Распавядае індывідуальная прадпрымальніца з Гомелю Ларыса:

(Ларыса: ) “З-за птушынага грыпу ва Ўкраіне мы ніякага харчу з курэй не перавозім. Усё астатняе — кіляграмы. Прывозім прыправу “Міліна”, туалетную паперу, сокі. Цяжка перавозіць. Калі вязеш тавары, мытнікі ўсё пераглядаюць. Пытаюць, што і адкуль. За лішнюю вагу адпраўляюць назад”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG