Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Койданаўцы: "горны народ"


Ягор Маёрчык, Койданава, Меншчына Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Я знаходжуся на самым высокім пункце Беларусі — гэта гара Дзяржынская. А побач — мэханічны двор тутэйшай калектыўнай гаспадаркі. Каб дабрацца сюды, трэба прайсьці ўвесь мэханічны двор, а пасьля будзе брама з надпісам “Месца захоўваньня сьпісанай тэхнікі”. Тут можна пабачыць рэшткі сельскагаспадарчай тэхнікі, а побач будзе знак. Тое, што называецца турыстычнай інфраструктурай, цалкам адсутнічае ў гэтым месцы. Няма дарожнага паказальніка, няма кавярняў, няма шапікаў з сувэнірамі. Гэта ўсяго толькі лапік зямлі сельскагаспадарчага вытворчага каапэратыву “Маяк-78”.

За пяць хвілінаў да таго, як дасягнуў самай высокай кропкі Беларусі, завітаў у вартоўню мэхдвара. Там я засьпеў агранома гаспадаркі. На пытаньне, як даехаць да гары Дзяржынскай, ён ляканічна адказаў: “Вы на ёй ужо знаходзіцеся, тут і ёсьць 345 мэтраў над роўнем мора”.

(Карэспандэнт: ) “Такое знакамітае месца. Турысты сюды прыяжджаюць?”

(Спадар: ) “Бывае, што дзеці сюды прыходзяць. Аднаго разу нават ангельцы прыяжджалі. Гэта было гадоў пяць таму”.

(Карэспандэнт: ) “А людзі ганарацца, што жывуць у такім месцы?”

(Спадар: ) “Мы да гэтага прывыклі. Мы — горны народ”.

(Карэспандэнт: ) “Вы — горны народ?”

(Спадар: ) “Атрымліваецца, што так, бо жывём на самай гары”.

(Карэспандэнт: ) “Наколькі тэмпэратура ў вас адрозьніваецца ад таго, што ў райцэнтры?”

(Спадар: ) “На чатыры градусы. Там ужо вішні адцьвілі, а ў нас толькі зацьвітаюць. Клубніцы паўсюль скончыліся, а ў нас толькі пачынаюцца. У нас усё пасунута на два тыдні”.

(Карэспандэнт: ) “Як жыцьцё ў гаспадарцы “Маяк-78”?”

(Спадар: ) “А дзе ў вёсцы цяпер добра?”

(Карэспандэнт: ) “Выбары ідуць. Людзі пра гэта гавораць, ці не?”

(Спадар: ) “Усё праходзіць спакойна, ніякага ажыятажу няма”.

(Карэспандэнт: ) “За каго людзі галасаваць будуць?”

(Спадар: ) “За Сан Рыгорыча”.

(Карэспандэнт: ) “А іншых кандыдатаў людзі ведаюць?”

(Спадар: ) “У газэтах пра іх пішуць. Я прачытаў пра кожнага”.

(Карэспандэнт: ) “І больш за ўсіх падабаецца Аляксандар Рыгоравіч?”

(Спадар: ) “Хоць спакойна ўвечары па вуліцах можна хадзіць. Мы з гэтай дэмакратыяй ужо нажыліся!”

З гары я спускаюся на раўніну і кіруюся ў Койданава. Афіцыйная назва гэтага раённага цэнтру Меншчыны — Дзяржынск. Перайменавалі яго за савецкім часам, але і ў незалежнай Беларусі Дзяржынск застаецца адным з буйных паселішчаў, якому не вярнулі гістарычнай назвы.

Звычайна пра памер той ці іншай кропкі на мапе можна меркаваць паводле колькасьці насельніцтва. І ў перадвыбарчы час варта зьвярнуць увагу на выбарцаў — а іх тут 17 тысяч чалавек.

Адным з вынікаў палітычнай пяцігодкі 2001—2006 ёсьць тое, што ў Койданаве зьліквідаваныя ўсе суполкі дэмакратычных партыяў і недзяржаўных грамадзкіх арганізацыяў. Ад выбараў да выбараў менее і тых, хто спрычыняецца да кампаніяў. Мая суразмоўца, у мінулым актыўная апазыцыянэрка, засталася ўбаку ад сёлетніх выбараў з прычыны цяжкай хваробы сужанца.

(Карэспандэнт: ) “Ці адчуваецца на стаўленьні з боку начальства тое, што вы ўдзельнічалі ў ранейшых палітычных кампаніях?”

(Спадар: ) “Цяпер мы гэтую справу кінулі і ня ўдзельнічаем. І цяпер на нас ціску няма. Ёсьць такая Алена Курневіч, яна ў райкаме вядзе ідэалягічную працу. Яна папярэдзіла: вы надта хвастоў не падымайце, бо на вас заведзена справа. Я не цікавілася, што гэта за справа. Можа, нас хацелі запужаць, каб мы болей не дапамагалі. Я на пэнсіі, я нікога не баюся, але тая настаўніца-калега, што была са мной, яна вельмі спужалася”.

(Карэспандэнт: ) “Ці адчуваецца, што блізка выбары? Што ў вас адбываецца?”

(Спадар: ) “У нас цяпер зьнялі дырэктара. Ён там фінансава махляваў. Але яго перавялі ў райана. І цяпер у нас начальства няма, у нас свабода! Таму нічога не адбываецца, усё спакойна. Зьбіралі подпісы за Лукашэнку”.

(Карэспандэнт: ) “А за іншых кандыдатаў была ў людзей магчымасьць падпісвацца?”

(Спадар: ) “Усё ціха, нідзе нічога не чуваць. Ніхто пра гэтых кандыдатаў ня ведае. Я атрымлівала пэнсію і выпадкова сутыкнулася з маці Сашы Дабравольскага. Мы зь ёй перагаварылі, і я тады пачула пра Мілішкевіча... Мілінкевіча. А так я і сама ня ведала”.

(Карэспандэнт: ) “Пяць гадоў ад кампаніі-2001 да кампаніі-2006. Нешта станоўчае зьявілася за гэты час у жыцьці гораду і людзей?”

(Спадар: ) “Я лічу, што нічога добрага няма. Як папяровая цяганіна была, так яна і засталася. Мы прадавалі дом... Гэта Божачка літасьцівы! Столькі выхадзілі, пакуль дакумэнты аформілі!”

(Карэспандэнт: ) “Апошні час улады вельмі прапагандуюць тое, што называецца “прынцып аднаго акна”.

(Спадар: ) “У нас да гэтага яшчэ далёка. Такога і ў Менску не адчуваецца. Я зь сястрой кантактую, а яна мне таксама кажа, што на гэты конт толькі брэшуць”.

У дадзены момант я знаходжуся на гарадзкім рынку. Тут шмат тавару, дастаткова гандлёвых месцаў, нямала гандляроў і менш за ўсё пакупнікоў.

Сярод прадпрымальнікаў я не магу знайсьці Сьвятлану Скуракову. Пункт, якая гандлюе прыладамі да мабільных тэлефонаў, часова зачынены. Сьвятлана зьбірала подпісы за Аляксандра Мілінкевіча. Адзін з намесьнікаў старшыні райвыканкаму адмовіўся зацьвердзіць падпісныя аркушы. Тады сябры ініцыятыўнай групы паскардзіліся ў Цэнтравыбаркам. Там зрэагавалі імгненна: затэлефанавалі раённым вэртыкальнікам і наладзілі ім лікбез па выбарчым праве.

Паводле супадзеньня, на наступны дзень падатковая інспэкцыя правяла супраць Сьвятланы Скураковай адмысловую апэрацыю.

(Скуракова: ) “Мы гандлюем на рынку і займаемся прыладамі да мабільных тэлефонаў. Натуральна, мы ведаем тое месца, дзе ў Менску прадаюцца тэлефоны, але мы імі не займаемся. Да нас падышла падатковая інспэктарка і папрасіла прывезьці ёй мабільны тэлефон. Хвілінаў пятнаццаць яна мяне ўгаворвала. Я ёй адказала, што я гэтым не займаюся. Тут адразу ж у просьбе зьявіўся тон пагрозы. Маўляў, вы ведаеце, хто я такая. Ну, ведаючы, што яна падатковая інспэктарка, што яна сябруе з маёй сяброўкай, я пагадзілася. Яна прыйшла з пазначанымі купюрамі. Адразу ж праз тэлефон выклікала свайго напарніка, каб той падышоў і склаў на нас пратаколы”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму да вас такая ўвага?”

(Скуракова: ) “Нібыта, падатковай я нічым не насаліла. Магчыма, усё гэта ідзе ад выканкаму. Калі я прынесла падпісныя лісты на подпіс, мне было сказана, што некаторыя ня могуць пачакаць, а адразу бягуць скардзіцца”.

Тэму перадвыбарчых настрояў у Койданаве я працягваю ў размове з Тацянай Ванінай, кіраўніцай ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча.

(Ваніна: ) “Калі я зьбірала подпісы, узяла сярэдні дом, дзе людзі працуюць на розных прадпрыемствах, дзе ёсьць пэнсіянэры і маладыя людзі, якія здымаюць кватэры. У сарака сямі кватэрах мне адчынілі дзьверы, падпісаліся ў дваццаці чатырох. Людзі падпісваюцца абсалютна сьвядома. Іншая рэч, што некаторыя ня вераць, што гэтым можна нешта зьмяніць. Я ім спрабавала тлумачыць: калі абараніць свой голас, калі кожны, хто прагаласуе не за Лукашэнку, выйдзе на плошчу і запытаецца: дзе мой голас, мы можам вырашыць сытуацыю ў Беларусі. Я заўсёды згадваю казку Карнея Чукоўскага пра прусака. У нас Лукашэнка, як той прусак з вусамі, які “пастроіў” быкоў і насарогаў. А пасьля зьявіўся верабейчык, які яго клюнуў. Ён не такі страшны, ён зусім ня страшны”.

Наступная мая сустрэча — зь Міхалам Сантаровічам. Ён даўні слухач Радыё Свабода, піша лісты і ўдзельнічае ў конкурсах. Спадар Сантаровіч працуе на экспэрымэнтальна-мэханічным заводзе. Хаця сам ён пра назву прадпрыемства гатовы паспрачацца.

(Сантаровіч: ) “Я лічу, што слова “завод” для прадпрыемстваў, якія выкарыстоўваюць мэханічныя прылады, ужывацца не павінна. Трэба ўжываць слова “фабрыка”. А слова “завод” у беларускай мове азначае кубло, працяг пароды. Прыкладам, завод буйной рагатай жывёлы, парсюкоў”.

(Карэспандэнт: ) “Як пражыў горад пяць гадоў — ад прэзыдэнцкай кампаніі 2001-га да 2006-га?”

(Сантаровіч: ) “Мы знаходзімся ля нашага прадпрыемства, а побач пабудавана прадпрыемства для перапрацоўкі бульбы. Але яно не працуе. На даху нават парасьлі дрэвы. Насупраць знаходзіцца яшчэ адно прадпрыемства — “Зямельмаш”. Раней было 500 працаўнікоў, а цяпер засталося 60. Жыцьцё ў раёне ледзь ліпіць, а нашы кіраўнікі кажуць адваротнае. Кіраўнік раёну зрабіў заяву, што ў нас на прадпрыемстве зварнікі зарабляюць паўтара мільёна рублёў. Гэта хлусьня! Насамрэч, найлепшыя адмыслоўцы ў нас зарабляюць 700—800 “рублёў”, а шараговыя зварнікі — 500—600”.

(Карэспандэнт: ) “Вы — дэмакратычна настроены чалавек. Як на вашы дзеяньні і выказваньні глядзіць начальства на працы?”

(Сантаровіч: ) “Ідзе шалёны ўціск — з-за таго, што ў сваёй працы інжынэра-тэхноляга я карыстаюся роднай мовай. Яны выклікаюць мяне да сябе і ўшчуваюць: “Як вы адзін можаце ісьці супраць усяго калектыву?!”

Койданаўская швейная фабрыка “Эліз” выпускае адзеньне. Тут шылі для савецкай арміі, для “Песьняроў” і Міхаіла Фінберга, для Аляксандра Лукашэнкі. Сваю прадукцыю “Эліз” экспартуе ў дзясяткі краінаў. Усё згаданае — так бы мовіць, адзін бок мэдаля. А іншы ракурс — у размове з швачкай, якая папрасіла не называць ейнага імя.

(Спадарыня: ) “Наша прадукцыя адгружаецца фурамі. Натуральна, што заробак павінен быць не 300 тысяч, а хаця б 400—500. Начальства сваім грубым стаўленьнем даводзіць людзей да сьлёз. У нас у калектыўнай дамове напісана: хто мае дзяцей да чатырнаццаці гадоў, мае права раз на месяц узяць адгул. У нас быў канфлікт з начальствам. Я гэты дзень патрабавала. Мне кажуць: “Ты не адна ў нас такая, у нас такіх шмат”. Я за іншых не адказваю. Мне патрэбна, я і пайду”.

(Карэспандэнт: ) “Людзі ўздымалі праблему заробку?”

(Спадарыня: ) “Неяк патрабавалі падвысіць заробак. Гэта было напярэдадні сходу акцыянэраў. І гэты сход перанесьлі на месяц. Нам адразу ж аддалі дывідэнды, якіх не выплачвалі пяць гадоў. Прайшоў год — і зноў няма сплатаў”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць нейкая суполка прафсаюзу? Ці іншая арганізацыя, якая абараняе вашы правы?”

(Спадарыня: ) “Прафсаюз — толькі на словах. Насамрэч, нічога няма. Усе там пляшуць пад дырэктара і нашу дзяржаву. Яны могуць толькі пахаваньне арганізаваць і даць букет кветак”.

Апроч “Эліз”, у Койданава яшчэ да нядаўняга часу ганарыліся сумесным беларуска-нямецкім прадпрыемствам “БелФер”. Яно вырабляла фары для аўтамабіляў “Фольксваген”. Аднак нядаўна ў аўтамабільнага канцэрну памяняўся ўладальнік. Новы гаспадар вырашыў абысьціся безь беларускіх ліхтароў. На прадпрыемстве ліхаманкава шукаюць новых рынкаў збыту прадукцыі, а паралельна абвясьцілі пра скарачэньне працоўных.

Койданава — горад-спадарожнік. Адсюль да Менску ўсяго паўгадзіны маршруткай. Тыя, хто не знаходзяць працы ў родным горадзе, едуць у сталіцу. Апошнім часам такіх людзей более. На чыгунцы нават зьявіўся дадатковы цягнік, які дастаўляе людзей на працу ў Менск і прывозіць назад у Койданава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG