Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як участковыя выбаркамы мусяць запрашаць людзей на выбары?


Радыё Свабода На пытаньні слухачоў “Свабоды” адказваюць праваабаронца Ўладзімер Лабковіч, сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік, намесьнік рэдактара газэты “Новы час” Кастусь Тарасаў.

(Спадар: ) “Чаму нічога ня робіцца для падліку галасоў на выбарах незалежнымі назіральнікамі? А то будзе, як у сталінскі час. Той мае рацыю, хто лічыць. Той будзе пераможцам”.

Адказвае праваабаронца Ўладзімер Лабковіч:

(Лабковіч: ) “У Беларусі склалася такая сытуацыя, калі назіраньне не выконвае ніякіх сваіх функцыяў у пляне абароны галасоў і супрацьдзеяньня выбарчым камісіям. Назіральнікі збольшага ня могуць дамагчыся таго, каб іх дапусьцілі да падліку галасоў. Бо ў Выбарчым кодэксе гэта дакладна не прапісана, а ў мэтадычных рэкамэндацыях, што выдала ЦВК, напісана, каб назіральнікі прысутнічалі на падліку галасоў, але на такой адлегласьці, каб гэта не перашкаджала працы ўчастковых камісіяў. Яны акцэнтуюць увагу на тым, што назіральнікі павінны быць за 10—15—20 мэтраў ад сталоў — дзе нічога не відаць. І таму, вядома, роля назіральнікаў у Беларусі на выбарчых участках даволі мінімальная. І дамагчыся заканадаўчым чынам зьменаў немагчыма. Мы спрабуем гэта зьмяніць, і таму цяпер назіраньне будзе актыўным, шмат дзе мы будзем спрабаваць такія формы, каб назіральнікі ўсё ж такі патрабавалі празрыстасьці выбарчых участкаў”.

* * *

(Генадзь: ) “15 лютага ў Першамайскім раёне Віцебску па кватэрах хадзіў малады чалавек і цікавіўся: ці трэба дасылаць запрашэньні на выбары? Раней такога не было. Што б гэта значыла?”

Адказвае сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік:

(Лазавік: ) “Участковая выбарчая камісія інфармуе выбарцаў пра час і месца, дзе будзе адбывацца галасаваньне. Вось гэта абавязак участковай выбарчай камісіі. У якой форме будзе пададзена гэтая інфармацыя, гэта ўжо вызначаецца ўчастковай камісіяй. Рэкамэндуецца, каб выбарцам накіроўвалася адпаведная паштоўка”.

* * *

Рыгор даслаў на Радыё Свабода SMS-паведамленьне, у якім пытаецца: “Куды падзелася газэта ТБМ “Новы час”?”

Адказвае намесьнік рэдактара газэты “Новы час” Кастусь Тарасаў:

(Тарасаў: ) “Газэта “Новы час” нікуды не падзелася. А выходзіць зрэдку, таму што гэтая беларускамоўная газэта выходзіць на ахвяраваньні беларускамоўных беларусаў. І калі гэтых ахвяраваньняў набіраецца дастаткова для выпуску нумару, тады яна выходзіць. А калі іх недастаткова, тады не выходзіць. І мы выключна залежым ад магчымасьцяў людзей ахвяраваць. Цяпер у нас ёсьць пляны на выпуск газэты, бо паколькі яе доўга не было, то ў людзей абуджаецца жаданьне, каб газэта ўсё ж выходзіла. І мы спадзяемся, што неўзабаве працягнем выпуск газэты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG