Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці спрацуюць пляны ураду ў вырашэньні дэмаграфічных праблем?


Радыё Свабода Беларускі ўрад зноў выказаў заклапочанасьць з нагоды кепскай дэмаграфічнай сытуацыі ў краіне. Днямі прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі сьледам за Аляксандра Лукашэнкам заявіў: трэба, каб кожная сям’я мела найменей трох дзяцей. Ці спрацуюць пляны ураду ў вырашэньні дэмаграфічных праблем?

Беларускіх жанчынаў трэба аздараўляць, каб яны чыста фізычна здольныя былі часьцей нараджаць дзяцей – такое меркаваньне выказвае прафэсар катэдры акушэрства й гінэкалёгіі Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі Іван Дуда. Найбольш актыўны рэпрадуктыўны ўзрост для жанчыны – ад 18 да 39 год. А беларускі, якія цяпер у гэтую ўзроставую групу трапляюць, моцным здароўем пахваліцца ня могуць.

(Дуда: ) “Да шасьцідзесяці адсоткаў маюць розныя экстрагенітальныя паталёгіі, то бок, розныя захворваньні: анэміі, хваробы сэрца, эндакрынныя захворваньні, дыябэт і шмат-шмат іншага”.

У жанчынаў зьніжаны імунітэт, таму й ня дзіўна, што да іх чапляюцца розныя хваробы. Каля 15 адсоткаў цяжарных жанчынаў маюць праблемы з выношваньнем, кожныя пятыя роды адбываюцца праз кесарава сячэньне. Са словаў спадара Дуды, гэта больш, чым павінна быць у норме.

Журналістка і дасьледчыца гендэрных праблемаў Натальля Кулінка зьвяртае ўвагу й на тое, што ў цяперашніх эканамічных умовах мець шмат дзяцей складана. Аднак недахоп грошай і жытла – ня самая галоўная прычына, празь якую беларусы ня хочуць актыўна пладзіцца.

(Кулінка: ) “Калі там у сямнаццатым стагодзьдзі было шмат дзяцей у сям’і, яны разглядаліся як работнікі, якія пачыналі працаваць ад дастаткова раньняга дзяцінства й такім чынам дапамагалі сям’і выжыць. Цяпер жа сама канцэпцыя – што такое дзіця ў сям’і – зьмянілася. Цяпер дзіця гэта ня сродак вытворчасьці, гэта наадварот тое, у што трэба ўкладаць”.

Выглядае на тое, што дзяржава глядзіць на дэмаграфічную праблему акурат з такіх, амаль сярэднявечных пазыцыяў, разважае спадарыня Кулінка. Як вядома, у Беларусі імкліва павялічваецца колькасьць пэнсіянэраў, а працаздольнае насельніцтва наадварот скарачаецца. Таму дзяржава зацікаўленая, каб цяпер нарадзілася паболей “работнікаў”, якія гадоў праз дваццаць будуць карміць армію састарэлых людзей.

Натальля Кулінка ня думае, што ў Беларусі дзеля падвышэньня нараджальнасьці пойдуць на забарону абортаў ці абмяжуюць продаж сродкаў кантрацэпцыі. Аднак пад маркай прапаганды традыцыйных сямейных каштоўнасьцяў на жанчынаў будуць псыхалягічна ціснуць, фармуючы ў іх пачуцьцё віны за нежаданьне мець дзяцей. Зрэшты, у вялікі дэмаграфічны ўздым у Беларусі спадарыня Кулінка ўсё адно ня верыць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG