Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гарадзеншчыне тэрарызуюць сяброў ініцыятыўнай групы Мілінкевіча


Радыё Свабода У Горадні і Мастах міліцыя правяла сёньня шэраг ператрусаў. У Ашмянах актывістаў з групы Мілінкевіча выклікаюць у пракуратуру.

Сёньня ў Мастах адбыліся два ператрусы: першы — у бацькоў Алеся Зарэмбюка — сябра ініцыятыўнай групы Мілінкевіча, другі — у сябра Алеся Зьміцера Кухлея. Падчас ператрусу дома знаходзілася маці Зьмітра, якой міліцыянты патлумачылі, што на вобшук ёсьць санкцыя ваўкавыскага пракурора, і ператрус робіцца ў сувязі з графіці, што зьявіліся у Ваўкавыску 5 лютага. Паводле Зьмітра Кухлея, міліцыянты забралі сыстэмны блёк кампутара, відэакасэты, кампакт-дыскі.

Каб даведацца падрабязнасьці другога ператрусу, наш карэспандэнт зьвярнуўся да Аляксея Кірылава, які рабіў вобыск у Зарэмбюка, але міліцыянт адмовіўся гаварыць на гэтую тэму.

***

Каля 18 гадзінаў у Горадні пачаўся ператрус ў кватэры, дзе жыве Яўген Скрабутан з ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча. Днямі яго аштрафаваў мастоўскі суд за каляндарыкі са здымкам А.Мілінкевіча, а сёньня Яўгену паведамілі, што яго праз гэта выключылі з Гарадзенскага ўнівэрсытэту, дзе ён вучыўся на 3-м курсе філялягічнага факультэту.

Ператрус цягам гадзіны праводзілі тры міліцыянты і чалавек у цывільным, які не захацеў прадставіцца.

Міліцыянты патлумачылі, што акцыя зьвязана з крымінальнай справай аб графіці у Ваўкавыску, і яны шукаюць балёнікі з фарбай, але знайшлі і забралі яны толькі адну налепку “Народ против диктатуры”. Паводле Яўгена, яны сказалі, што ў Горадні плянуюцца яшчэ некалькі ператрусаў.

Яўген паведаміў, што адначасова адбыўся вобыск на кватэры, дзе ён жыў раней і зь якой зьехаў тыдзень таму.

***

Сёньня ж двух сябраў ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча ў Ашмянах выклікалі ў раённую пракуратуру.

Позвы атрымалі Тацьцяна Клімовіч і Яўген Невядомскі. У іх гаворыцца, што яны павінны зьявіцца 16 лютага а 9-й гадзіне для высьвятленьня пытаньняў зьвязаных з правядзеньнем выбараў прэзыдэнта РБ.

Пётра Явідовіч, кіраўнік раённага штаба па збору подпісаў за Аляксандра Мілінкевіча, чакае, што позвы прынясуць усім сямі актыўным сябрам іх групы. Аб прычынах выкліку ён пакуль не здагадваецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG