Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка клапоціцца пра сацыяльную абарону беларусаў?


Радыё Свабода Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі Аляксандар Лукашэнка падпісаў шэраг сацыяльна скіраваных указаў і дэкрэтаў. У гэтых дакумэнтах загадваецца падвысіць пэнсіі й стыпэндыі, матэрыяльна падтрымліваць сем’і, што выхоўваюць дзяцей да трох гадоў, а таксама згадваецца шмат іншых сацыяльных палёгкаў. Як доўга пратрымаюцца гэтыя сацыяльныя льготы?

Напрыканцы мінулага году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб падвышэньні на 9% працоўных пэнсіяў. Ужо сёлета тэма сацыяльнай абароны насельніцтва была працягнутая новымі ўказамі і дэкрэтамі беларускага кіраўніка. 28 студзеня адпаведным распараджэньнем выдзелена 26 мільёнаў 600 тысяч рублёў на сацыяльную падтрымку здольных навучэнцаў і студэнтаў.

У лютым зьявілася некалькі сацыяльных указаў Аляксандра Лукашэнкі: “Аб выдзяленьні льготных крэдытаў на капітальны рамонт і рэканструкцыю жытла асобам, што жывуць у населеных пунктах з колькасьцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек”, “Аб узмацненьні матэрыяльнай падтрымкі сем’ям, што выхоўваюць дзяцей да трох гадоў”. Яшчэ адзін указ забавязвае з 1 лютага на 7% падвысіць усе віды дзяржаўных стыпэндыяў для студэнтаў і навучэнцаў. Адпаведна зь лютаўскім прэзыдэнцкім дэкрэтам, дазволена пакупка валюты фізычнымі асобамі без рэгістрацыі іх пашпартных зьвестак. Цэны на камунальныя паслугі ў студзені, фактычна, засталіся на ўзроўні сьнежня мінулага году, а плата за ваду не падвышалася зь лістапада 2005 году. Сёньня Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў, каб урад вырашыў праблему росту цэнаў на некаторыя віды харчоў і паслугаў.

Дзеля чаго ўсё гэта робіцца?

Ці гэта сапраўды клопат пра сацыяльную абарону людзей, ці перадвыбарчы крок уладаў? І ці доўга будзе захоўвацца такая сытуацыя? На гэтыя пытаньні адказвае вядомы беларускі эканаміст, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) “За два-тры месяцы да палітычнай кампаніі актывізуецца сацыяльная палітыка. Павялічваюцца пэнсіі, заробкі, растуць выплаты студэнтам. Безумоўна, усё гэта частка кампаніі, але так складаецца, што ўсё гэта добра супадае з палітычнымі падзеямі. Такім чынам, я думаю, што пасьля выбараў у нас вырастуць даўгі па зарплаце, будзе стагнацыя пэнсіяў і цягам паўгоду будуць падвышаныя цэны на жыльлёва-камунальныя паслугі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG